Напярэдадні Дня выратавальніка ў Маладзечанскім пажарна-аварыйным выратавальным атрадзе з’явілася кіналагічная служба.

Пакуль у гэтым атрадзе “служыць” толькі адзін “баец” − лабрадор Эльза. Яе гаспадар, маёр унутранай службы і начальнік кіналагічнай службы Яўген  Сцепулёнак, пазнаёміў са сваёй выхаванкай.

− Эльзе паўтара года. Самы ўзрост, каб пачаць яе трэніраваць. Яна будзе прымаць удзел у пошукавых аперацыях: даставаць людзей з-пад завалаў, шукаць тых, хто згубіўся ў лесе. Мяркуецца, што і на вадзе таксама зможа выратаваць.

− А хто трэніруе Эльзу?

− Трэніруюць яе некалькі чалавек, каб яна прывыкала да розных людзей і ўмела працаваць з кожным. Эльза у нас − улюбёнка ўсяго атрада. І яна з задавальненнем сябруе з усімі. Адзінае, што даводзіцца сачыць за тым, каб яе не падкормлівалі мае калегі.

− Чаму для трэніроўкі і працы выбралі пароду лабрадора?

− Па-першае, гэта мой сабака. А па-другое, лабрадор-рэтрывер выбраны для працы ў выратавальніках невыпадкова. Няма больш добрай, шчырай сабакі, чым лабрадор. Калі чалавек трапляе ў надзвычайную сітуацыю, ён можа паводзіць сябе неадэкватна. Таму сабака не павінен быць агрэсіўным. Вам вядома, што адзін сабака-выратавальнік можа замяніць дзесяць чалавек. Сабакам не патрабуецца спецыяльных прылад, каб шукаць людзей пад заваламі. У іх на гэта ёсць нюх, які вастрэйшы за чалавечы ў 40 разоў. 

− А акрамя Эльзы іншыя сабакі ў атрадзе з’явяцца?

− У Маладзечне гэта першая кіналагічная служба, таму хочацца, каб яна развівалася.

Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР.