Сяргей Карзей, акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра, у студзені адзначыў сваё 55-годзе.

З гэтай нагоды і адбылася наша з ім сустрэча. Але калі б нагоды не было, яе трэба было б прыдумаць. Таму што не кожны дзень можна ўбачыць акцёра ў ролі сябе самога: без грыму і сцэнарыя.
Сяргея Карзея добра ведаюць у Маладзечне. Ведаюць тэатралы, таму што Сяргей працуе ў тэатры ўжо 15 год. І за гэты час ім сыграна шмат роляў, сярод якіх Табу з “Прынца Мамабука”, Максім з “На другі дзень Сёмухі”, Салянік з “Радавых”, Канферансье з “Бывай, Канферансье!” і шмат-шмат іншых. На Дзень настаўніка, энергетыка, будаўніка Сяргей – нязменны вядучы ўрачыстасцяў. Яго ведаюць як вядучага фестываляў і конкурсаў. Яго ведаюць шматлікія выпускнікі Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа, пазнаюць прадаўшчыцы ў магазіне і на рынку. Ці хітруе Сяргей, калі гаворыць, што яго такая павышаная ўвага не хвалюе, не ведаю. Але сумневаў у сваёй шчырасці наш госць не выклікаў.

Сустрэліся мы з Сяргеем у грымёрцы, сустрэў мяне малады мужчына ў модных туфлях, джынсах і белай кофце. “Няўжо, 55?” − падумала я, а ўслых усё ж такі спытала:
− Як адчувае сябе 55-гадовы Сяргей Карзей? Чым адрозні­ваецца ад 54-гадовага?
− Не, цяпер адчування ўзросту няма. Яшчэ пяць гадоў таму было такое: ааааааа, праз 10 год пенсія! Што рабіць? Як жыць далей? А цяпер быццам узросту і няма. Адчуў толькі, што юбілей, дзякуючы бенефісу: “Зноў, Канферансье?! або Сон у зімовую ноч”. 18 снежня прыйшла ідэя зрабіць капуснік, пісаўся сцэнар, рыхтаваліся фотаздымкі, музыка, песні…
− Усё задуманае ўдалося здзейсніць?
− Нават болей, чым усё. У зале былі мае родныя людзі, сябры, аднакурснікі, былыя калегі. Вельмі прыемна было знаходзіцца на сцэне. Хаця сына адзінага не было. Ён жыве ў Мінску, я яму патэлефанаваў, ён сказаў: “Які юбілей? Я ж цябе першага студзеня ўжо павіншаваў!” Канешне, я жартую. Арсень у гэты дзень працаваў.

− У вас дзень нараджэння першага студзеня, акурат на Новы год?
− Сказаць па праўдзе, я не ведаю, калі ў мяне дзень нараджэння. Мая маці казала, што я нарадзіўся за некалькі дзён да Новага года. Але хто рэгістраваў дзень у дзень? Мама расказвала, што бацька паехаў рэгістраваць 5 студзеня. А жанчына тая, што выдавала метрыку, сказала: ”А чаго яму будзе год наперад ісці? Хай будзе першага”. Але

я з дзяцінства адчуваў, што мой дзень нараджэння першага студзеня нікому не патрэбны. Бывала, некаторыя толькі 13 студзеня ўспаміналі, што мяне трэба павіншаваць.

Але ў мяне правіла, на свой дзень нараджэння не працаваць. Таму ў ніякіх “навагодніх халтурах” я не ўдзельнічаю. Не люблю гэтага.

“Новая зямля”
Якуба Коласа – энцыклапедыя майго дзяцінства

− Распавядзіце пра сваю сям’ю. Дзе нарадзіліся, дзе вучыліся?
− Нарадзіўся я ў простай сялянскай сям’і ў Селеўцах. Я быў апошнім, шостым, дзіцем. Дзве дзяўчынкі, што нарадзіліся да мяне, на жаль, рана памерлі. У сям’і выхоўвалі трох хлопцаў, вядома, бацькі хацелі дзяўчынку, а нарадзіўся я. Жылося нам няпроста, нават бедна. Але ўсё, што мелі ў гаспадарцы, рабілі сваімі рукамі. У магазіне куплялі толькі соль і цукар. Нават хлеб маці пякла свой, у печы.
Мяне пытаюцца журналісты, якая кніга ў мяне настольная або любімая. Я заўсёды адказваю, што “Новая зямля” Якуба Коласа. Усё тое, пра што піша Якуб Колас, я магу пераказаць малюнкамі з уласнага жыцця: і як на полі працавалі, і як святы адзначалі, і як нядзельны сняданак рыхтавалі. У мяне нават быў і свой “дзядзька Антось” − сястра бацькі, цётка Стэфка. Памятаю, як яна мне спявала беларускія песні або расказвала казкі. Я ляжаў на печы, гладзіў ката і слухаў цётку.

