Мая маці ўжо шмат гадоў запар выносіць торбы з адзеннем і пакідае іх проста пад сметніцай на зямлі. Кажа, што іх вельмі хутка забіраюць. Калі ж запыталася, чаму яна не нясе рэчы ў “Чырвоны крыж”, пачула ў адказ: “Вы не пішаце куды, а я і не ведаю”.

Аднак шмат жыхароў усё ж такі ведаюць. Старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Яўгенія Русецкая кажа, што да іх амаль кожны дзень хтосьці прыносіць рэчы.

Некаторыя, не застаўшы нікога ў будынку “Чырвонага крыжа”, пакідаюць торбы з адзеннем і абуткам проста на ганку.

– Не прападуць, – кажа спадарыня Яўгенія. – А калі хто возьме, то толькі на карысць будзе. Многія нас загадзя па тэлефоне папярэджваюць, каб тут дакладна хтосьці быў.

Будынак, дзе месціцца Маладзечанская раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа знаходзіцца па адрасе: Маладзечна, вул. Прытыцкага, 7 (непадалёк ад кнігарні “Спадчына”). Тэлефон: (80176) 77-10-14.

Разам з тым, амаль кожны дзень хтосьці прыходзіць па адзенне.

– Вось якраз зараз да нас прыехала шматдзетная сям’я з Чысці, пераглядаюць рэчы, – распавядае спадарыня Яўгенія. – Увогуле, за адзеннем і абуткам да нас прыходзяць і інваліды, і людзі без вызначанага месца жыхарства. Частку рэчаў аддаём у прыёмны пакой бальніцы. Часам туды трапляюць людзі, якія маюць у іх патрэбу. Акрамя гэтага – у камеру папярэдняга зняволення.

Самая патрэбная рэч – мужчынскі абутак

Цяпер зіма. І асабліва адчувальная патрэба ў абутку, асабліва мужчынскім.

– Да нас прыходзяць людзі, у якіх падвязаная падэшва ў абутку, – адзначае Яўгенія Русецкая. – Калі казаць пра тое, што прыносяць найчасцей, то гэта дзіцячыя рэчы. Вельмі важна, што людзі адгукаюцца і дапамагаюць іншым. У жыцці можа здарыцца рознае. Бывае, прыехаўшы дамоў, бачаць сваё жыллё цалкам разрабаваным. І такія людзі прыходзяць.

Прыносяць рэчы 80-х

Аднесці рэчы можна і ў Маладзечанскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Месціцца цэнтр сацыяльнага абслугоўвання па адрасе: Маладзечна, вул. Касманаўтаў, 13.

– Хочацца папрасіць жыхароў, каб прыносілі рэчы ў добрым стане і чыстыя, – адзначае намесніца дырэктара Іна Мянцюк. – Бо часам прыносяць і бруднае адзенне. Увогуле, у пакоі з рэчамі можна пабачыць тыя, што насілі дзесьці ў 80-х ці 90-х. Мабыць, складана людзям з імі расстацца.

Спадарыня Іна адзначыла, што вялікага наплыву людзей да іх няма. Часам рэчы ідуць з арганізацый.

Настасся РОЎДА.

Фота Настассі РОЎДЫ.