У сераду, 8 студзеня, адбылося лёсаванне Нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу песні “Еўрабачанне-2014”, паведамляе tvr.by. Спявачка Дарыя (Дар’я Урызчанка) выступіць у фінале пад нумарам “шэсць”.

Фінал Нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу песні “Еўрабачанне-2014” адбудзецца 10 студзеня. Шоу пачнецца ў 22.00 і будзе транслявацца Белтэлерадыёкампаніі ў прамым эфіры на тэлеканалах “Беларусь 1” і “Беларусь 24”, а таксама ў рэжыме aнлайн на сайце ЕВС www.eurovision.tv.

У мінулым годзе Дарыя таксама выступала ў фінале нацыянальнага адборачнага тура “Еўрабачання”.

Дар’я нарадзілася ў горадзе Слуцку. Затым разам з бацькамі пераехала ў Вілейку. З пяці год займалася харэаграфіяй, марыла стаць балерынай, а ў сем паступіла ў музычную школу, паведамляецца ў яе біяграфіі.

Паралельна дзяўчынка вучылася ў матэматычным класе, але пазней сканцэнтравалася выключна на музыцы і пасля заканчэння музычнай школы паступіла ў Маладзечанскае музычнае вучылішча.

У 2000 годзе Дар’я Урызчанка заваявала Гран-пры рэгіянальнага конкурсу эстраднай песні “Адна зямля”.


Аддзел інфармацыі.

Фота vk.me