Першая субота лютага, калі ва ўсіх школах ладзяцца вечары сустрэчы аднакласнікаў, традыцыйна вяртае нас ва ўспаміны дзяцінства.

Калі паміж былымі аднакласнікамі абмеркаванае тое, дзе хто працуе, у каго якая сям’я і як усе змяніліся або засталіся ранейшымі, застаецца толькі ўспамінаць, якімі мы былі 10-15 гадоў таму. Якія песні слухалі, хто ў каго быў закаханы і як аб гэтым можна было расказаць сваёй сяброўцы, каб сам аб’ект любові пра гэта не здагадаўся. Сацыяльных сетак, ды і інтэрнэта ўвогуле, тады не было.

Увесь “наш інтэрнэт” змяшчаўся ў звычайных школьных сшытках, дзе можна было знайсці выразкі з газет і часопісаў з любімымі акцёрамі, лірычныя вершы як вядомых паэтаў, так і ўласнага аўтарства (адны і тыя ж вершы безліч разоў перапісваліся з аднаго сшытка ў другі, таму не дзіўна, што аўтарства незваротна гублялася), мудрагелістыя фразы “пра сэнс жыцця”, засушаныя кветачкі, білеты з кінатэатраў, фанцікі ад цукерак і жуйкаў, укладзеныя паміж старонкамі,  выкананыя фламастарамі разнастайныя ўзоры на палях сшыткаў; “сакрэцікі” (у складзеным у канверцік лісце было напісана нешта тайнае), розныя “варажбіткі” і, вядома ж, самыя папулярныя анкеты і спеўнікі.
Дзявочыя анкеты
Сваю анкету дзесяцігадовай даўніны я прыхапіла з сабой на вечар сустрэчы. Дзіўна, але ні адна з маіх былых аднакласніц не ўспомніла, як запаўняла. І за дзесяць гадоў ні адзін свой адказ (нават колер валасоў і дату нараджэння) ніводная з іх не паўтарыла.

У маёй анкеце было ўсяго 17 пытанняў, а я памятаю і такія, дзе трэба было адказаць на 101 пытанне. І адказвалі ж!
Усе анкеты, вядома, пачыналіся з указання імя і даты нараджэння. А далей ішлі любімыя кветкі і колеры, любімыя імёны і святы, любімыя акцёры і актрысы і ўсё-ўсё любімае, што можна толькі сабе ўявіць.

10 гадоў таму на пытанне, хто твой любімы акцёр, маладзечанка Ілона Прастак адказвала, што гэта Алек Болдуін, а цяпер любімым акцёрам стаў Сяргей Бязрукаў. Яшчэ для параўнання: тады любімым відам спорту ў Ілоны было фігурнае катанне, цяпер біятлон, тады любімай кнігай быў раман “Знесеныя ветрам”, цяпер гэта “Партрэт Дарыяна Грэя”, раней любіла глядзець тэлевізар, цяпер любіць падарожнічаць.

Пытанні, хто табе падабаецца, у каго ты закаханая, заставаліся без адказу. Або замест імя ставіліся зорачкі. Так і зараз, на пытанне, у каго ты закаханая, сяброўка палічыла за лепшае праігнараваць. Дзяўчынкі, яны і цяпер у душы такія ж дзяўчынкі.
Апошнім пытаннем анкеты было таксама традыцыйнае пытанне: твае пажаданні гаспадыні анкеты, або задай сваё пытанне гаспадыні анкеты.

Карыстаючыся сучаснымі сродкамі сувязі, я адаслала фотаздымак адказу на анкету сваёй яшчэ адной аднакласніцы Вользе Пячэрскай, што не была на вечары сустрэчы. Адказ атрымала адразу:

− Я ледзьве не заплакала… Клаааасссс… Шкада, што ў мяне не захавалася ні адной… Душэўна так)). Дзякуй за настальгію.

