Normal
0

false
false
false

MicrosoftInternetExplorer4

У зале ў гэты вечар сабраліся людзі, чый лёс так ці інакш быў звязаны з Генадзем Каханоўскім: яго сям’я, былыя калегі, вучні.

Быццам сам Генадзь Аляксандравіч прысутнічаў на вечары, гледячы на ўсіх прысутных з цудоўнага партрэта работы Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага.

У гэты вечар гучалі песні і вершы-прысвячэнні Генадзю Каханоўскаму. Прысутныя ў зале ўспаміналі Генадзя Каханоўскага не толькі, як выбітнага пісьменніка і гісторыка, а перш за ўсё, як чалавека, якім быў Генадзь Аляксандравіч, якім ён запомніўся людзям, што жылі і працавалі з ім поруч.

Настрой вечара стварыла песня на словы Таісы Трафімавай, што прагучала ў самым пачатку:

Пагасла  зорачка- зара,
Дзень патануў у змроку,-
Не стала сына-змагара,
Не вернецца здалёку…
Ён адкрываў нам родны край,
Ад сну будзіць нас мусіў.
О, колькі б ён яшчэ сказаў
Нашчадкам Беларусі!…
Вяртаў з нямога небыцця
Забытыя імёны.
Легендай мудрага жыцця
Адбыўся лёс ягоны.

Наталля Сухіна, супрацоўніца краязнаўчага музею, памятае Генадзя Аляксандравіча яшчэ тады, калі ён быў яе класным кіраўніком і настаўнікам гісторыі.

− Урокі Генадзя Аляксандравіча былі незвычайнымі і запамінальнымі. Ён заўсёды імкнуўся як мага хутчэй закончыць тэму, што была ў падручніку, каб расказаць нам, дзецям, пра гісторыю роднай Маладзечаншчыны. Сёння магу сказаць, што ўрокі Генадзя Аляксандравіча ў многім вызначылі мой лёс. Я таксама стала настаўніцай.

Ролю Генадзя Каханоўскага ў лёсе Маладзечаншчыны цяжка пераацаніць.

Арганізатар вечара Ларыса Сысун узгадала, што дзякуючы  Генадзю Каханоўскаму, у маладзечанцаў цяпер ёсць дата 1388. Менавіта Генадзь Каханоўскі знайшоў гэтую дату, якую цяперпрыняла лічыць першым успамінам пра горад. Шматлікія экспанаты  ў краязнаўчым музеі таксама з’явіліся намаганнямі нашага краязнаўцы.

− Не ведаю, якімі праўдамі ці няпраўдамі Генадзь Аляксандравіч прывёз у Маладзечна знакаміты слуцкі пояс.

Акрамя таго, ён прывёз у музей скрыпку з маёнтка Агінскага, шматлікія старадрукі.

Былая суседка Генадзя Каханоўскага, цяпер галоўны рэдактар часопіса “Алеся” Тамара Бунто, ўспамінала Генадзя Аляксандравіча, як чалавека, які заўсёды некуды спяшаўся. І з нязменным партфелем у руках.

На вечары прысутнічаў і сын Генадзя Каханоўскага Аляксандр Каханоўскі. Ён адзначыў, што яму вельмі прыемна, што пра справу бацькі не забываюцца ў Маладзечне, што ўшаноўваюць яго памяць.

Пра Генадзя Каханоўскага можна гаварыць многа, але больш дакаладна, чым паэт Вячаслаў Шнуркевіч, пра Генадзя Каханоўскага сказаць немагчыма:

Ён праз жыццё нялёгкі крыж пранёс.
Рабіў адну, але святую справу –
Ён клапаціўся пра Айчыны лёс,
Вяртаў зямлі яе былую славу.

Ён падарыў землякам гісторыю

Сярод знакамітых людзей Маладзечаншчыны вылучаецца Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі. Ён здзейсніў подзвіг, падарыўшы сваім землякам гісторыю. I цяпер мы ведаем, што гісторыя наша пачалася не са стрэлу “Аўроры”, а на шмат стагоддзяў раней, у сівую даўніну, і што яна цяжкая, часам трагічная, але багатая і цікавая, і яе трэба ведаць, любіць і шанаваць.

Нарадзіўся Генадзь Аляксандравіч 8 студзеня 1936 г. ў вёсцы Дамашы, якая прытулілася да самага горада Маладзечна. Вучыўся ў Лебедзеўскай сярэдняй школе, аддаў належнае армейскай службе, а потым быў гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага педагагічнага інстытута, вучобу ў якім Г.А.Каханоўскі выкарыстаў для таго, каб у багатых маскоўскіх архівах і музеях “выкапаць” як можна больш матэрыялу на карысць роднай Бацькаўшчы. Веды ў галіне гісторыі Беларусі і Маладзечанскага краю значна паглыбіліся і тады, калі Генадзь Аляксандравіч працаваў у Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне. Тут ён прайшоў шлях ад навуковага супрацоўніка да дырэктара музея, абараніўшы ў 1979 г. кандыдацкую дысертацыю па тэме “Станаўленне археалогіі і гістарычнага краязнаўства Беларусі ў эпоху феадалізму”. Фонды музея ўзбагаціў шматлікімі экспанатамі, сярод якіх ёсць выключна рэдкія: 15 старадрукаў (кніг), “Уніяцкі служэбнік” 1740 г. выдання, “Вопіс на карысць Хоўхлаўскай царквы”, зроблены князем Станіславам Кішкам (1607), напісаны на старабеларускай мове (лацінкай), “Тлумачэнні да твораў Цыцэрона” (1762; Нясвіжская друкарня Радзівілаў) і інш.

