Упершыню яна з’явілася яшчэ ў 1915 годзе, а зараз у горадзе ўзводзяць браму-капліцу ў гонар загінулых у Першай сусветнай вайне салдат. Размесціцца яна на ўваходзе на гарадскія могілкі па вуліцы 1 Мая. Пра гісторыю гэтай задумы і як ідзе яе ажыццяўленне расказаў дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар.

  Бой за Вілейку

“Аперацыя па вызваленні Вілейкі пачалася 22 верасня 1915 года, а праз дзень рускія войскі вызвалілі Вілейку ад германскіх акупантаў. Аперацыя  стала адным з самых важных наступальных баёў рускай арміі на беларускай зямлі ў часе гэтай вайны.

У гонар бою ў лістападзе 1916 года быў названы новы полк рускай арміі – 748-й пяхотны Вілейскі, а галоўны “аўтар” перамогі пад Вілейкай палкоўнік Грыгорый Фрост атрымаў ганаровую ўзнагароду – ордэн Святога Георгія чацвёртай ступені.

Бой за Вілейку, калі руская армія спыніла націск кайзераўскіх войскаў, стаў пераломным у вайне: фронт стабілізаваўся, і пачаўся іншы перыяд вайны, які называюць пазіцыйнным або акопным. Невыпадкова імператар Мікалай ІІ спецыяльнай тэлеграмай дзякаваў вайскоўцам за перамогу на палях бітвы Вілейкі і Маладзечна. А потым наведаў Вілейку, каб аддзячыць воінаў.

Большасць загінулых пахавалі на гарадскіх могілках, якія цяпер  знаходзяцца па вуліцы 1 Мая. Там было каля 300 магіл.

Потым драўляныя крыжы спарахнелі, магілы пачалі зарастаць. І там пачалі хаваць гараджан – паверх магіл, што ўжо існавалі. Хавалі і воінаў Вялікай Айчыннай. Адны салдаты апынуліся знізу, другія – вышэй. І атрымоўваецца, што ўдзельнікам вызвалення горада ў 1944 годзе помнікі ёсць, у тым ліку і на гэтых могілках, а вось іншым салдатам – Першай сусветнай, мы, нашчадкі, не змаглі паставіць мемарыял ці памятны знак.

 Памяць салдат хацелі ўшанаваць яшчэ ў 1915 годзе

Ідэя ўшанавання памяці воінаў Першай сусветнай у Вілейцы зусім не новая. Яна была выказана ўжо ў 1915 годзе. Архіепіскап Віленскі Ціхан (будучы Патрыярх Усея Русі), калі наведваў Вілейку пасля вызвалення, у 1915 годзе, благаславіў добрыя намеры гараджан “па ўзвядзенні Царквы-помніка святога Мікалая на брацкіх могілках забітых за Веру і Айчыну воінаў”. У архівах вілейскай Свята-Марыінскай царквы знойдзены звесткі, якія сведчаць аб тым, што нават былі зроблены спробы будаўніцтва.

Віляйчане стварылі апякунскі савет, і дзесяткі людзей ахвяравалі на гэтую справу. Пераводзілі сродкі на ўшанаванне памяці братоў па зброі афіцэры і салдаты дзеючай Арміі – пра што сведчаць квіткі грашовых пераводаў.

Будуецца брама-капліца

Дзякуючы краязнаўцу Анатолю Рогачу, археолагу Андрэю Каркотку і іншым неабыякавым людзям даведаліся каля 300 імён пахаваных на могілках салдат. У апошнія гады з’явіўся праект будаўніцтва брамы-капліцы ў памяць аб загінулых героях. Ініцыятарам будаўніцтва стаў мастак і стваральнік мемарыяльнага комплексу ў Заброддзі  Барыс Цітовіч. Разам з краязнаўцам Анатолем Капцюгом ён распрацаваў эскіз.

Архітэктар з Мінска Віктар Буры бясплатна зрабіў праектна-каштарысныя дакументы з усімі разлікамі.

Аўтары помніка, краязнаўцы, гісторыкі лічаць, што найлепшы варыянт – пабудаваць браму-капліцу на месцы цэнтральнага ўвахода на могілкі. На тэрыторыі могілак месца для  ўзвядзення капліцы цяпер проста няма. А традыцыя будаўніцтва брам-каплічак існуе ў беларускім дойлідстве.

 Сродкі збіраюць усёй грамадой

Кошт брамы-капліцы складае каля 300 мільёнаў рублёў. Узводзіцца яна за кошт сродкаў, якія збіраюць саборна, усёй грамадой. Летась на будаўніцтва было сабрана больш за 80 мільёнаў рублёў. Ужо закладзены падмурак брамы. І хочацца, каб яна з’явілася ў нашым горадзе сёлета, калі адзначаецца 100-годдзе пачатку Першай сусветнай вайны.

Ахвяраваць на будаўніцтва капліцы могуць усе ахвотныя. Унёскі можна пералічваць праз раённы суботнік альбо на рахунак 3641063200065, філіял №601 ААТ АСБ “Беларусбанк” г. Маладзечна код 769, УНП 600011063, Вілейскі раённы выканаўчы камітэт.

Кожны з нас ведае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, і мала людзей прыгадаюць, хто вызваляў тую ж Вілейку ў гады Першай сусветнай. Але мы павінны вярнуць памяць пра салдатаў той вайны і ўшанаваць яе ў горадзе, за свабоду якога яны аддалі сваё жыццё”.

Запісаў Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота забяспечана Сяргеем ГАНЧАРОМ.