Фінал другога (раённага) этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” адбыўся ў чацвер, 30 студзеня, у гімназіі-каледжы мастацтваў.

На суд журы настаўнікамі будзе прадстаўлены конкурс-самапрэзентацыя і міні-ўрок на зададзеную тэму.
− На якую тэму будзе ўрок, пакуль не ведаюць і самі ўдзельнікі, яе агучаць толькі ў сераду, калі правядзём лёсаванне, − паведаміла ў панядзелак “Рэгіянальнай газеце” загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Аксана Семеж.
Усяго ў фінал раённага этапу выйшлі 12 настаўнікаў з Маладзечна і Маладзечанскага раёна.
Аксана Семеж распавяла пра тое, што ў фінале прымуць удзел як настаўнікі з вышэйшай катэгорыяй, так і маладыя спецыялісты.
Трое выкладчыкаў-мужчын таксама ў ліку фіналістаў конкурсу. Гэта настаўнікі гісторыі з 5-й і 11-й школ і настаўнік англійскай мовы з гімназіі-каледжа маста­цтваў.
− Па якіх крытэрыях адбіраліся ўдзельнікі? Чым пакарылі членаў журы ўдзельнікі фіналу?
− У адборачных этапах конкурсу ўдзельнічалі каля 80 педагогаў. Галоўным крытэрыям адбору былі, безумоўна, праведзеныя ўрокі ўдзельнікаў. Кожны этап урока ацэньваўся пэўнымі баламі. Уладальнікі найбольшай колькасці балаў і сталі фіналістамі.
− Выкладчыкаў якіх прадметаў у фінале конкурсу больш?
− У фінале конкурсу настаўнікі абсалютна розных прадметаў. У нас не было задачы выбраць спецыялістаў толькі гуманітарнага або дакладнага цыклу. Па правілах, у фінале конкурсу павінны быць настаўнікі розных спецыяльнасцяў, у шасці намінацыях: “фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”; “замежная мова”; “беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура”; “пачатковыя класы”; “музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”; “гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія”;

Пераможцамі у сваёй намінацыі сталі:

Таццяна Гайшун, настаўнік матэматыкі ДУА «Сярэдняя школа № 14 г.Маладзечна» – намінацыя «Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка»;

Максім Міхайлаў, настаўнік замежнай мовы ДУА «Гімназія -каледж мастацтваў г.Маладзечна» – намінацыя «Замежная мова»;
Вольга Пагірэйчык, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія № 10 г. Маладзечна» – намінацыя «Беларуская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура»;
Ірына Жаўняровіч, настаўнік пачатковых класаў ДУА «Гімназія № 3 г. Маладзечна» – намінацыя «Пачатковыя класы»;
Таццяна Курыловіч, настаўнік пачатковых класаў ДУА «Гімназія № 6 г. Маладзечна» – намінацыя «Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка» ;
 
Максім Самаль, настаўнік гісторыі ДУА « Сярэдняя школа № 5 г. Маладзечна» – намінацыя «Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія»;

Пераможцы прадставяць Маладзечна ў трэцім (абласным) этапе конкурсу.

Конкурс “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” праводзіцца з 1991 года. Спачатку ён праводзіўся ў межах Усесаюзнага конкурсу “Настаўнік года”.

Сімвалам конкурсу з’яўляецца “Хрустальны журавель”, яго і ўручаюць пераможцам конкурсу.

Першы рэспубліканскі конкурс “Настаўнік года Беларусі” адбыўся ў 1995 годзе. Тады ўладальнікам тытула “Настаўнік года” стаў настаўнік фізікі з горада Драгічына.
Намеснік дырэктара па эстэтычным выхаванні з маладзечанскай беларускай гімназіі Таццяна Бабей у 1995 годзе стала пераможцай абласнога этапу конкурсу.
У 2001 годзе яшчэ адна настаўніца з маладзечанскай беларускай гімназіі, Галіна Дрокіна, – у ліку пераможцаў абласнога этапу конкурсу.
У 2006 і 2011 годзе настаўнікі з Маладзечна,  Валожына і Мядзела станавіліся пераможцамі абласных этапаў конкурсу, але пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” ім стаць не пашчасціла.
У 1997 годзе “Хрустальны журавель” апынуўся ў руках настаўніцы гісторыі з Ашмянаў Валянціны Гінчук, а ў  2006 годзе – Ірыны Клявец, настаўніцы біялогіі са Смаргоні.
Наталля ТУР.

Фота crane.head.by, megamir.org.ua