Маленькі Сяргей у маці на руках. На здымку ў цэнтры.

− У школе вучыліся добра?
− Я з дзяцінства ўмеў сам сябе кантраляваць. І старэйшы брат, Станіслаў, у нас з ім была розніца ва ўзросце 11 гадоў, заўсёды быў аўтарытэтам. Я думаў: як так, прыедзе брат (а ён ужо жыў асобна, жанаты, калі я яшчэ быў школьнікам), а ў мяне тройка ў дзённіку.
− Тады пытанне ўзнікае само: адкуль у простага сялянскага хлопчыка здольнасці да акцёрства?
− Мама расказвала, што яе бацька майстраваў скрыпкі, сам добра ўмеў іграць. Я на гарышчы ў нашым доме знайшоў адну. Магчыма, ад дзеда. А ў класе дзясятым упершыню пабываў у тэатры. Мяне ўразіла нават не само дзеянне на сцэне (ішоў спектакль “Матухна Кураж і яе дзеці” па творы Бертольда Брэхта), а сама атмасфера: гукі, святло, касцюмы. Пасля гэтага далейшы шлях быў вырашаны: толькі ў артысты! На іспытах у інстытут культуры чытаў байку Кандрата Крапівы “Ехаў дзедка на кірмаш”. Камісія хапалася за галаву, гаварылі: “Ну колькі можна?!”, але калі я чытаў, смяяліся. Верш чытаў Сяргея Астравога “Першае слова дзіця сказала: “Мама!”. Мяне спынілі і запыталіся: “У вас маці ёсць? Яна жывая? А цяпер уявіце, што яе не стала… І чытайце”. Мяне спынілі, бо слёзы было стрымаць немагчыма.

Сяргей Карзей падчас службы ў арміі.

− Гады вучобы запомніліся як лепшыя?
− Безумоўна. І ўсіх сапраўдных сяброў сустрэў менавіта ў інстытуце. З многімі сябруем і цяпер, аднакурснікі прыязджалі і на мой бенефіс. І каханне першае было там. Са мной вучылася Зоя Белахвосцік (заслужаная артыстка Беларусі, актрыса тэатра імя Янкі Купалы – аўт.), з ёй у мяне быў прыгожы юнацкі раман. На жаль, на другім курсе інстытута мы рассталіся.  І акцёрская школа ў нас была моцная. Давялося быць знаёмым і працаваць з многімі сапраўды таленавітымі людзьмі.

− Свой лёс назаў­сёды звязалі з Маладзечнам?
− Так, сюды быў накіраваны па размеркаванні. Працаваў у народным тэатры, мастацкім кіраўніком у прафесійна-тэхнічным каледжы. Пасля нараджэння сына на непрацяглы час адышоў ад акцёрскай прафесіі, але ад лёсу нікуды не дзенешся.

З французскімі манерамі можна іграць і яўрэя

− За 15 год працы ў тэатры не знікла адчуванне таямніцы тэатра? Ці цяпер гэта проста месца працы?
− Адчуванне рамяства бывае, калі працяглы час няма новых роляў, новых работ і спектакляў. Тады прыходзіш у тэатр, садзішся ў крэсла, каб накласці грым, і такі цяжар, такая стомленасць. Але як толькі выходзіш на сцэну, адразу забываеш, што гэту ролю іграеш ужо ў соты раз. І гэта не для “чырвонага слоўца”. Паверце, так яно і ёсць.
−  Цяпер працуеце над новай роляй?
− Так.

Адрыян Барткевіч працуе над пастаноўкай новага спектакля па п’есе Міхаіла Угарава “Смерць Ільі Ільіча”. У мяне там роля невялікая, але вельмі цікавая. П’еса гэта – мікс з твораў Івана Ганчарова.