Сваёй шчырай працай на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў Генадзь Аляксандравіч пакінуў важкі след. 1982 г. быў для нашага навукоўца новай прыступкай у пазнанні гісторыі свайго народа − яго запрасілі ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі.

Крыху пазней Генадзь Аляксандравіч узначальвае ім задуманы і створаны аддзел, які займаецца пытаннямі краязнаўства, музеязнаўства і бібліятэказнаўства ў асветным цэнтры імя Ф.Скарыны. Накопленыя веды, вялікі жыццёвы вопыт даюць магчымасць падняцца яшчэ на адну прыступку вышэй у навуцы. У 1982 г. Г.А.Каханоўскі абараняе доктарскую дысертацыю на тэму “Гісторыя вывучэння культуры Беларусі ў канцы 18 – пачатку 19 стагоддзя”.

Усё, што знаходзіў Генадзь Аляксандравіч у розных музеях і архівах, што сумеў выкапаць з глыбіні стагоддзяў пра родны край, спяшаўся вынесці на старонкі часопісаў, газет, каб падзяліцца з людзьмі гістарычнымі навінамі. I кнігі адна за другой сталі з’яўляцца на паліцах магазінаў і бібліятэк.

Талент яго як пісьменніка рос з кожным днём. Яго пяру былі падуладны вобразныя замалёўкі куткоў Маладзечанскай зямлі, гістарычных падзей, вобразаў цікавых людзей. Ім напісана больш за дзесяць кніг. Адна з першых “На запаветнай зямлі” была прысвечана нашаму песняру Янку Купалу. Пра знаходжанне Максіма Багдановіча ў фальварку Ракуцёўшчына ўлетку 1911 г. Генадзь Аляксандравіч расказаў на старонках кнігі “У родным краі”. Ім напісаны кнігі “Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI -XIX ст.”, “Адчыніся, таямніца часу”, “Повязь часоў”, “А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю”, “Прадвесне навукі”, “Руплівец нашай старасветчыны” (з сынам А.Г.Каханоўскім), “Маладзечна”, “Вілейка”.

Яго пяру належыць каля тысячы публікацый, шмат артыкулаў у энцыклапедычных выданнях. 3 поўным правам Генадзь Аляксандравіч быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Сёння, калі маладое пакаленне прагна вывучае гісторыю, яго кнігі сталі на ўзровень падручнікаў. Сапраўдны патрыёт спяшаўся не толькі адкрыць таямніцы гісторыі, але і ўвекавечыць іх памяць. Сёння Маладзечаншчыну можна назваць музеем пад адкрытым небам, бо тут каля двухсот помнікаў. Шматлікія з іх устаноўлены па ініцыятыве і пры непасрэднай дапамозе Генадзя Аляксандравіча Каханоўскага.

Ён пайшоў з жыцця 15 студзеня1994 года, пакінуўшы нам сваю працу, свае памкненні, сваё сэрца. Маладзечанцы шануюць памяць свайго земляка, навукоўца, пісьменніка і добрага сціплага чалавека, якім быў Г.А.Каханоўскі.

На Стара-Віленскім шляху каля вёскі Мясата ўстаноўлены помнік гэтай старажытнай дарозе. Вялікія камяні-валуны трымаюць на сваіх грудзях пліты з імёнамі знакамітых людзей, якія нарадзіліся ці звязалі свой лёс з Маладзечаншчынай. Тут ёсць імя нашага земляка, якім мы ганарымся, – Генадзя Аляксандравіча Каханоўскага.

Л.І.Карповіч.

(Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка горада Маладзечна і Маладзечанскага раёна – Мн.: БелЭн, 2002. -с.646-647.)

Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР.

 

/* Style Definitions */
table.MsoNormalTable
{mso-style-name:”Обычная таблица”;
mso-tstyle-rowband-size:0;
mso-tstyle-colband-size:0;
mso-style-noshow:yes;
mso-style-parent:””;
mso-padding-alt:0cm 5.4pt 0cm 5.4pt;
mso-para-margin:0cm;
mso-para-margin-bottom:.0001pt;
mso-pagination:widow-orphan;
font-size:10.0pt;
font-family:”Times New Roman”;
mso-ansi-language:#0400;
mso-fareast-language:#0400;
mso-bidi-language:#0400;}