Віншаванні ад цэнтра сацабслугоўвання 26 снежня прымалі сем’і, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю.

Снягурачка (псіхолаг Маладзечанскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Камісарук) і Дзед Мароз (дырэктар дзіцячай мастацкай школы Алена Кучко) наведалі сем’і, якія сёлета актыўна і адкрыта ўдзельнічалі ў клубе “Мы разам”.

Дзеці сустракалі гасцей у прыгожых касцюмах. Хлопчык Арсень нават апрануў касцюм маленькага Дзядка Марозіка. Разам са Снягурачкай яны гулялі ў гульні, а Дзед Мароз глядзеў, ці старанна прыбіралі ёлку.

У многіх сем’ях было некалькі дзяцей, і ўсе яны, нават школьнікі, сустракалі казачных персанажаў з захапленнем. І ўжо ў другую чаргу радасць выклікалі падарункі.

Клуб дапамагае прыняць і змагацца

Клуб “Мы разам” працуе пры цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва. Яго наведваюць бацькі, дзеці якіх да пяці год маюць інваліднасць.

Удзельнікі клуба збіраюцца разам раз на месяц і атрымліваюць юрыдычную кансультацыю, па санаторна-курортным лячэнні, а таксама падтрымку псіхолага. Бацькі дзеляцца каштоўным досведам, як яны праходзілі розныя працэдуры.

Маладзечанскі цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва знаходзіцца па вуліцы Таўлая, 4. Тэлефон псіхолага Алены Камісарук, арганізатара клуба “Мы разам”, – 8(0176) 74-66-20.

Арганізатар клуба Алена Камісарук раіць прымаць удзел бацькам, як толькі яны даведаліся пра інваліднасць. Сумесныя заняткі дапамогуць прыняць праблему, а толькі прыняўшы яе, магчыма пачаць вырашаць.

− Важна ўсведамляць, што ваша дзіця роўнае з іншымі, толькі мае пэўныя асаблівасці, − адзначае псіхолаг. − Дзіця трэба развіваць, займацца з ім, і тады здароўе паляпшаецца. Многім дзецям праз пэўны час здымаюць інваліднасць, але гэта шлях, які трэба прайсці разам.

Ахвотныя ўдзельнічаць у клубе могуць звяртацца да Алены Камісарук.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.