Атрымальніка крэдыту выселілі з тымі, хто жыў разам з ім.

Суд па гэтай справе разглядалі летась.

Паміж банкам і грамадзянінам А. заключылі дагавор аб закладзе дома. Такім чынам банк забяспечваў своечасовую выплату крэдыту, які выдаў для А.

Аднак крэдыт своечасова не выплачваўся. Таму, паводле пастановы суда, накіравалі спагнанне на дом і прадалі яго на таргах новаму гаспадару Б. Новы ўласнік прапанаваў добраахвотна вызваліць ужо яго дом, але папярэдні ўласнік адмовіўся.

Б. звярнуўся ў суд, каб прымусова выселіць А. і тых, хто жыў з ім разам. Суд задаволіў просьбу і пастанавіў А. выселіцца без давання новага жылля.

Гэту пастанову былы ўласнік абскардзіў у судзе, аднак касацыйная інстанцыя пакінула рашэнне суда без змяненняў.

Калі пазычаеце, думайце, як аддаваць

Гэты прыклад папярэджвае: перш чым звярнуцца ў банк па крэдыт, у тым ліку на набыццё жылля, дасканала пралічыце свой бюджэт і толькі тады пагаджайцеся на дамову.

Невыкананне крэдытных абавязацельстваў заўсёды цягне за сабой негатыўныя наступствы, аж да высялення.

Высяляюць, не даючы новае жыллё

Новы Жыллёвы кодэкс, які ўступіў у сілу летась у сакавіку, замацаваў палажэнне, паводле якога ў выніку спагнання на жылое памяшканне, якое ў банкаўскім закладзе, права ўласнасці і права карыстання спыняецца з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі правоў уласнасці. Выключэнне − грамадзяне, якія маюць права пажыццёвага карыстання закладзеным домам па завяшчальнай адмове.

Паводле 87 артыкула, пасля спынення права ўласнасці гаспадар разам з тымі, хто жыве з ім, павінны выселіцца без давання ім новага жылля. Такое высяленне можа праходзіць добраахвотна, у выніку адмовы пытанне вырашае суд.

Дзяніс ГІРЛОЎСКІ, памочнік пракурора Маладзечанскага раёна.

Фота belfamily.by.