Пяць гарадскіх школ выйшлі ў фінал праекта “Па кніжным свеце”, які адбыўся  чацвертага лютага ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча.

У гульні-віктарыне ўдзельнічалі каманды з пяці навучальных устаноў горада: СШ №№5, 7, 9, 12 і гімназіі-каледжа.
Дзевяцікласнікам давялося спаборнічаць у розных конкурсах, шукаць адказы на пытанні, прыгадваць свае веды не толькі са школьнай праграмы па літаратуры, але і ўспамінаць казкі і песні.

Гульня распачалася конкурсам капітанаў, дзе ім давялося ўспамінаць персанажаў казак. І, як адзначыла потым член журы Тамара Дудзіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі і культуры Маладзечанскага райвыканкама, яе вельмі здзівіла тое, што дзеці не змаглі ўспомніць героя твора, які прадаваў п’яўкі.

На жаль, у заданнях вядучых не было ніводнага персанажа з беларускіх казак. Ды і само мерапрыемства праходзіла на рускай мове, а шыльда з яго назвай была на беларускай.  

Самым відовішчным быў конкурс, які рыхтавалі ўдзельнікі загадзя. У ім трэба было ў тэатральнай форме прадставіць персанажа з казкі або літаратурнага твора, а ўсім астатнім удзельнікам запісаць, што гэта за персанаж і адкуль ён.
Удзельнікі прадстаўлялі персанажаў з мультфільма “Лятучы карабель”, Мэры Попінс, Свінапаса з казкі Ганса Хрысціяна Андэрсэна, Мітрафанушку з “Недалетка”. І толькі каманда з гімназіі №7 успомніла пра цудоўнага персанажа з беларускага твора – Паўлінку.
− Чыя была ідэя прадставіць на гэтым конкурсе вобраз Паўлінкі? − пытаюся ў выканаўцы ролі, вучаніцы дзявятага класа  Вікторыі Шыбекі.

– Я  адразу,  калі    пачула заданне пра персанаж, прапанавала сваёй камандзе менавіта Паўлінку, яны пагадзіліся. Я вельмі захапляюся беларускай літаратурай, добра яе ведаю.
Калі праходзіла ўзнагароджванне пераможцаў, Вікторыя атрымала прыз – набор паштовак з відамі Маладзечна. Старшыня журы Тамара Дудзіч, калі ўручала Вікторыі паштоўкі, сказала, што моцна ўразіла тое, як валодае роднай мовай Вікторыя, і што само выкананне, якое не сорамна параўнаць з прафесійным, прыйшлося ёй да сэрца.

У астатніх конкурсах заданні былі разнастайныя і прымушалі падумаць над адказамі. У музычным конкурсе трэба было здагадацца, з якога  твора гучыць музычны фрагмент, што выконвалі дзяўчаты з Маладзечанскай школы мастацтваў, і зрабіць у кнізе пэўную закладку. У паэтычным конкурсе трэба было закончыць чатырохрадкоўе. Тут, на шчасце, знайшлося месца беларускім аўтарам, і ўдзельнікі ўспомнілі радкі пра родны кут і слуцкіх ткачых.

Не абышлося на конкурсе і без смешных кур’ёзаў. Калі гледачы ў зале пачалі занадта моцна крычаць і нешта абмяркоўваць, хтосьці з членаў журы заўважыў: “Гэта вам не ўрокі, тут трэба паводзіць сябе ціха!”
У апошнім конкурсе, дзе ўдзельнікам прапанавалі выбраць прадмет і інсцэніраваць фрагмент казкі, дзе ён згадваецца. Сярод прадметаў былі люстэрка, яблык, залатая рыбка з невадам, насоўка. Каманда, якой дасталася насоўка, інсцэніравала не царэўну-несмяяну, а трагедыю Шэкспіра, калі раўнівы маўр Атэла душыць гэтай самай насоўкай сваю няверную Дэздэмону. Адзінае радуе, што моладзь у нас начытаная.

Месцы па выніках конкурсу размеркаваліся наступным чынам: пятае месца заняла школа № 5, чацвертае – гімназія-каледж, прызавое, трэцяе, месца дасталася школе №12, другое месца – школе №9 і пераможцамі гульні і ўладальнікамі вялікага святочнага торта ў форме кнігі сталі навучэнцы гімназіі №7.

– Гэтым праектам мы хацелі прыцягнуць увагу вучняў да чытання, – гаворыць супрацоўніца бібліятэкі Раіса Давідовіч. – Мяркуючы па тым, што ўжо фінал мерапрыемства, да гэтага былі адборачныя туры, цікавасць у дзяцей ёсць. Яны прыходзяць у школу, расказваюць пра конкурс аднакласнікам. У канцы лютага ў нашай бібліятэцы будзе ладзіцца конкурс “Чытач года”. Спадзяёмся, што колькасць удзельнікаў будзе толькі павялічвацца.
Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР.