Напярэдадні новага года ў маладзечанскай гімназіі №№3 прайшоў конкурс на лепшую кармушку.

Паводле слоў дырэктара гімназіі №3 Віталя Крупянькова, такой творчай разнастайнасці яшчэ не было: у выглядзе хатак, альтанак, рукзакоў, а адна дзяўчынка зрабіла кармушку ў выглядзе японскай хаты.

Конкурс праводзіўся сярод дзяцей 1-11 класаў, але больш яскрава праявілі сябе малодшыя вучні.

Такое мерапрыемства ў гімназіі ладзіцца штогод. Летась першыя месцы аддалі тым дзецям, якія рабілі кармушкі па адпаведных стандартах.

Сёлета меркаванне журы падзялілася. Першыя месцы дзеці атрымалі за арыгінальнасць кармушак.

− У журы заўсёды прысутнічае арнітолаг Дзмітры Халадзінскі і адміністрацыя школы, − кажа Віталь Крупянькоў. − Дзмітры Дзмітрыевіч заўсёды глядзіць на плошчу і вышыню кармушкі.

− Мы з татам зрабілі кармушку як заплечнік, − распавядае пасля атрымання дыплома вучань другога класа Андрэй Шаўчэнка. − Змайстравалі ў ёй рознага памеру адтуліны, каб змагла заляцець і вялікая, і маленькая птушачка.

– А ў мяне тата зрабіў кармушку за адзін дзень, усе матэрыялы для яе ён знайшоў дома, − кажа дзевяцігадовая Вера Яблонская.

А самай малодшай пераможцы Машы Рогач кармушку дапамагалі рабіць тата з сястрой. Пафарбавалі ў жоўты колер,  размалявалі рознакаляровымі птушачкамі.
За першыя месцы Дзмітры Халадзінскі падарыў шчыгла і чыжа, а астатнія дзеці ўзнагароджаныя дыпломамі.

Вольга ЮРКЕВІЧ.

Фота Вольгі ЮРКЕВІЧ.