Маладзечанец Ягор Жыхараў доўгі час захапляецца космасам. Нашай газеце ён распавёў пра сваё знаёмства з касманаўтам Алегам Навіцкім і пра тое, як здымкі Маладзечаншчыны, што зрабіў Алег, трапілі на арбіту.

− Космас – маё даўняе захапленне. Ну хто з нас у дзяцінстве не марыў быць касманаўтам? Калі я даведаўся, што беларус Алег Навіцкі залічаны ў атрад касманаўтаў, я стаў пільна сачыць за падрыхтоўкай Алега да палёту.

Фота Маладзечаншчыны – у космас

− Жонка Алега Навіцкага, Юлія Навіцкая, увесь час, пакуль муж быў у космасе, вяла свой блог у інтэрнэце. Аднойчы яна напісала, што Алег у космасе марыць пабачыць фотаздымкі менавіта беларускага лесу. Мінулай зімой я якраз хадзіў на лыжах па ваколіцах Маладзечна, зрабіў фотаздымкі і перадаў праз Юлію Алегу. Як потым прызнавалася Юлія, для Алега было вельмі важным тое, што гэтыя фотаздымкі зробленыя на ягонай роднай беларускай зямлі.

− Алег Навіцкі наш зямляк?

− Алег нарадзіўся і вырас ў Чэрвені, потым паехаў у Расію, але пры кожнай магчымасці прыязжае да сваёй маці, якая па-ранейшаму жыве ў Чэрвені. На Маладзечаншчыне Алег пакуль не быў, але на сустрэчы, якая адбылася першага лістапада ў Мінску, я запрасіў яго да нас. Хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе Алег наведае наш край.

− Ці падзякаваў вам Алег Навіцкі за фотаздымкі?

− У той жа дзень, калі касманаўт пабачыў фотаздымкі, Алег папрасіў Юлію перадаць мне прывітанне. А пасля, калі мы сустрэліся з Алегам, ён падарыў мне фотаздымак з аўтографам.

− Распавядзіце, калі ласка, як вы асабіста пазнаёміліся з Алегам Навіцкім.

− Першая наша сустрэча адбылася 21 чэрвеня 2012 года ў Нацыянальным мастацкім музеі на выставе знакамітага беларускага скульптара Івана Міско, які лепіць бюст Алега Навіцкага. На гэтай жа сустрэчы я запрасіў Алега наведаць з візітам мінскі планетарый і музей авіяцыі на Баравой.

− Ці расказваў вам Алег, як касманаўты праводзяць час у космасе?

− Экспедыцыя ў космасе, у якой быў Навіцкі, доўжылася паўгода. Вядома, гэта вельмі цяжка.  Касманаўты звязваюцца з псіхолагамі, існуе там і прыватная лінія для сувязі з сям’ёй. Акрамя таго, у касманаўтаў ёсць магчымасць выходзіць у інтэрнэт, у іх ёсць свае старонкі ў “Аднакласніках”, ў “Фэйсбуку”. Была ў той экспедыцыі і гітара, на якой іграў адзін з касманаўтаў. 2013 год сустракалі ў космасе. Была там і ўпрыгожаная яліначка, і шкарпэткі для падарункаў. Усё як на зямлі, толькі ў бязважкасці.

Беларусь можна разгледзець з космасу

− Што для вас самога было дзіўным з таго, што даведаліся пра космас ад Алега ці наогул?

Самае цікавае тое, што з арбіты міжнароднай касмічнай станцыі, якая ляціць з хуткасцю 28 тысяч кіламетраў у гадзіну на вышыні 400 кіламетраў можна разгледзець, па расказах касманаўтаў, паверхню нашай планеты з дапамогай фотатэхнікі. Літаральна відаць хвалі на ўзбярэжжы Новай Зеландыі. Зачароўваюць  шматлікія маланкі і палярныя ззянні. На сайце www.stormway.ru. можна ў рэальным часе назіраць, што адбываецца на касмічнай станцыі.

Над нашай краінай яна пралятае ў раёне шасці-сямі раніцы і ўвечары пасля сямі гадзін. Так што, калі моцна захацець, можна ўбачыць Беларусь з космасу.

− Я ведаю пра тое, што вы ладзілі з Алегам Навіцкім сустрэчу ў Мінскім планетарыі. Распавядзіце пра яе. З якой нагоды яна праводзілася?

У канцы кастрычніка мне прыйшоў ліст з Зорнага Гарадка ад Алега з прапановай сустрэцца з аматарамі астраноміі ў Мінскім планетарыі і таксама вельмі хацелася  пазнаёміцца з музеем авіяцыйнай тэхнікі на Баравой . Для мяне тады пачаўся хвалюючы тыдзень арганізацыйных мерапрыемстваў. Бо для мiнскага планетарыя гэта была сапраўды гістарычная сустрэча з касманаўтам, які некалькі месяцаў таму,у сакавіку, толькi вярнуўся з космасу!

1 лістапада ў 15 гадзін 22 хвіліны я сустрэў Алега і Юлію Навіцкіх ў парку Горкага. Разам з ім прыехаў народны мастак Беларусі Іван Міско, які рыхтуе скульптурны праект для алеі на вуліцы касманаўтаў у Мінску. Алег Навіцкі прыехаў у сваім лётным касцюме з шэўронамі місій 33 і 34 экспедыцыі. Алег  і Юлія Навіцкая вельмі адкрытыя і добрыя людзі, якія жывуць і працуюць разам з героямі і заваёўнікамі космасу. Алег, на мой погляд, і па характары, і па любові да малой радзімы – cапраўдны беларус. Ён казаў, што касманаўт можа і павінен быць прыкладам таго чалавека, які можа нарадзіцца нават ў маленькім мястэчку і дасягнуць у сваёй прафесіі вяршыняў. Алег Навіцкі распавёў нам, што прайшоў новую камісію і яго наступны палёт можа адбыцца праз 2 гады.

Калі Алег Навіцкі пакідаў планетарый, над паркам Горкага гучала песня “Трава ў дома”. Мне падалося гэта невыпадковым.  

− Ці працягваеце вы цяпер знаёмства з Алегам? Калі размаўлялі апошні раз?

Я віншаваў ў кастрычніку Алега з днём нараджэння. Часам дасылаю Алегу фота з Беларусі. Напрыклад, здымкі са 100 гадовага юбілею ваеннага аэрадрома ў Лідзе. Галоўнае для мяне − гэта прыцягнуць увагу да касманаўтыкі і астраноміі нашу моладзь. У апошні раз, але ў авіяцыі прынята казаць крайні, я размаўляў з Алегам другога лістапада, гаварылі мы з ім пра музей авіяцыі.

− А Маладзечаншчыну працягваеце здымаць? Ці ёсць шанец маладзечанскім фотаздымкам трапіць у космас яшчэ раз?

Канешне, і працягваю здымаць, і спадзяюся на тое, што здымкі трапяць у космас. Бо ўсё толькі пачынаецца!

Наталля ТУР.

Фота забяспечана Ягорам ЖЫХАРАВЫМ.