А таксама, чаго чакаюць маладзечанцы ад 2014 года, у адказах ніжэй
Андрэй Абуховіч, працуе на “Белтэлекаме”:
− Асабліва нічым не запомніўся, сярэдненькі такі быў год. Нічым не горшы, нічым не лепшы за папярэднія. Ад надыходзячага года чакаю перш за ўсё фінансавых паляпшэнняў. Можа, што ў сям’і зменіцца ў лепшы бок.
Павел Стужынскі, ратавальнік:
− Не тое, каб самае добрае, але самае запамінальнае было тое, што я з’ездзіў у гэтым годзе на Камчатку. Акрамя гэтага, набылі з дзяўчынай камод. У 2014-м хачу атрымаць вадзіцельскае пасведчанне.
Сняжана Гудзько, студэнтка:
− Чаго чакаю ад будучага года? А калі скажу, жаданне спраўдзіцца? Тады хачу пачуць прапанову ад каханага чалавека. Год запомніўся тым, што ездзіла ў дзіцячы лагер у Туапсэ. А і дрэннае было! Упершыню за чатыры гады атрымала пераздачу па заліку.
Алена Барташэвіч, пенсіянерка:
− Ды нічога добрага не было. З кожным годам усё горш і горш. Вы, дзяўчаты, маладыя, вам не зразумець. У 2014-м чакаю, што паднімуць пенсію, дзеці будуць працаваць, а ўнук будзе добра вучыцца.
Сяргей Войніч, будаўнік:
− Рамонт скончыў. Цэлы год рабіў рамонт адзін, і вось ён завершаны. А ў наступным годзе чакаем з жонкай папаўнення ў сям’і.
Ала Андропава, палкоўнік у адстаўцы:
− Год быў цудоўны і багаты на перамены. Я змяніла імідж, пераехала ў новую кватэру. А 2014 год будзе маім годам. Таму чакаю, што перамены ў маім жыцці яшчэ будуць. Асабліва хочацца змен у асабістым жыцці.
Карына Міжыгурская, палітолаг:
− У гэтым годзе скончыла інстытут. Так сказаць, уступіла нарэшце ў дарослае жыццё. У 2014 годзе мару сустрэць сваю другую палавінку, нармальную ўрэшце. Абзавесціся сям’ёй. І, канешне ж, павелічэнне заробку.
Падрыхтавалі Наталля ТУР, Настасся РОЎДА.