Менавіта такі пейзаж бачаць жыхары вуліцы Будаўнікоў у Насілаве.

Кантэйнеры са смеццем размешчаныя сярод прыгожых загарадных дамоў. Яны і так не вельмі падабаюцца тым, хто жыве непадалёк, а калі з іх несвоечасова вывозяць смецце, становіцца проста агідна.

У рэдакцыю “РГ” патэлефанаваў Уладзімір Анатольевіч, які жыве ў адным з дамоў каля кантэйнераў. Ён абураўся, што не вывозяць смецце, што яго сабралася не за адзін тыдзень:

− Тыдні тры тут не вывозілі смецце, і паглядзіце, што робіцца! Я гаварыў з суседзямі − усе моцна незадаволеныя. Калі яно не вывозіцца, пачынаюць лазіць каты, сабакі. Жанчыны нават баяцца хадзіць каля сметніц. У суседзяў двое дзяцей 10-12 год, ходзяць у школу гэтай дарогай. Сабакі зграямі па 5-7 носяцца − вядома, страшна. Гэта ж цэнтр пасёлка − і каб так загаджана было! Кантэйнеры трэба было б паставіць бліжэй да цяпліц.

Жыхар Насілава дадае: у тым, што ў пасёлку не заўсёды чыста, часткова вінаватыя і самі людзі. Не ўсе разумеюць сваю адказнасць і не ўсе лічаць патрэбным акуратна выкідаць смецце.

Смецце вывозяць – новая праблема

Жыхарка Насілава Ірына Мечыславаўна, падышоўшы да сметніц, у першую чаргу паспачувала тым, хто жыве побач. Бо смецце параскідана каля кантэйнераў, ветрам яго разносіць па вуліцы, найбольш прыбівае да агароджы суседняга дома. Здаецца, пабудаваў прыгожы дом, жывеш на прыродзе, а з дому такі краявід.

Ірына Мечыславаўна заўважыла, што калі смецце не вывозяць, то гэта адна праблема. А калі вывозяць − з’яўляецца іншая:

− Вось толькі што забралі на суседняй вуліцы. І вы бачыце, што прыбіральшчыкі пасля сябе пакінулі? Там жа паўсюль параскідана. Няўжо іх не вучаць, як трэба прыбіраць? І тут тое самае будзе. Дык цяпер зіма,  не так відаць. А вось паглядзіце, што вясной будзе. Для чаго было ставіць кантэйнеры пасярод вуліцы, можна ж у канцы размясціць.

Жанчына падзялілася здагадкай, што прычына перапоўненых сметніц не толькі ў тым, што камунальнікі несвоечасова забіраюць смецце:

− Многія дамы не ўведзеныя ў эксплуатацыю, а людзі жывуць. Маючы кватэру ў горадзе, за новае жытло не хочуць плаціць падатак. Правялі б рэйд − знайшлі б такіх. Калі вываз разлічаны на 20 дамоў, а жывуць яшчэ ў дзесяці, ясна, што смецця будзе больш. Ёсць жа нормы па колькасці жыхароў.

Як перанесці сметніцу

Дырэктар філіяла “Раённая ЖКГ” УП “Камунальнік” Валянцін Апяцёнак патлумачыў сітуацыю:
− Нормы па вывазе ёсць. Мы пастаянна сочым, ці заключаны дагавор на вываз смецця. Калі ў жылым доме не заключаны − заключаем. Але гэта жыццё, здараецца, што чалавек жыве, але дом не ўлічаны ў вывазе смецця. Такое вырашаецца. Сапраўды, у Насілаве мы не змаглі вывезці смецце па графіку. Маразы адыгралі сваю ролю. Камунальная тэхніка падводзіць, палова яе стала.
Наконт размяшчэння кантэйнераў Валянцін Рыгоравіч распавёў, што месца ўзгодненае з мясцовай уладай, экалагічнай службай і Цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Яно адпавядае нормам па адлегласці да жылых дамоў і іншым.

Калі жыхары не задаволеныя размяшчэннем кантэйнераў, яны могуць ініцыяваць перанос.

Але калі жыхары незадаволеныя, дастаткова проста напісаць заяву ў “Камунальнік”. Спецыялісты яе разгледзяць і адкажуць, ці магчыма гэта.

Прыбіральшчыкі павінны падтрымліваць чысціню

Валянцін Апяцёнак адказаў і наконт таго, ці павінны прыбіральшчыкі смецця пакідаць пасля сябе зону кантэйнераў чыстай:

− Гэта ўваходзіць у іх службовыя абавязкі. Яны мусяць падтрымліваць кантэйнеры ў належным выглядзе, адпаведным санітарным стане. Як і іншыя аб’екты, сметнікі павінны вытрымліваць санітарныя нормы. Тут прычына, на жаль, у чалавечым фактары.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Ад рэдакцыі. Пасля таго, як матэрыял падрыхтаваліда друку, чытач Уладзімір Анатольевіч пазваніў у рэдакцыю і падзякаваў. Паводле яго слоў, у сераду не толькі забралі смецце, але і чыста прыбралі тэрыторыю каля кантэйнераў.