− У якасці гледача калі апошні раз былі ў тэатры?
− Нядаўна. Глядзеў п’есу “Нязваны госць”. Я потым расказваў знаёмым: “Уяўляеце, я быў у тэатры! Я глядзеў п’есу! Гэта цудоўна”. Мне рэдка выпадае хадзіць на мерапрыемствы, нават неяк нязвыкла, што спіны наперадзе. Але калі прыходжу, паводжу сябе як нармальны, ці ненармальны, глядач. Нікога не крытыкую.
− Што значыць не­на­рмальны?
− Мяне дзеянне можа захапіць так, што я забываюся на ўсё. Так было, калі я першы раз трапіў на спектакль “Камедыя”. Я смяяўся так, што мой сябар потым прызнаваўся, што яму было сорамна за мяне. Тады так уразіла роля яўрэя. Я думаў, што ніколі так бы не сыграў, але менавіта ролю Яўрэя я і іграю. У мінулым годзе на фестывалі ў Мікалаеве атрымаў за яе дыплом.

Член журы прафесар з Кіеўскага ўніверсітэта мастацтваў сказала тады: “Як вы, больш падобны да француза, змаглі так сыграць ролю яўрэя і пераканаць нас, карэнных херсонцаў і адэсітаў, што вы сапраўдны”.

У ролі яўрэя Давіда не пазнае і ўласны сын

Я ўсё ў жыцці рабіў са спазненнямі

− Якую ролю яшчэ не сыгралі?
− Я ніколі не марыў пра нейкую канкрэтную ролю. Рамэа не хацеў іграць. Калі б давялося, то сыграў бы 55-гадовага чалавека, якому пашчасціла спыніцца, каб азірнуцца назад, у сваё мінулае, і зразумець, што ж я зрабіў ня­правільна.

− А ёсць правільны адказ на гэтае пытанне?
− Вось я б хацеў гэта зразумець. У жыцці я ўсё рабіў позна. Была магчымасць паехаць працаваць у Расію, думаў, што паспею, потым адмовіўся ад прапановы працаваць у Польшчы. Я нават ажаніўся са спазненнем, у 27 гадоў. З часам я навучыўся пра гэта не думаць, сёння ні аб чым не шкадую. Ратуе прафесія. Адзін з самых любімых маіх спектакляў − спектакль “Старая зайчыха” ў пастаноўцы Алега Чэчанева. У ім я пражываю жыццё. І быццам пазбаўляюся ад таго, што грызе ўнутры. Пасля такіх спектакляў хочацца проста сесці і нервова выкурыць цыгарэту. Такое спусташэнне.
Сяргей адводзіць вочы і змаўкае…
Потым прызнаецца, што бывалі ў яго творчай біяграфіі спектаклі, якія цяжка было іграць і таму, што не да канца разумеў іх, або проста самому было нецікава. Але ўсе ролі дарагія па-свойму. Прапаную змяніць тэму.

− Раскажыце пра які-небудзь смешны выпадак. Ці разыгрывалі адзін аднаго падчас спектакля?
− Ой, такія выпадкі здараюцца пастаянна. Ігралі дзіцячы спектакль у Вілейцы, на першым радзе сядзела дзяўчынка. Не ведаю як, але яна звалілася пад крэсла. Мы іграем, а перад сабой бачым яе сандалікі, што тырчаць угору. Стрымацца немагчыма! У такіх выпадках, я да болю кусаю губу. Была гісторыя, дзе я па сюжэце, азіраючыся назад, спускаюся ў глядзельную залу па прыступках. Адкуль жа я мог ведаць, што ў адзін цудоўны дзень нехта прыбраў гэтыя прыступкі? Яшчэ магу прыгадаць гісторыю, якая здарылася з маім калегам Алегам Чэчаневым. Ён іграў спектакль “Верная жонка”. Па сюжэце, Алег той самы верны муж. Ён звяртаецца да сваёй жонкі, Алены Рахмангулавай: “Пакажы хоць кроплю жалю!”, але замест гэтага, у яго вырываецца: “Пакажы хоць жоплю кралю!”
І розыгрышы здараюцца. На рэпетыцыі спектакля “Радавыя” Барыс Донін замест вады, якую па сюжэце мы п’ ём, у пляшкі наліў гарэлкі. Акцёр, што іграў Адуванчыка, быў увогуле яшчэ школьнікам. Трэба было бачыць яго вочы.

