Пра сабак-чэмпіёнаў свету, пра ўдзел у выставах і даглядзе за пародзістымі “чатырохногімі сябрамі” у размове з адным з кіраўнікоў грамадскага аб’яднання аматараў жывёл “Вікторыя” Таццянай Ляўчук.

Таццяна, колькі людзей і сабак сёння аб’ядноўвае ваш клуб?

− Клуб “Вікторыя” існуе дзесяць гадоў. Сёння нас, аматараў сабак, больш за 100 чалавек. Але і колькасць сабак, і колькасць людзей вагаецца. Нехта адыходзіць ад “сабачых цікавасцей”, нехта, наадварот, пашырае сваё кіналагічнае захапленне і адкрывае свае ўласныя гадавальнікі. 

Ёркшырскі тэр’ер – самая папулярная парода сабак у маладзечанцаў

Самая папулярная парода ў нас у горадзе якая?

Безумоўна – гэта ёркшырскі тэр’ер. Я думаю, што пальму першынства ў іх не хутка хтосьці адбярэ. Гэта маленькія сабачкі з сэрцам льва. Усё ж такі, галоўнае  слова ў назве пароды – тэр’ер. Я думаю, што іх энергія, вясёлы нораў,запал і азарт робяць іх хатнімі ўлюбёнцамі нездарма.

Сабаку якой пароды вы б параілі трымаць у гарадской кватэры?

− Ведаеце, перш чым завесці сабаку ў кватэры − трэба пачытаць характарыстыкі пароды, якая вам падабаецца, параіцца з людзьмі, якія ўжо трымаюць такіх сабак. У пачатку 90-х гадоў, калі пародзістыя сабакі хлынулі ў масы (калі так можна сказаць) − трымалі нават “каўказцаў”. Але сабака павінен выконваць сваае функцыі: вартавы − ахоўваць, паляўнічы − паляваць. Таму для кватэры падойдуць сабакі невялікія.

Калі вы рашыліся на сабаку, будзьце гатовыя да таго, што яго трэба выхоўваць як дзіця. Ставіцца сур’ёзна і да дагляду за поўсцю, і да лужынак маленькіх шчанюкоў, і да штодзённых шпацыраў у любое надвор’е.

Сабачая мода − гэта міф

Прафесійныя заводчыкі сабак, што за людзі? Ахарактэрызуйце іх.

− Заводчыкі − гэта мэтанакіраваныя, захопленыя і ў нечым апантаныя людзі . Мужчыны ці жанчыны – розніцы няма. Праца заводчыка − гэта штодзённая праца, на якую паблажкі не распаўсюджваюцца: бальнічныя лісты, непагадзь, дрэнны настрой, святы і выходныя. Захапленне гэта даволі дарагое, бо жыўнасць трэба карміць і даглядаць за ёй.

Як вы ставіцеся да павальнага захаплення сабачай модай?

Мяркую, што тэрмін «павальнае захапленне» не зусім дарэчны . Ёсць сабакі, якія маюць патрэбу ў стрыжках (грумінгу), і ёсць людзі, якія гэта робяць. Звяртацца да прафесіяналаў у такой справе – гэта нармальна. А сабачая мода − гэта міф. Ёсць сабака і ёсць гаспадар, які сабаку любіць, таму апранае яго ў адзенне адпаведна сезону або надвор’ю. Вось і ўся мода. У любым выпадку, гэта лепш “выштурхвання” хатніх улюбёнцаў раніцай з пад’езду на дождж або проста на “вольны выпас”.

Касцюм на сабачку каштуе ў маладзечанскіх заакрамах 150 – 350 000.

Шкарпэтачкі і боцікі абыдуцца ў 50-90 000.

Маладзечанскі цвергшнауцер – юны Чэмпіён свету

Як часта ў Маладзечне ладзяцца выставы сабак?

− Выставы праводзім два-тры разы на год. Імкнёмся рабіць выставы вясной ці летам, каб была магчымасць выстаўляць сабак на свежым паветры. Бліжэйшая выстава нашага клуба плануецца 11 мая. Запрошаныя суддзі-міжнароднікі з Грузіі, Польшчы і Беларусі.

А маладзечанскія сабакі прымаюць удзел у выставах іншых краін?

