Штогод напярэдадні Новага года Вілейскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праводзіць навагоднія ранішнікі, у тым ліку і дабрачынныя.

У канцы снежня адбылася сустрэча дзяцей з Дзедам Марозам і Снягуркай, а таксама казачнымі Вядзьмаркай і Чорцікам у педыятрычным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы. Салодкія прызы для дзетак забяспечыў наш цэнтр, а мяккія цацкі – раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр.

Творчы калектыў з ліку педагогаў і навучэнцаў цэнтра дадатковай адукацыі паказаў каля навагодняй ёлкі прадстаўленне па матывах казкі “Снежная Каралева” для выхаванцаў раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, аддзялення дзённага знаходжання дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў “Ластаўка”, членаў раённага таварыства інвалідаў дзяцінства.

Таксама Дзед Мароз і Снягурка наведалі дамы, дзе жывуць дзеці-інваліды. Падарункі для іх падрыхтавалі піянеры падчас правядзення раённай дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”.

У студзені калектыў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі працягне шэраг дабрачынных навагодніх і калядных акцый. Плануецца наведаць 11 студзеня Куранецкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў з дабрачыннай праграмай “Калядкі – добрыя святкі”, 14 студзеня ў рамках пасяджэння клуба для дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў “100 сяброў” адбудуцца “Калядныя сустрэчы”.

Наталля РЫЖЭВІЧ,

намеснік дырэктара Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Фота забяспечана Наталляй РЫЖЭВІЧ.