Далёка не кожнай культурнай падзеі шчасціць не толькі запоўніць залу, але і атрымаць больш за 60 гледачоў, гатовых пастаяць.

Спачатку арганізатары давалі слова маладзечанскім паэтам, распавядалі пра праект і падрыхтоўку да 250-годдзя Міхала Агінскага.

Нарэшце, уключылі фільм. Прыгожыя фарбы, цікавыя факты, прыемны голас, але… ўсё па-руску. Было дзіўна чуць, як беларускую гаворку даследчыкаў Агінскага таксама пераклалі. Праўда, потым фільм спынілі і пачалі шукаць беларускую версію і не знайшлі. Аказваецца, проста пераблыталі дыскі: рускамоўную версію паклалі пад беларускую вокладку. Дырэктар музкаледжа і адзін з удзельнікаў фільма Рыгор Сарока не разгубіўся і патлумачыў сітуацыю, а таксама дадаў, што існуюць тры версіі пераклада.

“Агінскі жыве ўва мне”

Фільм складаецца з дзвюх частак: дакументальнай і мастацкай, якія змяняюць адна адну. Вядомыя даследчыкі жыцця і творчасці Міхала Клеафаса Агінскага распавядаюць пра фрагменты яго жыцця, а пасля падзеі жыцця па-мастацку абыгрываюцца.

Праект зроблены па заказе Міністэрства культуры. Ён адразу на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Але мог быць на дзвюх.

Анастасія Мірашнічэнка.

Рэжысёр Анастасія Мірашнічэнка ўдакла­дняе:

− Мы адстаялі, каб была беларускамоўная версія, таму што першапачаткова задумваўся рускамоўны арыгінал. Я не ўяўляю, як пра нашу гісторыю, пра Міхала Клеафаса, можна распавядаць па-руску. Але ўлічваючы, што да нас прыязджае шмат турыстаў, для якіх руская мова больш зразумелая, стварылі і такі варыянт.

− Ці стала асоба Агінскага для вас асаблівай?

− Дзяўчаты зайгралі яго мелодыю − у мяне слёзы наварочваюцца. Я яго музыку спакойна слухаць не магу. Я праніклася ім, ён жыве ўва мне. Прайшло паўгода пасля заканчэння здымак, здавалася, ну што тут ужо плакаць? А як пачую “Развітанне з Радзімай” – у мяне вось, бачыце, слёзы. Падчас працы над фільмам я прачытала столькі ўсяго, той літаратуры, якая толькі нядаўна перакладзеная і сёлета выйдзе ў свет. І гэта мы скарысталі ў фільме.

Але каб расказаць пра жыццё Міхала Клеафаса Агінскага, 39 хвілін крайне мала, мы прайшліся па вяршках! Гэтая постаць годная добрага, 1,5-гадзіннага мастацкага фільма ці нават якаснага серыяла.

Там жа столькі лёсаў! Вы ўяўляеце, як нам даводзілася цікавыя фрагменты адсякаць, гэта было вельмі складана.

Дыскі замест падручнікаў

Анастасія Мірашнічэнка ўпэўненая ў запатрабаванасці фільма пра нашага земляка:

− Гэта тое, чым мусім ганарыцца. Праз яго жыццё можна вывучаць гісторыю. Такія фільмы варта паказваць у школе, таму што навучэнне праз лёс чалавека запомніцца. Дзякуючы гэтаму можна сапраўды зразумець і палюбіць краіну, у якой жывеш, а значыць, ганарыцца ёй.

Фільм будзе прадавацца ў месцах, дзе звычайна рэалізуюць дыскі, у некаторых кніжных крамах.

Некалькі фактаў пра Агінскага, агучаныя ў фільме:

– Цягам 30 год у прэсе час ад часу з’яўляліся паведамленні пра яго трагічную смерць.
– Пачаў палітычную кар’еру ў 19 год, калі ўвайшоў у Сойм Рэчы Паспалітай.
– Называў сябе грамадзянінам замест высакароднага тытула.
– Перад смерцю перахрысціў дзіця дачкі Эмы, якое толькі нарадзілася.

Фільм пра Міхала Клеафаса Агінскага прэзентавалі ў Маладзечне (ФОТА)

Прэзентацыя фільма “Рана ў сэрцы. Міхал Клеафас Агінскі” адбылася 30 студзеня ў кінатэатры “Радзіма”.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота аўтара.