Сцэна са спектаклю «№ 13»

Па выхадных я іграю ролю… Абломава

− Які Сяргей Карзей па-за тэатрам? Апішыце свой тыповы выхадны дзень.
− Выхадны  дзень  пачынаецца з кубачка кавы. Вельмі люблю такія дні, калі раніцай нікуды не трэба спяшацца. Такія імгненні ранішняй дрымоты бясцэнныя. Гляджу тэлевізар, у асноўным спорт, сяджу ў камп’ютары. Гуляю ў гульні. 271 узровень у гульні – гэта вам не хухры-мухры. Увогуле, такі Абломаў, ва ўтульным дамашнім адзенні. Каб былі тапкі з зайцамі, абавязкова хадзіў бы ў іх.
Акрамя таго, вельмі люблю пакорпацца ў агародзе, збіраць грыбы, ягады. Утульнасць люблю. У мяне вы ніколі не ўбачыце нямытага посуду, бруду, хоць жыву адзін.  
− А сям’я?

− Мая сям’я  − гэта сын Арсень. Ён ужо самастойны, яму 24 гады, жыве ў Мінску, закончыў БДУ па спецыяльнасці менеджар-эканаміст. Адносіны з сынам у нас сяброўскія. Не скажу, каб мы з ім стэлефаноўваліся кожны дзень, але адчуваем падтрымку адзін аднаго. Характар у сына, праўда, гэта мой у дзявятай ступені. Авен, што з яго ўзяць?

Не люблю чорныя калготкі на нагах жанчын

Размова з Сяргеем Карзеем зацягнулася больш, чым на дзве гадзіны. У канцы сустрэчы прапаную майму суразмоўцу перайсці да бліц-апытання.
− Як вы падтрымліваеце выдатную спар­тыўную форму?
− Сакрэт вельмі просты – я 25 гадоў не карыстаюся грамадскім транспартам. У любую частку горада, у любое надвор’е хаджу пешшу. Трэба было б і плаваннем заняцца, але як-небудзь пазней.

− Ваш ідэал жан­чыны?
− Для мяне эталон прыгажосці – мая былая жонка. А так, абсалютна не мае значэння бландзінка ці брунетка, тоўсценькая ці худзенькая, галоўнае, каб не ў чорных капронавых калготках. Я не ведаю чаму, але яны мне здаюцца непрыгожымі.

А калі вам мужчына будзе гаварыць, што для яго не існуе эталону мужчынскай прыгажосці, не верце. Для мяне такі эталон: мужчына з доўгімі чорнымі валасамі і крыху крываватымі нагамі. Здаецца, каб я так выглядаў, я быў бы сэкс-сімвалам.

− Калі б вы не сталі акцёрам, кім бы былі?
− Вельмі падабаецца быць канферансье. А калі кардынальна нешта мяняць, то, напэўна, вучыўся б на менеджара. Мне здаецца, з мяне б атрымаўся цудоўны кіраўнік.

− Вы пакуль чалавек свабодны. А можа так здарыцца, што яшчэ пойдзеце пад вянец?
− А хто ведае, што нам наканавана наперадзе? Магчыма, жанчыну свайго жыцця я яшчэ сустрэну, можа, і за дзень да смерці. Можа, я вярнуся да свайго эталона прыгажосці.
− А як жа выраз, што ў адну раку нельга ўступіць двойчы?
− У ваду адну і тую ж нельга, а рака назаўсёды застанецца той самай ракой.

З актрысай Аленай Рахмангулавай.

Наталля ТУР.
Фота Наталлі ТУР і забяспечана Сяргеем Карзеем.

Даведка “РГ”. Сяргей Карзей. Нарадзіўся 1 студзеня 1959 года ў вёсцы Селеўцы, што на Маладзечаншчыне. Выхоўваўся ў шматдзетнай сям’і. Самы малодшы з чатырох братоў.    
У 1980 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут культуры па спецыяльнасці “Рэжысура народнага тэатра”. Працаваў мастацкім кіраўніком у прафесійна-тэхнічным каледжы ў Маладзечне. Іграў у народным тэатры. З 1999 года – у складзе трупы Мінскага абласнога драматычнага тэатра.     
Сыграў за 80 роляў. Сярод якіх: Епіскап − “Пачатак” Б.Васільева, Давід − “Камедыя” У.Рудава, канферансье − “Бывай, канферансье!” Г. Горына, Рамуальд − “Аўчары” У.Лапціка, Пігдэн − ”№13” Дж.Куні, Цімафей “Сямейны партрэт з невядомым” С.Лабазёраў, Міша “Старая зайчыха” У.Каляды і інш.    
Сямейнае становішча: не жанаты, сын Арсень.