Зіма –− час авітамінозаў. Час, калі нашаму арганізму проста неабходна дадатковая крыніца вітамінаў. Адна з такіх крыніц – садавіна і гародніна, а таксама сокі, выціснутыя з іх.

Аднак рэклама гаворыць нам, што не ўсе сокі аднолькава карысныя. Мы выбралі сам

ыя папулярныя сярод сокаў з садавіны і агародніны. Разам з доктарам-дыетолагам Маладзечанскай бальніцы Вандай Анцілеўскай паспрабуем разабрацца: у чым жа іх карысць?
Гаворка ідзе толькі пра карысць свежавыціснутых сокаў.
Капусны сок  п’юць пры гастрытах з паніжанай кіслотнасцю, язве страўніка і захворваннях печані і селязёнкі. Сок белакачаннай капусты робіць мацнейшымі крывяносныя сасуды, нармалізуе тлушчавы абмен, загойвае язвы.
Тым, хто мае павышаную кіслотнасць страўнікавага соку, капусны сок не рэкамендуецца.

Морквавы сок паляпшае зрок, умацоўвае арганізм і аднаўляе сілы пасля хваробы і павышаных разумовых і фізічных нагрузак, гоіць язву страўніка. Ён карысны пры анкалагічных захворваннях, сухотах і малакроўі. Морквавы сок паляпшае апетыт, умацоўвае зубы, павышае супраціўляльнасць інфекцыям.
Ужываць такі сок пры гастрыце, язвавай хваробе і каліце супрацьпаказана.

Агурочны сок нармалізуе крывяны ціск і сардэчную дзейнасць, паляпшае стан зубоў, дзяснаў, пазногцяў і валасоў. У сумесі з морквавым сокам дапамагае пры рэўматызме, парадантозе, паляпшае памяць.

Бурачны сок карысны пры малакроўі, хваробах сэрца і страўнікавых захворваннях. Паніжае крывяны ціск. Перад ужываннем неабходна некалькі гадзін вытрымаць бурачны сок у халадзільніку.
Не рэкамендуецца піць бурачны сок пры язве страўніка і хваробе дванаццаціперснай кішкі, бо ён раздражняе слізістую абалонку гэтых органаў. У такіх выпадках яго лепш змешваць з морквавым сокам ў суадносінах 1:3.

Таматны сок багаты солямі і мікраэлементамі. У ім ёсць вітаміны А і С, якія з’яўляюцца антыаксідантамі і затрымліваюць старэнне клетак, а таксама ўмацоўваюць імунную сістэму.
Таматны сок не рэкамендуецца піць людзям, якія пакутуюць на захворванні нырак і суставаў.

Сок з чорных парэчак п’юць пры авітамінозе, малакроўі, гастрыце з паніжанай кіслотнасцю, вострым бранхіце, грыпе, ангіне. Сок чорных парэчак знішчае вірусы, умацоўвае імунітэт, багаты вітамінам С.

Яблычны сок карысны пры атлусценні і цукровым дыябеце, пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак, пры дызентэрыі, хранічных калітах, падагры, рэўматызме, атэрасклерозе, камянях у нырках. Сок выводзіць з арганізма солі цяжкіх металаў і радыенукліды.
Нельга піць яблычны сок пры запаленчых працэсах страўнікава-кішачнага тракту і павышанай кіслотнасці страўнікавага соку.

Апельсінавы сок. У апельсінавым соку ўтрымліваецца больш за 85% вітаміну С. Таму шклянка такога соку за сняданкам наладзіць выпрацоўку страўнікавага соку і павысіць супраціўляльнасць арганізма. Аднак калі ёсць запаленне стрававода і страўніка, апельсінавы сок неабходна разводзіць вадой або замяняць іншым напоем.
Сокі хутчэй за садавіну і гародніну засвойваюцца ў арганізме. Пры гэтым затрачваецца менш энергіі, чым пры пераварванні цвёрдай ежы. Каб забяспечыць арганізм пажыўнымі рэчывамі, дастаткова 1-2 шклянак соку ў дзень.

Ні ў якім разе не замяняйце ваду сокамі
− Ні ў якім разе нельга замяняць ваду сокамі, – лічыць доктар-эндакрынолаг Маладзечанскай паліклінікі Наталля Дашкевіч. – Асабліва тымі, што прапануюць нам у крамах. Яны вельмі салодкія і значна павышаюць узровень цукру ў крыві. Я прыхільніца ўсё ж такі натуральных прадуктаў. Калі арганізм патрабуе нейкага вітаміну, то лепей з’есці яблык ці бурак. Нашым пацыентам, дыябетыкам, мы ўвогуле не рэкамендуем ужываць сокі. Што тычыцца вады, то яе піць варта, і многа.

Наталля ТУР.

Фота Святланы ХАРЛАН, nourriture.ru, domovouyasha.ru, www.magiclady.net, hurom-ukraine.com, wallpampers.ru, nmy-drinks.org.ua, engineerot.ru, cutlife.ru.