Экспрэс-апытанне ў Маладзечне

Віталь Кірзяёнак, вучань 10 класа:

− Ведаю адну, называецца “Лісіца-хітрыца”. А так успамінаюцца толькі рускія. У дзяцінстве мне чыталі іх. Я нават у кніжных крамах не звяртаю ўвагі на тое, ёсць там беларускія кнігі ці не.

Вікторыя Шыбека, вучаніца 9 класа:

− Ведаю. Мой бацька мне ў дзяцінстве шмат беларускіх казак чытаў. І пра сінюю світку, і пра сцізорык, і пра Сцёпку, які да пана хадзіў. Цяпер казак ужо не чытаю, але захапляюся беларускай гістарычнай прозай. Нядаўна скончыла чытаць “След ваўкалака”. Цудоўны твор!

Ягор Шпалаў, вучань 9 класа:

− Не, я не ведаю беларускіх казак. Ды і ўвогуле кніжак не чытаю. Я больш па дакладных навуках. Дарэчы, можаце запісаць, што я выдатны музыкант. Цяпер рыхтую сваю праграму на гітары да свята Восьмага сакавіка.

Дзіна Альшэўская, бармен:

− У мяне дачка-школьніца, таму чытаем з ёй усё, што трэба па школьнай праграме па беларускай літаратуры. Не памятаю, каб я ёй чытала ў дзяцінстве беларускія казкі.

Ганна Сарока, у дэкрэтным адпачынку:

− Бывае, чытаю. З кнігі свайго дзяцінства: “Людзей слухай, а свой розум май”. А калі казаць праўду, то часцей спяваю дзецям беларускія калыханкі. Ну, напрыклад: “Люлі-люлі, прыляцелі гулі, селі на балота ў чырвоных ботах…” А, яшчэ і пацешкі “Закалола бабка свінку, усім дала па назе, а сама хвасток грызе”.

Кацярына Жалава, доктар:

− У дзяцінстве, напэўна, чытала. Але ніводнай назвы цяпер успомніць не магу. Цяпер, у сілу прафесіі, чытаю толькі спецыялізаваную літаратуру. Апошняе, што чытала з мастацкай літаратуры, былі “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча.

Падрыхтавала Наталля ТУР.