Сярод мясцовых жыхароў і выхадцаў з невялічкай лясной вёсачкі Старадубава і наваколля і сёння жывая гісторыя пра шэсць пудоў золата, схаваных непадалёк ад Вішнеўскага возера.

У час Першай сусветнай вайны тут стаялі расійскія войскі. У аднаго генерала паўднёвай групы 2-й рускай арміі, назавем яго Б., за нялёгкую службу на перадавой сабралася шэсць пудоў золата і каштоўнасцяў. Бо для каго вайна, а для каго матка родная. Ні ў якім разе не хачу пакрыўдзіць удзельнікаў бітваў – у самога дзед ваяваў каля Вішнеўскага, іграў у палкавым аркестры на трубе (аркестр хадзіў разам з усімі ў штыкавыя атакі).

У 1917 годзе на фронце з-за актыўнай антываеннай агітацыі з боку рэвалюцыйных партый і папулісцкай палітыкі Часовага ўраду руская армія раскладалася і траціла баяздольнасць.  Многаматорныя нямецкія бамбардзіроўшчыкі  рэгулярна праводзілі бамбардзіроўкі рускіх пазіцый і тылавых аб’ектаў. Адным словам, падаваў хаос.

Генерал Б. вырашыў прыхаваць нажытае да лепшых часоў. Яго дзяншчык з Мазыра (прозвішча невядомае) выбраў некалькі прыкметных дрэў, пад якімі закапаў артылерыйскую скрыню з каштоўнасцямі.  Генерал Б. згубіўся ў віры Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Пасля рэвалюцыі ў 1917 годзе дзеншчыка, як памагатага белым, арыштавалі і накіравалі ў турму ў Навагрудак, дзе яго ў 1918-м вызвалілі палякі. У 20-м ён вярнуўся на радзіму ў Мазыр.

Жыў бы ён сабе ды жыў, але, што называецца, пацягнуў яго д’ябал паспрабаваць адкапаць каштоўнасці. У 1950-х гадах, прыхапіўшы з сабой ужо дарослага сына, ён накіраваўся на берагі Вішнеўскага. Аднак адны дрэвы выраслі, іншыя зрэзалі, таму адразу месца кладу знайсці не атрымалася. Засталіся начаваць.

У той час з’яўленне новых людзей не магло прайсці незаўважаным, таму ўжо на другі дзень бацьку і сына арыштавала НКВД. Змясцілі іх ў Вілейскую турму, дзе прыняліся дапытваць: хто і адкуль? Што было далей, навечна пахаваная ў камеры допытаў. Але, як вынік, дзеншчыка прыгаварылі да расстрэлу, а сыну далі 25 гадоў лагераў.

Мясцовыя жыхары расказвалі, што бацьку і сына некалькі разоў прывозілі на грузавіку на бераг Вішнеўскага, дзе вязні закладвалі шурфы, капалі ямы. Але, як казалі старыя людзі, скарб не даўся.

У снежні мінулага года я сам пабываў у гэтых мясцінах. Мяркуючы па свежых ямах, пошукі скарбу працягваюцца. Вясковым жыхарам часам сустракаюцца падазроныя асобы з металадэтэктарамі наперавес. Па мне, няхай шукаюць. Толькі б не натыркнуліся на снарады…

Ігар КІЦІКАЎ, Вілейка.

Страшныя тайны вёскі Старадубава на Вілейшчыне