Спеўнікі – плэйлісты 90-х гадоў
Спеўнікі былі ва ўсіх дзяўчат. Гэта я памятаю дакладна. Таму што песні перапісваліся адна ў адной. І калі раптам адна дзяўчына па нейкай прычыне не дачуе радок з песні, такая памылка паўтаралася ў кожным спеўніку, блыталі не толькі радкі песні, але і імёны выканаўцаў. Напрыклад,

у спеўніку-анкеце адной маёй сяброўкі, якая прыехала з Германіі, ва ўсіх дзяўчынак улюбёная спявачка была Сафіра Тару (Сафія Ратару, як потым высветлілася).

Тыповы спеўнік складаўся з анкеты яго гаспадыні, фотаздымкаў “зорак” з часопісаў тых часоў (у мяне быў фотаздымак Валерыя Лявонцьева і Лаймы Вайкуле, якія я выдрала са спеўніка старэйшай суседкі), падзел сакрэту (часцей за ўсё, загнуты трохкутнікам ліст паперы з надпісам: “Сакрэт – глядзець нельга!”, разгарнуўшы які кожны мог прачытаць: “Ох, якая ты свіння, тут  напісана ж – нельга!”) і, нарэшце, уласна песень.

У маіх сяброў-хлопчыкаў таксама былі спеўнікі, але без малюначкаў і анкетак. На першай старонцы такіх спеўнікаў была вычарчаная табліца гітарных акордаў, а над словамі кожнай песні былі пазначаныя тыя самыя акорды, па якіх трэба іграць. Мы, дзяўчынкі, перапісвалі песні разам з акордамі, спадзеючыся, што калі-небудзь абавязкова будзем і мы іграць на гітары.

Песні, што перапісваліся ў хлопчыкаў, былі гуртоў “Агата Крысці”, “ДДТ”, “Чыж” , “Чайф”, “Кіно”  і іншых расійскіх рок-гуртоў.
Ну і, канешне ж, куды без песень, якія спяваліся ўсім дваром: “Афганістан”, “Белая сукенка”, “Джанэль”, “Пунсовыя ветразі” і шматлікія іншыя песні.

Іншыя “даінтэрнэтаўскія” забавы

Цяпер цяжка ўявіць сучаснае пакаленне, выхаванае на  “Контрстрайку”, “Варкрафце”  і іншых гульнях. Ці будуць цяперашнія хлопчыкі і дзяўчынкі гуляць у школу ці ў магазін, дзе грашыма паслужаць лісточкі з дрэў?

У маім двары мы гулялі ў цягнік, дзе білетамі на праезд былі таксама тыя ж лісточкі. Ліст бэзу мог давезці да Сімферопаля, а вішні – толькі да Фаніпаля.

Дзесяць год таму звычайная дзяўчынка будучы журналіст Зоя Хруцкая  вяла судовае пасяджэнне, на якім слухалася справа герояў казкі “Сава і дзяцел”. Патлумачце сённяшнім пяцікласнікам, як трэба заводзіць справу, падаваць апеляцыю і патрабаваць, каб суд праходзіў на беларускай мове. А потым рашэннем суда асудзіць бедную саву на шэсць гадоў з канфіскацыяй гнязда. Будзе ім цікава?

Напрыканцы ўзгадаю яшчэ адну народную дзявочую забаву. Папяровыя лялькі, якім маляваліся і выразаліся самыя модныя ўборы 90-х гадоў. І захоўвалі іх у звычайным сшытку, у якім лісты былі перакладзеныя напалову, і гэта быў не сшытак, а сапраўдная шафа, дзе ўсё лялечнае адзенне было складзенае строга па сваіх аддзелах.

Канешне, варта было б успомніць і тыя калекцыі, што мы збіралі: і маркі, і значкі, і каляндарыкі, узгадаць тыя гульні, у якія мы гулялі (як скакалі праз гумку або збівалі калені, даганяючы адно аднаго ў “Казаках-разбойніках”, і яшчэ шмат-шмат іншых гульняў), але нясціпла ўзгадваць тое, што адбывалася толькі са мной.

Таму, паважаныя чытачы, я заклікаю вас таксама прыняць удзел у складанні “Энцыклапедыі дзяцінства”. Дзяліцеся з намі вашымі ўспамінамі і фотаздымкамі.

Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР.