Да нас у рэдакцыю звярнуўся бацька аднаго з вучняў СШ №14. Менавіта з чэргамі ў маўзалей ён параўнаў чэргі, якія збіраюцца ля школы па раніцах. Віной гэтаму ўсталяваныя турнікеты.

Раніцай чарговага працоўнага дня, 15 студзеня, падыходжу да школы. На ганку насамрэч натоўп. Першакласнікі тузаюць сваіх мам за рукі і задаюць толькі адно пытанне: “Мам, а ты картку ўзяла, не забылася?”

Мамы даводзяць дзяцей да турнікету, укладаюць картку ў руку, затым падыходзяць да вокнаў школы і, прыклаўшы рукі да шыбы, глядзяць туды, быццам у акварыум.

Нейчы бацька хваліцца астатнім:

− Во, мой нарэшце прайшоў.

Затым, плюнуўшы на ганак, адыходзіць, хаваючы замерзлыя рукі ў кішэні. Заўважаючы мяне з фотаапатарам, спыняецца на хвілінку, разгублена ўсміхаецца, паціскае плячыма і кажа: “Ідыятызм нейкі”.

Натоўпу на ганку менш не становіцца, а між іншым, на гадзінніку ўжо 7.56.

Спыняю яшчэ аднаго бацьку, якому пашчасціла да званка перадаць сваё дзіця ў рукі настаўнікам. Віктар гаворыць:

− Мы цяпер выходзім раней. Вырашылі, што, калі прыйсці раней, можна хутчэй прайсці праз турнікеты. Дзе там! За 20 хвілін да пачатку ўрокаў чарга была аж да стадыёна.

На гадзінніку без адной хвіліны восем. На ганку сустракаюцца, відаць, два аднакласнікі, вучні класа 9-10.

− Ты што, у школу?

− Так.

− Дык тут яшчэ чалавек дзесяць. Можа, ну яе?

− А ў цябе дома хтосьці зараз ёсць?

− Не.

− Тады да цябе?

− Пайшлі.

І дзве постаці растварыліся ў шызай ранішняй імгле…

Падыходжу на дзвюх мам.

− Адна, хаваючыся ад камеры, проста адказвае: “Пажывём-пабачым”.

Маці другакласніка Юлія пагаджаецца распавесці, як ставіцца да ўвядзення ў школах прапускной сістэмы:

− Такія ранішнія чэргі − гэта кашмар. Мы жывём ад школы ў пяці хвілінах хадзьбы. Але мусім выходзіць за пятнаццаць. Зараз ужо дзявятая гадзіна, а дзіця толькі выйшла з гардэроба. Яшчэ адзін мінус − гэта карткі. У партфель яе не пакладзеш. Бо яна не спрацуе. Трэба класці дзіцяці ў кішэню. Не дай бог яна згубіцца, тады што? Я лічу, што гэта непатрэбны галаўны боль. Ну калі гэта выратуе нашых дзяцей ад чагосьці, то добра. Але трэба шукаць іншы падыход.

Сітуацыю пракаментавала намесніца начальніка Маладзечанскага аддзела адукацыі Соф’я Філістовіч:

− Ніякай праблемы тут няма. Сістэма толькі пачала працаваць. Тыдзень-другі, і ўсё ўвойдзе і звыклае рэчышча. Дайце час дзецям прызвычаіцца да картак.

Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР.