Фінальныя спаборніцтвы па зімовым мнагаборстве “Абаронца Айчыны” сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту праведзеныя на базах лёгкаатлетычнага манежу і фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі ў канцы студзеня.

Праграма спаборніцтваў складалася з кулявой стральбы, падцягвання на перакладзіне і лыжных гонак. Гэтыя віды мнагаборства як нельга лепш адлюстроўваюць падрыхтоўку юнакоў да службы ў радах Узброеных сіл і іншых войскаў Рэспублікі Беларусь, бо менавіта з такой мэтай праводзяцца спаборніцтвы.

За перамогу змагаліся дзесяць камандаў розных раёнаў Мінскай вобласці. Каманда гаспадароў з Маладзечанскага раёна заняла другое месца, саступіўшы ўсяго тры ачкі прадстаўнікам Капыльскага раёна.

У асабовым заліку ў сваіх узроставых групах (іх было дзве: 15-16 гадоў і 17-18 гадоў) маладзечанцы выйгралі некаторыя дысцыпліны. Вучань СШ №14 Уладзіслаў Голубеў (трэнер Уладзімір Лашук) вызначыўся ў стральбе. Вучань СШ №1 Аляксандр Строк (трэнер Леанід Лісота) усталяваў рэкорд у падцягванні – 34 разы. Абодва пераможцы запрошаныя ў склад абласной каманды для ўдзелу ў рэспубліканскай спартакіядзе.

Міхаіл ВІШНЕЎСКІ, школа журналістыкі “Маладзік”.

Фота opvakantieinduitsland.nl.