Гульцы каманды “Лядовыя пінгвіны” ў пятніцу, 24 студзеня, зладзілі дабрачынны матч.

Напярэдадні яны звярнуліся да ўсіх сваіх заўзятараў і проста прыхільнікаў хакея з просьбай дапамагчы дзецям, якія апынуліся ў няпростым жыццёвым становішчы. Рэчы, якія прынеслі заўзятары, хакеісты ў панядзелак перадалі дзецям з сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
Маленькія выхаванцы цэнтра чакалі хакеістаў з самай раніцы. Калі я спытала, ці бачылі яны, як гуляюць у хакей у жывую, адказалі, што не. Надта ж  позна  пачынаюцца матчы мала­дзе­чанскай каманды!

− Цяпер у нашым цэнтры 18 дзетак, самаму малодшаму – чатыры гадкі, старэйшаму – 14, – расказвае намеснік дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Таццяна Шчэбет, – але ўсе, незалежна ад узросту, заўсёды чакаюць гасцей. Бывае, з самай раніцы пытаюцца, а хто прыйдзе да нас сёння. Для дзяцей важнымі з’яўляюцца зусім не падарункі, што шчодра прыносяць нашы наведнікі, а магчымасць пагутарыць, пазнаёміцца з новымі людзьмі, расказаць ім пра сябе. Дзеці, якія абдзеленыя цяплом і ўвагай дома, тут раскрываюцца і аддаюць у тысячу разоў больш.

 − Ці часта да вас прыходзяць госці?
− Так, увагай мы не абдзеленыя. Аднак мяне здзіўляе тое, як многа ў нас у горадзе неабыякавых людзей.

На навагоднія святы да нас у цэнтр прыходзілі людзі, якія прыносілі дарагія падарункі, цукеркі, і нават не называлі сваё імя.

Галоўнае, што яны проста шчырыя і добрыя людзі. Так, як і нашы сённяшнія госці. Хлопцы з каманды “Лядовыя пінгвіны” самі знайшлі нас, прапанавалі сваю дапамогу, за што ад нашага калектыву дарослых і дзяцей ім  вялікі дзякуй.

Сяргей Гайдукевіч, хакеіст каманды “Лядовыя пінгвіны”, распавёў “Рэгіянальнай газеце”, што ўсе гульцы каманды падтрымалі ідэю дабрачыннага матча.
− У нашай камандзе амаль усе хакеісты маюць сваіх дзяцей, таму тут нават і пытання не паўставала, ці варта рабіць такі матч, − гаворыць Сяргей. − Вельмі прыемна тое, што не толькі нас зацікавіла такая акцыя. Нашы сапернікі па гульні, сталічная каманда “IceCity-2 Extra”, таксама адгукнуліся на гэтую акцыю, перадалі шмат цацак, спартыўнага інвентару.
− Гэта першая дабрачынная гульня, ці будзеце і ў далейшым ладзіць нешта падобнае?
− Абавязкова. Мы прыйшлі сёння да дзяцей і нават трохі разгубіліся. Абавязкова ў наступны раз падрыхтуем і нейкую забаўляльную праграму. Яшчэ да нас адразу пасля матча сталі звяртацца розныя арганізацыі горада.

Магчыма, у хуткім часе зладзім яшчэ адну гульню, каб дапамагчы дзеткам-адказнікам з маладзе­чанскай радзільні.

− Вы гэты матч выйгралі з лікам 6:1. Ці думаеце, што гэта адбылося таму, што вы сталі рабіць дабро?
− Добрымі мы заўсёды былі, гэта толькі пінгвін на нашай эмблеме злы, але гэта для таго, каб сапернікі баяліся. А выйграваць заўсёды прыемна, тым больш у такіх матчах.
Наталля ТУР.
Фота Наталлі ТУР.