Не кнігі, не часопісы, а лялькі прадстаўлены на новай выставе ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка.

Называецца яна “Гераіні любімых раманаў”, а пачалася 28 студзеня.

Тут і Джэйн Эйр, Маргарыта са знакамітага рамана Міхаіла Булгакава, Эма Бавары з рамана “Мадам Бавары” Флабера,  Нора Хельмер (“Лялечны дом” Ібсэна) – усяго 16 лялек з калекцыі “Дамы эпохі”. А побач і кнігі адпаведныя размешчаны.

– Гэтая выстава цікавіць наведвальнікаў бібліятэкі: прыгожыя лялькі ў вытанчаных строях прыцягваюць іх увагу. А потым, мяркую, і кнігу пачытаць захочацца, – кажа загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ Ірына Цыгельнікава. – І нашым бібліятэкарам цікава было гэтую выставу афармляць.

А дапамаглі ім ажыццявіць ідэю новай выставы мядзяльчанка Святлана Чарняўская і пяцікласніца сярэдняй школы №2 райцэнтра Ксенія Лявонава. Яны прынеслі ў бібліятэку гэтыя лялькі, якія прадаваліся ў шапіках “Белсаюздруку”.

– І калі хто яшчэ з мядзяльчанак захоча прынесці лялькі з калекцыі “Дамы эпохі” (іх выпускалася больш), то будзем толькі рады, – дадае Ірына Цыгельнікава.

Працягнецца выстава не менш за месяц.

Алесь ВЫСОЦКІ. 

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.