Новы гаспадар разлічвае закончыць турыстычны аб’ект у Стайках у наступным годзе.

Летась бровар з былой сядзібы Багдановічаў “Двор Стайкі” быў перададзены пад інвестыцыйны праект таварыству “ТрактЦэнтр Азярцо” для рэканструкцыі з рэстаўрацыяй будынка пад канцэртна-выставачную залу. Мы паразмаўлялі з кіраўніком праекта з боку таварыства Аксанай Волкавай.

− Што інвестар паспеў зрабіць на былой сядзібе?

− Рэалізацыя праекта па аднаўленні бровара была вельмі напружанай, але цікавай. Яна ўключыла планаванне, праектаванне і будаўніцтва. За апошні год зрабілі нямала. Бровар − адзіная гістарычная пабудова сядзібы 18-19 стагоддзяў, якая захавалася. Ён набыў новы змест, але не страціў старадаўні выгляд. Летась мы таксама добраўпарадкоўвалі шляхецкі парк з сажалкамі, каб аднавіць гістарычнае аблічча ўсёй былой сядзібы. Гэта аказалася не менш складаным, але ў нас атрымалася. Цяпер на першы план выйшла праблема захавання ў парку стайні і склепа, разбураных часам.

Распрацоўваем праект комплексу ў былой сядзібе. Ён будзе камфартабельны і сучасны. Пабудуем гасцініцу, правядзём лінію электраперадач, водаправод і пры гэтым захаваем чароўнасць даўніны.

− Чаго чакаць будучым гасцям?

− Стаецкі двор пасля аднаўлення і рэканструкцыі дазволіць гасцям не толькі сузіраць захаваную арыгінальную архітэктуру бровара, стайні і склепа, як у музеі, але і актыўна бавіць час ці проста паблукаць па сцяжынках парку.

Да канца 2015 года чакаем завяршэння работ, але аб’екты будзем уводзіць у эксплуатацыю паступова.

Пасля рэканструкцыі тут можна будзе ладзіць фестывалі, прысвечаныя гістарычным датам і падзеям, мерапрыемствы культурнага, спартыўнага, гістарычнага, этнаграфічнага і дзелавога кірунку. Двор стане цудоўным месцам для конкурсаў, канцэртаў, карнавалаў, спектакляў, канферэнцый, форумаў, выстаў. Госці будуць бавіць час сярод чароўнага старадаўняга пейзажу з матывамі нацыянальных традыцый.

Чытайце яшчэ на гэтую тэму: Інвестар ратуе панскі бровар у Стайках

У Вілейцы абмяркуюць архітэктурны праект рэканструкцыі бровара ў Стайках

Зоя ХРУЦКАЯ.
Фота забяспечана Дзянісам КАНЕЦКІМ.