Віляйчанін Дзяніс Астрэлін перамог на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Незвычайнае кіно”. Па ўмовах конкурсу відэазамалёўку “Зазімак на Вяллі” маладзён здымаў на мабільны тэлефон.

Двуххвілінны ролік навучэнца 2 курса вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа паказвае мясцовыя краявіды.

– Я вельмі люблю Вілейку, люблю выехаць за горад ды прайсціся па Віліі, – распавядае Дзяніс. – Здымаю мясціны ўжо каля года. Пачаць гэтым займацца мне параіў Леанід Курц: “Паспрабуй, а раптам спадабаецца?” І мне спадабалася. Ён потым і дапамагаў мне мантаваць відэа ў тэлестудыі каледжа. Рады, што ўсё так атрымалася, праз гэты конкурс я знайшоў сваё: роднае і блізкае.

Леанід Курц працуе ў вілейскім каледжы праграмістам. У тэлестудыі, яго творчай майстэрні, яны разам з Дзянісам стваралі канчатковы варыянт відэазамалёўкі. Яна ідзе 2 хвіліны і 40 секунд.

На фота: Леанід Курц (злева) і Дзяніс Астрэлін у тэлестудыі.

Дарэчы, у кліпе выкарыстаны ўрывак верша нашай зямлячкі Ірыны Будзько:

“Залёталі белыя мухі…

Як доўга чакаць нам вясну…

Зазімак…

Без жалю і скрухі

Вялля адыходзіць да сну…”

– Наша рака Вілія чароўная ў любую пару года, – лічыць Леанід Курц. – Яна натхняе не толькі на стварэнне вершаў, але і мастацкіх відэазамалёвак. Таму я і прапанаваў Дзянісу зрабіць такое відэа.

Тэлемайстэрня, якой кіруе Леанід, запрацавала чатыры гады таму. Тады вырашылі, што ў ёй будуць рабіць відэа самага рознага кшталту: навіны, дакументальна-хранікальныя сюжэты, мастацкія замалёўкі.

– Ва ўсіх трох корпусах каледжа ёсць тэлевізар, на якім мы паказваем усё, што ў нас адбываецца, – кажа педагог-арганізатар Святлана Мацукевіч. – У актавай зале, дзе звычайна ладзім розныя сустрэчы і конкурсы, усяго 350 месцаў. Навучэнцаў жа ў нас – 800. Таму наша тэлебачанне – адзіная магчымасць паглядзець на мерапрыемства, калі не ўдалося на ім пабываць. Ды і навучэнцам цікава.

Дзяніс вызначыўся не ў першы раз

Летась у лістападзе хлопец удзельнічаў у конкурсе на распрацоўку камп’ютарнай праграмы.

Разам са сваім сябрам Андрэем Пашчанкам ён стварыў прайгравальнік аўдыёфайлаў. Схема працы ў яго, як і ў звычайнага.

Тады Дзяніс таксама заняў прызавое месца.

Цяпер яго фільм удзельнічае ў апошнім, рэспубліканскім, этапе конкурсу. Застаецца толькі пажадаць яму поспеху.

Настасся РОЎДА.

Фота Ігара МАРОЗА, забяспечана Святланай МАЦУКЕВІЧ.