Ад Рэдакцыі “Нашай нівы“. У Беларусі плануюць унесці змены ў законы «Аб мовах» і «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў», якія дазволяць даваць назвы геаграфічным аб’ектам не выключна на беларускай мове, як цяпер, але і на рускай. У выпадку прыняцця змен, у Беларусі могуць масава з’явіцца вуліцы «Страіцеляў», «Жалезнадарожная».

Спецыялісты ўпэўненыя: прыняцце праекта змяненняў можа прывесці да знішчэння нацыянальнай тапанімікі і спарадзіць катастрафічную сітуацыю. Пра гэта і гаворыцца ў артыкуле прафесара Лемцюговай, які мы прыводзім ніжэй. У такой сітуацыі павінен прагучаць і голас грамадскасці. Адрасы інстанцый, у якія варта кіраваць свае звароты, мы прыводзім у канцы артыкула.

Змены ўносяцца па даручэнні Савета Міністраў Беларусі. Цяпер праект змяненняў знаходзіцца ў Дзяржкамітэце па маёмасці.

Летась спроба ўнесці змены ў заканадаўства ўжо рабілася. Тады прапанавалі варыянт наўпростага перакладу беларускіх тапонімаў на рускую мову. Тады Рэспубліканская тапанімічная камісія пры Савеце Міністраў поўным складам прагаласавала супраць.

Ужо ў трэці раз дзяржаўныя мужы робяць замах на нашу тапанімію — нацыянальную гісторыка-культурную спадчыну беларускага народа.

А спадчына ж гэтая незвычайная, гукавая, мова роднай зямлі, у ёй увасоблена шматвекавая духоўная практыка, увесь жыццёвы вопыт народа-стваральніка. Вось такая спадчына, у якой жыве Дух і Розум, Гонар і Слава нашых крэўных продкаў, перакрэсліваецца, асуджаецца на небыццё. Балюча і горка быць сведкай падобнай расправы.

Апошнім разам ініцыятыва скасаваць нацыянальны скарб зыходзіць ад Савета міністраў Беларусі. Няўжо здзейсніць грахоўны акт гатовыя і тыя ўладныя асобы, якія ставілі свае подпісы пад наступнай фармулёўкай «Инструкции по передаче на русский язык наименований географических объектов Республики Беларусь», зацверджанай у 2005-м Камітэтам па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Саўміне: наименования географических объектов Республики Беларусь передаются на русский язык с национальных форм наименований, которые установлены на основании нормативных правовых актов? Тут абсалютны прыярытэт нацыянальных формаў прапісаны цалкам адназначна.

Але хто б ні стаяў за намерамі ўнесці змены ў Закон аб геаграфічных найменнях, ён відавочна не ўсведамляе элементарнай ісціны — чые назвы паселішчаў, таго і зямля. Ці задумваліся нашыя міністры, чаму так паспешліва пераафармляюцца беларускія тапонімы на іншамоўны лад на тых тэрыторыях, якія дасталіся ад нас палякам, расіянам, украінцам, літоўцам?

Давайце кінем позірк на Беласточчыну, Віленшчыну. Ці знойдзем мы там на сённяшні дзень хоць бы адну назву, якая б сведчыла пра сваё беларускае паходжанне? Гісторыя забываецца, а перайначаная форма тапоніма траціць сваю ідэнтычнасць і становіцца сталай тэрытарыяльнай адзнакай іншага этнасу. Мой знаёмы маскоўскі прафесар, зусім лаяльны да беларусаў і Беларусі, вельмі здзівіўся, калі аднойчы пачуў, што літоўскі Вільнюс — гэта былы беларускі горад Вільня.

У савецкую эпоху Беларусь была ў складзе Савецкага Саюза, і тады намі распараджаліся, як хацелі. У выніку амаль палова тапонімаў не прачытвалася, згубіла сваю арыгінальную форму, многія назвы былі скажоныя да непазнавальнасці, не мелі адзінага напісання, тапанімію літаральна запаланілі арфаграфічныя, граматычныя і фактычныя памылкі. А колькі страт і блытаніны нанесла бяздумнае перайменаванне нашых спрадвечных назваў! Вось гэтае смецце на працягу больш за 10 гадоў давялося разграбаць менавіта тым вучоным, якіх ідэолаг Ігар Карпенка абазваў бязмозглымі. Зараз нашая дзяржава прызнаецца незалежнай. То навошта ж яе абязлічваць, зноў вяртацца ў той страшэнны хаос?!

Выкараненне нацыянальнай тапаніміі — небяскрыўдная забава, яна мае яскравую палітычную афарбоўку, ад яе патыхае здрадай нацыянальных інтарэсаў. Хіба мы ўжо саспелі да таго, каб аддаць апошні кавалак зямлі пад чужы пратэктарат? Ні адна нацыя не ў праве пагарджаць сваімі духоўнымі каштоўнасцямі, калі яна жадае заставацца нацыяй.

* * *

Ад Рэдакцыі “Нашай нівы”

Звароты па гэтым пытанні могуць прыкладна наступнымі.

Просім не ўносіць зменаў у законы «Аб мовах» і «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў», якія дазволяць даваць назвы геаграфічным аб’ектам не выключна на беларускай мове, як цяпер, але і на рускай. У выпадку прыняцця змен, у Беларусі могуць масава з’явіцца вуліцы «Страіцеляў», «Жалезнадарожная». Гэта будзе дыскрэдытаваць нашу нацыю, гэта недастойна. Назвы геаграфічных аб’ектаў павінны давацца выключна на беларускай мове, каб не было хаосу.

Звароты варта кіраваць у наступныя інстанцыі.

Дзяржаўны камітэт па маёмасці, зав. Чырвоназоркавы, 12, Мінск, 220005,

info@gki.gov.by

Савет міністраў РБ, прэм’ер-міністру Мясніковічу Міхаілу Уладзіміравічу, вул. Савецкая 9, 220010

mail@government.by

Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, вул. Кірава, д. 43, г. Мінск

http://president.gov.by/by/obrascheniya-by/

Паводле “Нашай нівы“.