Наша жыццёвая мітусня нарастае пад Новы год.

Але прыходзіць тое імгненне, і мы міжволі ператвараемся ў дзяцей, зноў і зноў хочам пагуляць у хованкі са сваім сынам ці дачкой або змайстраваць з імі нешта незвычайнае, таемнае, навагодняе.
Ужо не першы раз сустракаем Новы год без снегу. А дзецям так хочацца пакатацца на санках і лыжах, зляпіць снежную бабу, пабудаваць замкі са снегу.

Вось удзельнікі гурткоў “Арыгамі” і “Умелыя рукі” і паспрабавалі сваімі работамі запрасіць зіму ў госці. “Снежны квілінг” – так назвалі выставу прац з паперы. Глядзіш на іх і здзіўляешся задумам вучняў: якія прыгожыя сняжынкі, ёлачкі, упрыгожванні да навагодняга свята. Ёлачкі лясныя ў снезе, ёлачкі навагоднія з упрыгожваннямі, ёлачкі, ёлачкі… А якія гурбы снегу каля лесу! Здаецца, дзе яны бачылі столькі снегу!

Нельга прайсці спакойна і каля выставы “Калядныя матывы”. Тут і снежная баба з белых нітак і з паперы, і ёлачныя цацкі, і сама каралева-ёлачка.  Дзіцячай фантазіі няма межаў! Усімі сваімі працамі вучні гімназіі №1 “Логас” як быццам клічуць у госці да сябе Зіму, якая нешта затрымліваецца і не радуе нас сняжком. Той, хто пабываў на трэцім паверсе гімназіі, надоўга запомніць феерверк зімовых уражанняў ад работ вучняў малодшых класаў.

Алена МАЧЭЛЬ, Вілейка.
Фота забяспечана аўтарам.