Ацанілі каментатары і тое, як хутка пажар быў ліквідаваны: “Супрацоўнік запраўкі малайчына, не разгубіўся!”, “Работніку прэмію!”
Першым кінуўся тушыць машыну малады аператар Сяргей Трацэўскі.
– Быў на змене на газавай запраўцы, – узгадвае ён той дзень. – Убачыў, як ля калонкі на АЗС загарэўся аўтамабіль і адразу пабег тушыць.
– Не баяліся?
– Нават неяк і не задумаўся пра гэта.
А загарэлася ля адной з палівараздатачных калонак аўтамашына “Фальксваген Гольф-2”. Кіраваў ёй чалавек паважнага ўзросту – 83 гады мае!
– Ён расказаў, што наліваў бензін у жалезную каністру ў багажніку, – дзеліцца Сяргей. – Пэўна, калі закрываў яе, узнікла статычнае напружанне, з’явілася іскра, і загарэлася. Мужчына выкінуў каністру з машыны, паліва разлілося. Словам, загарэлася і машына, і бензін на асфальце. І ў вадзіцеля рукі абгарэлі – выклікалі потым “хуткую”.
Глядзелі ў запісе: 30 секунд прайшло, як загарэлася машына, а яшчэ паўхвіліны – і патушылі ўжо. Справілася самі, выратавальнікаў выклікаць не давялося. Дзейнічалі згуртавана: тушу – заўважаю, што ў вогнетушыцелі ціск стаў падаць. Паляцеў за другім – гляджу: ужо наш майстар Пётр Станіслававіч Тачыцкі з другога боку тушыць. Супрацоўнікі станцыі выбеглі, крычалі людзям, каб адыходзілі.
– У каментарыях у інтэрнэце шмат добрых слоў у ваш адрас выказана. Многія пішуць, што вы прэміі заслугоўваеце…
– Можа, дадуць, – усміхаецца Сяргей. – З Маладзечна кіраўніцтва прыязджала, хваліла нас, што аператыўна патушылі.
– Вас гэтаму і вучаць…
– Так. Штогод праходзім навучанне па тэхніцы бяспецы. Вядома, вучымся і як з вогнетушыцелем абыходзіцца.
– А што кіроўцам параіце рабіць, каб падобных выпадкаў не было?
– Строга выконвайце ўсе правілы пры запраўцы машыны. А ў гэтым выпадку, па ідэі, каністру трэба было на зямлю ставіць, а не ў багажніку яе напаўняць – каб зазямліць.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.
Чытайце на гэту тэму таксама:
Даведка “РГ”. YouTube – гэта сусветна вядомы сэрвіс, які дае магчымасць карыстальніку праглядаць і размяшчаць відэафайлы на сваіх серверах (відэахостынг).
YouTube з’яўляецца самым папулярным відэахостынгам ў свеце.
Калі аўтамабіль загарэўся
Што трэба рабіць, калі загарэўся аўтамабіль, распавёў галоўны спецыяліст дзяржпажнагляду Мядзельскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Юры Вашкінэль:
– Уключаем аварыйку, высаджваем пасажыраў. Калі ў салоне машыны чалавек, а дзверы заклінавала, выбіваем шкло.
Адшчэпліваем капот. Па нумары 101 выклікаем выратавальнікаў або просім кагосьці гэта зрабіць. Калі дым ідзе з-пад капоту, яго трэба адкрываць асцярожна, лепш збоку. Шырока адкрываць капот не варта: прыток кіслароду толькі дасць агню разгарэцца.
Накіроўваем струмень вогнетушыцеля на ачаг загарання. Для ліквідацыі выкарыстоўваем шчыльную тканіну, брызент, пясок, снег.
Калі вы не можаце справіцца з полымем і агонь ахоплівае ўсю машыну – лепш не рызыкуйце. Адыдзіце на бяспечную адлегласць самі і адвядзіце людзей.
Аўтамабілі, якія знаходзяцца побач, трэба адкаціць у бок або паліць вадой, каб агонь не перакінуўся на іх.