25 лютага Мінскі абласны драматычны тэатр наведае з гастролямі сваіх добрых суседзяў, віляйчан, і дасць для іх два спектаклі на сцэне Палаца культуры.

У 14 гадзін пачнецца дзіцячы спектакль “Казка пра чырвоную стужачку” аб прыгодах хлопца Івана па мянушцы Прастата, які пайшоў па свеце набірацца розуму, а знайшоў не толькі розум, але і верных казачных сяброў. Спектакль ідзе на рускай мове.

У той жа дзень а 18 гадзіне дарослыя стануць сведкамі амаль дэтэктыўнай гісторыі ў прэм’ерным спектаклі камедыйнага жанру “Нязваны госць”. Дакладней, гэта гісторыя пра нечаканую сустрэчу: з суседняга балкона ў кватэру, дзе знаходзіцца гераіня, пранікае мінімальна апрануты невядомы мужчына. Ён тлумачыць, што ратуецца ад мужа сваёй палюбоўніцы…

Ролі ў спектаклі бліскуча выконваюць вядучыя артысты Людміла Рошчына і Андрыян Барткевіч.

Прывязуць спектаклі ў Чысць

А трошкі раней, 15 лютага, артысты Мінскага абласнога драмтэатра прыедуць у пасёлак Чысць і на сцэне мясцовага Дома культуры дадуць таксама два спектаклі.

Апоўдні юным гледачам пакажуць вясёлую “Казку пра чырвоную стужачку” аб прыгодах Івана па мянушцы Прастата.

У 18 гадзін дарослыя паглядзяць незабыўную гісторыю, што адбылася з героямі народнай камедыі “На другі дзень Сёмухі”, пастаўленай паводле матываў знакамітых “Прымакоў” Янкі Купалы.

Аляксандр ПЫЦЬКО, кіраўнік літаратурнай часткі тэатра.

Фота theatre.modt.iatp.by