Апошні беларускі каляндар кампаніі “Будзьма”, які набыла “РГ”, выйграла разам з білетам у тэатр і музычным дыскам маладзечанка Людміла Гіль.

Друкуем яе адказы на нашы пытанні.

1. Ці варажылі вы? Распавядзіце сваю гісторыю.

– Варажыла на каве. Спачатку яе трэба зварыць. Потым, пакуль яна гарачая, зліць усю вадкасць. Пасля тры сталовыя лыжкі гушчы пакласці ў кубак для кавы і накрыць яго сподачкам. Перакуліць яго разам з кубкам, каб да сценак прыстала кава. Паставіць усё на стол. Затым наліць ў сподачак трохі вады і, узяўшы кубак, апускаць у талерачку тры разы. Калі грані посуду датыкаюцца (тройчы) казаць услых: “Пэўнасць, сяброўства і згода”. Калі ў апошні раз паднімеце кубак – трэба разгледзець яго знутры.

Тлумачэнні:

Жывёлы – весялосць, радасць, поспех, спаўненне жаданняў.

Вежа – вельмі добры знак.

Чалавечы цень – кажа аб прыемным спатканні.

Палацы прадказваюць магчымую беднату, а сціплае жыллё сведчыць аб багацці ў хуткім часе.

Дрэвы – перашкоды на шляху.

Густы лес – нечаканыя сваркі з блізкімі.

Рагатая жывёла – да хуткай дарогі.

Вароты – да вяртання сябра, прыезду гасцей.

Млын кажа аб хлусні ва ўзаемаадносінах з каханым.

Горы або ўцёсы прадказваюць нуду і сум.

2. Ці назіралі вы чараўніцтва ў звычайным жыцці?

– У Капылі я бачыла месцы, дзе язычнікі ўшаноўвалі сваіх багоў, прыносілі ім ахвяры. Называюцца гэтыя месцы святынямі ці капішчамі. Існаванне свяцілішчаў у раннім сярэднявеччы на Беларусі пацвярджаюць археалагічныя даследаванні. Размяшчаліся яны на ўзвышшах, астравах, на берагах рэк і азёр, сярод балот.

3. Чаму газета і тэатр не губляюць актуальнасці ў наш час?

– Мне здаецца, што нам ёсць сэнс павучыцца ў старэйшых спагадлівасці і ўзаемадапамозе, а таксама цярпенню, душэўнасці, дабраце, гатоўнасці прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну.

На мой погляд, калі чалавек становіцца старэйшым, на жыццё ён глядзіць зусім іншымі вачыма. А галоўнае – у яго ёсць час перагледзець многія жыццёвыя каштоўнасці і сканцэнтравацца на галоўным, што не заўсёды могуць маладыя людзі. Таму, каб пазбегнуць многіх памылак у жыцці, варта прыслухоўвацца да слоў старэйшага пакалення.

У газеце заўсёды шмат навінак пра жыццё. А ў тэатр калі прыходзіш – душа адпачывае.

Аддзел інфармацыі.

Фота Настассі РОЎДЫ.