− Як вы правільна заўважылі, калі праводзіш выставы ў сябе, неабходна ўдзельнічаць у выставах іншых клубаў, як у Беларусі, так і за яе межамі. Кожны год нашыя выхаванцы бяруць удзел у Чэмпіянаце Свету.

Наш белы цвергшнауцер Джэнтлі Борн Антарыа мае тытул Юнага Чэмпіёну Свету і віцэ-чэмпіёна Свету.

Яшчэ адзін наш сабака – рызэншнауцер Джэнтлі Борн Аурум Блэк перамагаў у класах на двух чэмпіянатах Свету ў Стакгольме і Браціславе.

−Якія сабакі могуць удзельнічаць у выставе? І як падрыхтаваць сабаку да ўдзелу?

− У выставе можа прыняць удзел любы сабака, які мае сертыфікат аб паходжанні (радавод), выдадзены кіналагічным аб’яднаннем, які уваходзіць у міжнародную кіналагічную арганізацыю FCI. Вельмі часта даводзіцца выслухоўваць крыўды людзей, што прыйшлі з сабакам на выставу першы раз, зняўшы яго «з канапы», што іх сабак «засудзілі». Мы таксама не заўсёды выйгравалі, паверце. Але мы вучыліся, глядзелі, слухалі і рабілі высновы. Таму, калі вы вырашылі ўпершыню прыняць удзел у выставе, заўсёды звярнуцца да спецыялістаў-кінолагаў. Або да нас у клуб – мы заўсёды ўсё раскажам і пакажам .

Ці не думалі вы пра тое, што ёсць сабакі, якія больш маюць патрэбу ў дапамозе, чым дамашнія, выпешчаныя ўлюблёнцы?

− Ідэя дапамагаць вулічным, кінутым жывёлам − старая як свет. Канешне, трэба дапамагаць. Але … Я ўспамінаю свой першы прыезд у Польшчу, я звярнула ўвагу на поўную адсутнасць бадзяжных сабак. Потым, маючы зносіны з палякамі, я пачула, што ўсе кінутыя сабакі, калі трапляюць у прытулкі, спачатку апрацоўваюцца ад паразітаў. Там ім робяць прышчэпкі, потым стэрылізуюць, знаходзяць новых гаспадароў. На Захадзе ўсе гэтыя праграмы падтрымліваюцца дзяржавай, дабрачыннымі арганізацыямі. У нас гэтая тэма пакуль не развітая. На жаль. Але неабходна, каб такая праграма была і ў нас!

Трымаць і даглядаць пародзістых сабак цяжка?

Даглядаць неабходна любых сабак. Іх трэба расчэсваць, мыць, вадзіць да ветэрынара на прышчэпкі. Няма розніцы, пародзісты сабака ці не. Паверце, сабака  − адзіная істота, якая любіць вас не за становішча, не за званне і дастатак, а за тое, што вы проста добры чалавек. Канешне, у пародзістых сабак свае асаблівасці дагляду. Мы, выбіраючы сабаку, пародзістага ці не, павінны ўсведамляць, што менавіта ў нашых сілах зрабіць яго сабакам сваёй мары.

Даведка “РГ”

Цвергшнауцер – самы маленькі па памеры службовы сабака ў свеце. Першыя звесткі пра вывядзенне цвергшнауцераў адносяцца да канца 1800-х гадоў. Раней яны разводзіліся ў Нямеччыне як вясковыя сабакі, якія ахоўвалі свіраны ад пацукоў і іншых паразітаў.

Яшчэ адзін наш сабака – рызэншнауцер Джэнтлі Борн Аурум Блэк перамагаў у класах на двух чэмпіянатах Свету ў Стакгольме і Браціславе.

 Рызэншнауцер – самая буйная парода сабак з групы шнаўцэраў. Першапачаткова рызеншнаўцэраў выкарыстоўваўся на поўдні Нямеччыны як сабаку –  ахоўніка жывёлы. У пачатку 18 стагоддзя ў Мюнхене рызеншнаўцэры ахоўвалі піўныя бары і крамы мяснікоў. Пазней гэтых сабак сталі выкарыстоўваць у сваёй працы паліцэйскія і ваенныя.

Наталля ТУР.

Фота забяспечанае Таццянай ЛЯЎЧУК, tula.tiu.ru, www.4lapy.by,www.propala.ru,st-petersburg.freeadsin.ru,zooclub.ru