Чым пісалі нашы прабабулі, а чым пішам мы? Ад з’яўлення пяра да паходу ў сённяшнюю краму канцылярскіх тавараў.

Адно з галоўных пытанняў, якое паўстае, калі мы вырашаем набыць ручку, – гэта якую выбраць: пёравую, гелевую ці шарыкавую?

Пёравая

Менавіта гэтымі ручкамі карысталіся на працягу некалькіх стагоддзяў. Галоўная прычына ў тым, што, нягледзячы на сваю архаічнасць, яны застаюцца самымі прэстыжнымі.

Якімі б зручнымі, практычнымі і дасканалымі ні былі новыя мадэлі, пёравыя ручкі застануцца даволі папулярнымі яшчэ доўга. Чаму?

– Пёравая ручка надае чалавеку стыльнасць, прыгажосць, – лічыць навучэнка маладзечанскага музкаледжа Наталля Завадская. – З ёй чалавек выглядае куды лепш, чым з якой-небудзь наварочанай, дзе на канцы боўтаецца цацка. Ды і почырк куды прыгажэйшы.

Пяро прыйшло ў наш “клавіятурны век” з далёкага мінулага, але з тых часоў цалкам змяніла свой выгляд.

Першае сталёвае пяро ў 1748 годзе вынайшаў Ёханэс Янсэн (Johannes Janssen). У 1842 годзе нямецкая фірма Heintze&Blanckertz пачала прамысловую вытворчасць пёраў для пісання.

Вось што прыгадала мая бабуля Люся:

– Калі я хадзіла ў школу, а гэта былі пасляваенныя гады, мы пісалі толькі пёравымі ручкамі, бо іншых не існавала.

У кожным класе  ў спецыяльнай самаробнай драўлянай скрыначцы стаялі чарнільніцы, у якія мачалі пёры. Кожную раніцу дзяжурны раздаваў усім вучням па адной на парту.

У парце была зробленая спецыяльная круглая выемка, у якую ставілі чарнільніцу. Яшчэ дзве прадаўгаватыя – для ручак. Каб не вымазаць парту чарніламі, кожны вучань павінны быў мець чыстапёрку.

– А з чаго рабілі гэтую чыстапёрку?

– Чыстапёрку вучань майстраваў сам, з двух альбо болей кружкоў тканіны, якія пасярэдзіне змацоўваў невялікім гузікам. Тканіну стараліся падбіраць з сукна.

Перад тым, як пакласці ручку на парту, вучню трэба было выцерці пяро аб чыстапёрку. На парце пад ручку таксама падкладалі тканіну.

– Колькі відаў пёраў існавала ў той час?

– У продажы пёры былі двух відаў: “Зорачкі” і “Сухоцкія”. Першыя прызначаліся для вучняў, а другія – для работнікаў устаноў. Школьнікам карыстацца “Сухоцкімі” забаранялася. Лічылася, што імі яны псуюць свой почырк.

Сама ручка складалася з двух частак: драўлянай асновы і металічнага наканечніка, у якім замацоўвалася пяро. Звычайна ручкі былі цемна-зялёнага колеру. У дзяржаўных установах (на фотаздымку) існавалі спецыяльныя чарнільныя прыборы.

– Якія лепш: былыя пёравыя ці сучасныя шарыкавыя?

– Зразумела, шарыкавыя ручкі зручнейшыя. Аднак почырк прыгажэйшы, калі пішаш пёравай.

Цяпер пёравыя ручкі пазбаўленыя практычна ўсіх недахопаў сваіх папярэдніц. Яны ніколі не паставяць кляксы, не працякуць  ў кішэні пінжака, не падвядуць у адказны момант і не падрапаюць паперу. Іх не трэба мачаць у чарнільніцу. І галоўнае – яны так мякка слізгаюць па паперы, што рука не стамляецца ад доўгай пісаніны.

Гелевая

Апытаўшы больш за паўсотню навучэнцаў музкаледжа, стала зразумела, што гелевая – не лепшы варыянт.

 – У паўсядзённым карыстанні я не лічу за лепшую гелевую ручку, таму што яна размазваецца на паперы і ўвесь час вымазваеш рукі, – кажа навучэнка чацвертага курса музкаледжа Ірына Макарэвіч. – Карацей, заўсёды пісаць ёй нязручна. Часам падпісваю паштоўкі, падкрэсліваю важнае ў канспектах і выдзяляю ключавыя словы. Так прыгажэй. Перавагу ж аддаю звычайнай шарыкавай ручцы.

Шарыкавая

Вынаходніцтва шарыкавай ручкі нашмат палегчыла жыццё тым, хто па роду сваёй дзейнасці вымушаны шмат пісаць. Такія ручкі не патрабуюць запраўкі чарніламі і спецыяльнага догляду, стрыжні лёгка мяняюцца і, што самае галоўнае, шарыкавыя ручкі – самыя танныя.

У іх не вадкае чарніла, як у пёравых, а густая чарнільная паста на алейнай аснове. Яна самая эканомная і практычная.

У шарыкавай ручцы для пісання выкарыстоўваецца шарык, які круціцца ў сваім гняздзе. Ён збірае чарніла, якое сцякае праз спецыяльныя каналы розных формаў і памераў.

Крамы нам прапануюць самыя розныя ручкі: аўтамат і не аўтамат, з цацкамі і без, празрыстыя і не празрыстыя, з металам альбо толькі з пластыку.

Кошт на іх таксама вагаецца. Можна набыць за дзве тысячы, а можна – за мільён і дзве. Ёсць сусветна вядомыя фірмы, якія выпускаюць ручкі. Там на іх кошт пачынаецца дзесьці ад 150 тысяч. Можна на ручках зрабіць гравіроўку альбо аздобіць каштоўнымі металамі. Усё залежыць ад таўшчыні кашалька.

У выбары прасочваюцца тэндэнцыі

Стрыжні любой ручкі карыстальнікі мяняць не вельмі любяць.

– Накупіш стрыжняў, а ручка зломіцца ці наогул згубіцца. Так і ляжаць непатрэбнымі, – найчасцей чуў я ў адказ.

Важную ролю пакупнікоў адыгрывае колер і дыяметр лініі пісання ручкай. Чорнаму колеру аддаюць перавагу хлопцы і мужчыны, а вось дзяўчаты і жанчыны прытрымліваюцца звычайнага сіняга.

А вось тонкім стрыжнем любяць пісаць амаль усе.

Даведка “РГ”. Прынцып дзеяння шарыкавай ручкі запатэнтаваў у 1888 годзе ў ЗША Джон Лауда. Сучасную шарыкавую ручку вынайшаў венгерскі журналіст Ласло Біро ў 1938 годзе. У СССР шарыкавыя ручкі атрымалі распаўсюджанне ў канцы 1960-х гадоў, пасля таго як восенню 1965 года пачалася іх масавая вытворчасць на швейцарскім абсталяванні.

Аляксандр ДЗЯМІДЧЫК, школка журналістыкі пры рэдакцыі “РГ”.

Фота забяспечана Аляксандрам ДЗЯМІДЧЫКАМ, fotokanal.com, images.spasibovsem.ru, verbena-tour.ru.