23 студзеня Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэнняў. У прыватнасці, з’явіліся новыя намеснікі старшыні Брэсцкага, Гродзенскага і Магілёўскага аблвыканкамаў.

Алена Агей стала намесніцай старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Ёй 35 гадоў. Для беларускіх чыноўнікаў гэта вельмі малады ўзрост. Яна родам з Горак. Там жа скончыла сельскагаспадарчую Акадэмію. Жыла ў Мастах, дзе ўзначальвала мясцовое камунальнае прадпрыемства меліяратыўных сістэм. Адтуль яе і перавялі ў Гродна.

Працавала на розных пасадах і абл- і райвыканкаме. Апошнім часам курыравала у гарвыканкаме пытанні эканомікі, гандлю, сферы паслуг, працы, занятасці, прыватызацыі і статыстыкі.

«Мне імпануе прынцып Хораса Флетчара, які калісьці сказаў: «Калі ласка, выпраўце ўмовы жыцця людзей – і людзі стануць лепшымі, каб быць годнымі гэтых умоваў», — некалі казала сп.Агей.

Звяртае на сябе ўвагу, што на сённяшні дзень Алена Агей –- адзіная жанчына сярод старшынь і іх намеснікаў у аблвыканкамах. У кожнага старшыні маецца па 5—6 намеснікаў, але жанчын на сёння ў кіраўніцтве абласцей не было зусім.

Зміцер Панкавец, Наша Ніва.