Цяпер ракаўскія могілкі пад аховай дзяржавы.

Грамадзянская ініцыятыва праз зборы подпісаў дамаглася рэальных вынікаў.

− Знішчэнне старых ракаўскіх могілкаў 19 стагоддзя спыненае! − пачынае зварот да ўдзельнікаў ініцыятывы арганізатар збору подпісаў даследчыца гіста­рычных могілкаў Воль­га Сямашка. − Вашы сто подпісаў прынеслі не адпіску, а грунтоўную справаздачу ад Валожынскага райвыканкама і рэальны зрух справы. Ужо ўвесну мы распачнём валанцёрскую пашпартызацыю могілак. Запрашаем далучацца і просім кожнага звярнуць ўвагу на стан захавання старых могілкаў у сваім населеным пункце.

– Гэта добра, што ёсць такія нераўнадушныя людзі, – каментуе сітуацыю Наталля Лоўчая, дырэктар Валожынскага раённага краязнаўчага музея. ­– Адназначна гэтая ініцыятыва мае добрае і важнае значэнне.  Раз могілкі набылі статус гісторыка-культурнай спадчыны, то наша справа – захаваць іх. Калі не мы, то хто? Заўвагі, якія былі напісаныя ў звароце, слушныя і своечасовыя. Гэта не значыць, што могілкі дагэтуль не даглядалі наогул. Каля галоўнага ўвахода была шыльда, на якой напісана, што хаваць людзей нельга. Але ўваходаў некалькі, таму нават не кожны б прачытаў гэтыя радкі. Ракаў недалёка ад Мінска, і некаторыя сапраўды лепш пахаваюць сваякоў на гэтых могілках, зыходзячы з эканамічнага пункту гледжання: каб не плаціць за месца. Нават па прозвішчах відаць, што новыя пахаваныя не з нашых мясцін. У дзень, калі мы прыехалі на могілкі з камісіяй, там хавалі чалавека. Цяпер жа з’явіцца агароджа, паставім стэнды з інфармацыяй пра забарону пахаванняў. Вельмі добра, што з’явіцца пасада ўпраўляючага могілкаў. Калі ёсць адказны чалавек – гэта многае значыць.

З адказу райвыканкама:

Па факце пашкоджання гісторыка-культурнай каштоўнасці 19 стагоддзя “Комплекс старых праваслаўных могілкаў 19 стагоддзя” 23 снежня 2013 года была створаная камісія ў складзе:

Марыны Ёды – старшыні Валожынскага раённага Савета дэпутатаў;

Валеры Пяркоўскага – пракурора Валожынскага раёна;

Анатоля Аліева – начальніка аддзела ЖКГ Валожынскага райвыканкама;

Вікенція Адамовіча – начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама;

Наталлі Лоўчай – дырэктара Валожынскага раённага краязнаўчага музея;

Аляксандра Мякінкі – старшыні Ракаўскага сельвыканкама.

У ходзе праверкі камісія выявіла:

уласнік – Ракаўскі сельвыканкам − падпісаў у 2011 годзе ахоўнае абавязацельства і праект зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Тым не менш, маюць месца факты парушэнняў правілаў утрымання дадзенага аб’екта ў належным стане. Пацвердзіліся факты новых пахаванняў на месцах, дзе раней былі старыя надмагіллі (пахаванні не мясцовых жыхароў, а несанкцыянаваныя пахаванні жыхароў Мінска). Старыя надмагіллі не вывозілі, а адсоўвалі ў бок новых пахаванняў.

Камісія распрацавала меры для выпраўлення сітуацыі:

Устанавілі ахоўную дошку на аб’екце гісторыка-культурнай каштоўнасці. Рыхтуюць інфармацыйныя дошкі аб забароне хаваць тут памерлых, якія ўстановяць па перыметры могілак. Правялі мерапрыемствы па добраўпарадкаванні тэрыторыі могілак.

У самы бліжэйшы час службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўвядуць пасаду ўпраўляючага могілкаў.

Разглядаецца пытанне аб ізаляванні тэрыторыі старых могілкаў ад новых пахаванняў (магчыма, установяць агароджу).

У адпаведнасці з Генеральным планам будаўніцтва аграгарадка Ракаў распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя пад месца для новых пахаванняў.

Старшыні Ракаўскага сельвыканкама Аляксандру Мякінку і дырэктару ЖКГ Валожынскага раёна Аляксандру Каваленку ўказалі на адказнасць у адпаведнасці з артыкулам 48 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, глава 19 “Адміністрацыйныя правапарушэнні ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны” Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Даведка РГ. Ракаўскія праваслаўныя (уніяцкія) могілкі. Размешчаныя непадалёк ад трасы Мінск-Гродна ля новых праваслаўных могілкаў на пагорку. Уваход на могілкі абазначаны старой цаглянай брамай, упрыгожанай пяццю ўкарочанымі лапчатымі крыжамі.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота niekropali.by.