У 11 мікрараёне пабудуюць дзіцячы садок-школу.

На сённяшні дзень будаўніцтва школы знаходзіцца ў стане распрацоўкі праекта.
Па словах загадчыцы сектара фінансава-гаспадарчай і кадравай работы аддзела адукацыі Юліі Бахар, займаць чэргі ў дзіцячы садок рана. Пакуль зроблены толькі адвод зямлі ў 11 мікрараёне пад будаўніцтва школы. Вядома толькі, што гэта будзе пачатковая школа і дзіцячы садок-яслі ў адным будынку.
− У пачатковую школу, вядома,

у першую чаргу будуць прымацца дзеці з 11 мікрараёна. У садок тыя, каму падышла чарга. Але ў чаргу запісвацца пакуль рана, толькі праект будзе распрацоўвацца каля года, а потым будаўніцтва. Калі яно будзе ісці такімі тэмпамі, як будаваўся садок у шостым мікрараёне, дзеці пераступяць парог новай школы не раней, чым у 2017 годзе.

Бюджэтам Маладзечанскага райвыканкама на праектаванне ўстановы адукацыі выдзелены адзін мільярд рублёў.
Дагавор на распрацоўку праекта заключаны з камунальным унітарным прадпрыемствам “Інстытут “Маладзечнапраект”.
Аляксандр Юркевіч, галоўны архітэктар Інстытута “Маладзечнапраект” расказаў “Рэгіянальнай газеце”, што школа ў 11 мікрараёне будзе разлічаная на 421 месца, 150 з іх адведзена на дзіцячы садок.
− Скажыце, ці агавораны тэрміны рас­працоўкі праекта?
− Не, перад намі канкрэтнай даты не стаіць. Але па нормах праект не можа распрацоўвацца болей за 14 месяцаў. Але мы будзем імкнуцца завяршыць яго як мага хутчэй. Усё будзе залежаць ад фінан­савання.
− Праект школы будзе тыповым або індывідуальным?
− Магу сказаць адно, што такога будынка больш няма. Мы распрацоўваем індывідуальны праект двухпавярховага будынка. Ці зацвердзяць яго такім, як мы плануем, гэта ўжо іншая справа.
Наталля ТУР.

Фота ekaterinburg.rusplt.ru