Што такое пажарны цягнік, якое значэнне ён мае ў структуры МНС, распавёў начальнік цягніка Андрэй Шыман.
Сам пажарны цягнік, мяркую, бачылі ўсе, хто хоць раз ехаў да станцыі Маладзечна па чыгунцы. Пяць чырвона-белых вагонаў нязменна дзяжураць непадалёк ад канцавога прыпынку.
Летась пажарны цягнік з Маладзечна выязджаў на весем здарэнняў. Ён можа рушыць на здарэнні, якія адбыліся на адлегласці 100 кіламетраў.
− Нашаму цягніку ўжо больш за 50 гадоў. Канешне, штогод яго мадэрнізуем, набываем новае абсталяванне. У мінулым годзе набылі ванну для перапампоўкі небяспечных грузаў.
Пажарны цягнік мае вагон-помпавую станцыю, дзве цыстэрны з вадой, вагон з нейтралізатарамі, каб ліквідаваць наступствы некаторых небяспечных грузаў. Сярод нейтралізатараў у нас ёсць мяшкі з мелам, содай, сульфатам натрыю. Ёсць і пустая цыстэрна, каб у яе можна было перапампаваць вадкасць, якая выліваецца з пашкоджанай цыстэрны.
− Бывае, аварыі на чыгунцы здараюцца там, куды аўтамабілі МНС даехаць не могуць. Тады наш цягнік проста незаменны. Але, як вы бачыце, свайго цеплавоза ў нас няма. Таму, калі паступае паведамленне аб аварыі, цеплавоз можа быць зняты з любога састава, нават і з пасажырскага, − працягвае Андрэй Шыман.
У нашым атрадзе сёння працуе 20 чалавек, усе яны добра падрыхтаваныя спецыялісты. Навічкоў у нас амаль няма. Тыя, хто прыходзіць працаваць, застаюцца да самай пенсіі.
Не магу не задаць правакацыйнае пытанне:
− А калі раптам загарыцца сам пажарны цягнік?
− Да такога жыццё нас не рыхтавала (жартуе). А калі сур’ёзна, цягнік абсталяваны ўсім неабходным: ад іголкі да самых сучасных электрапомпаў. І вогнетушыцелі таксама ў нас прадугледжаныя.
Супрацоўнік аварыйна-выратавальнага цягніка выратавальнік Дзмітры Мястоўскі дадае.
− У нашых спецкасцюмах можна праседзець у салянай кіслаце восем гадзін. Калі хочаце, магу даць прымераць.
Мераць я, канешне, не стала, але на вобмацак касцюм вельмі шчыльны.
− Даводзілася бываць і ў такіх сітуацыях?
− Не, дзякуй богу, не. Пераважна мы прымаем удзел у вучэннях. Хай так і будзе заўсёды.
Чытаць яшчэ: На чыгунцы правялі паказальныя вучэнні, Як адзначыць Дзень выратавальніка? Узарваць вагон!
Наталля ТУР.
Фота Наталлі ТУР.