Віляйчанін Юры Касцень, вядомы ў музычным свеце як SPKava, стварае беларускую музыку, піша беларускі рэп і спрабуе зрабіць яго па-сапраўднаму аўтэнтычным, дадаючы не ўласную яму дуду.

– Усё пачалося, калі яшчэ хадзіў у першы ці другі клас, – распавядае SPKava. – Хацеў пайсці ў музычную школу і іграць на скрыпцы. Чаму менавіта на скрыпцы, я ўжо і не памятаю, магчыма, “Сымона-музыку” пра­чытаў. Праўда, бацькі мяне не пусцілі, а дзядзька на дзень народзінаў падарыў гармонік. На гэтым, у прынцыпе, усё і скончылася. Пасля паступова прыдбаў сабе гітару, а потым разам з Яўгенам Батурлем, з якім разам вучыліся, пачалі пісаць у Вілейцы рэп-песні. Нам тады было гадоў па 16.

Так Яўген і Юры сталі S’viedak і SPKava і з’явіўся гурт “PANa­Nieba”. Доўгі час музыкі-самавучкі пісалі песні разам.

– Прыехалі ў Мінск, пачалі рабіць першыя запісы, з’явіліся першыя канцэрты, – прыгадвае SPKava. – Прычым наша першае выступленне ў Мінску было на рэп-фестывалі “Quick stile cup”. Тады там выступаў “Баста”. Ніякага месца мы не занялі, але гэта ўсё адно быў вялікі прарыў. Звычайна на гэты фестываль падавалі больш за 200 заявак, і трапіць у невялікі спіс выступоўцаў ужо было перамогай.

– Ці стаяў перад вамі выбар, на якой мове выконваць песні?

– Для нас тут выбар не стаяў. Першапачаткова па-беларуску і ўсё. Мы тады за мэту ставілі, каб нашы песні па-беларуску загучалі так, нібыта гэта песні па-французску ці на любой іншай мове. Каб менавіта ўзровень дацягваў. Відаць, праз тое і прыйшлі да прафесійных заняткаў музыкай. Навучанне ў школе, дарэчы, таксама спачатку ішло па-беларуску. У нас быў беларускамоўны клас, праўда, нядоўга. Пасля гэта ўсё скасавалі. Потым скончыў ВНУ, па адукацыі – выкладчык беларускай мовы і літаратуры.

Цяпер гурт “PANa­Nieba” фактычна не існуе. SPKava – сольны праект.

– Мы зрабілі перапынак, таму што знаходзімся ў розных краінах. S’viedak ужо доўгі час жыве ў Маскве. Ужо калі мы запісвалі альбом “71”, ён быў там і ўсё рабілася на адлегласці. Аднак гурт павінен існаваць разам, канцэрты павінны быць, а не адмяняцца. Песні павінны пісацца разам. Мы не ставілі кропку. Мы проста не ведаем, што будзе. А раптам ужо заўтра сустрэнемся і запішам новы дыск.

Альбом “71” выйшаў 30 снежня 2011 года. Назва – дзве апошнія лічбы тэлефоннага кода горада Вілейкі, адкуль родам “PANaNieba”.

– Я доўгі час думаў, што мне рабіць далей, – працягвае  SPKava. – Я больш не магу не займацца музыкай, не ўяўляю жыцця без яе. За гэты час прыйшоў да таго, што больш падабаецца рабіць музыку, чым пісаць словы.

Мой сольны праект стаў пераломным, ён цалкам адрозніваецца ад таго, што я рабіў раней. Гэта ўжо іншы персанаж, які склаўся ўва мне. Далей буду толькі яго развіваць.

Напрыканцы 2013 года SPKava ўвайшоў у шорт-ліст намінантаў на прэмію “Героі года” ад партала Тузін Гітоў.

– Што значыў удзел у гэтым фестывалі?

– Гэта надало ўпэўненасці ў сабе. Дзіўна, але тое, што я раблю, успрымаецца слухачамі. Я быў упэўнены, што не атрымаю ўзнагароду, але для мяне было вялікай нечаканасцю, што я трапіў у спіс намінантаў.

– Чаму SPKava?

– Гэта самы распаўсюджаны наркотык, які ўжываюць нават дзеці. Калі сур’ёзна, проста “спадар Кава”.

Сёння SPKava мае выдадзены міні-альбом “Што табе сніцца”. У яго ўвайшлі чатыры кампазіцыі: “Пяць будзільнікаў”, “Што са мной”, “Што табе сніцца” ды “Апошні шанец”.  

– Запісана больш, чым ёсць на гэтым дыску, – кажа музыка. – Большасць песень ідуць у шуфляду і нікому не паказваюцца. Каб песню пачулі, я павінен сам быць упэўнены ў ёй. Павінен адчуваць, што гэта менавіта тое, што я хацеў зрабіць. Не заўжды так атрымліваецца. Часам мне не падабаецца сцягванне, зробленае на студыі. Часам я ўяўляю песню не такой, якой яна ў выніку атрымліваецца. Такія песні адкладаюцца на некаторы час.

Зараз пішу новыя песні, збіраю альбом. Але гэта адбываецца павольна, таму што хочацца зрабіць штосьці эксперыментальнае. Каб гэта быў не проста рэп, а каб там было штосьці незвычайнае. Тыя ж эксперыменты з дудой. Яе гучанне зусім не ўласцівае рэпу. Хочацца спрабаваць, рабіць штосьці аўтэнтычнае, беларускае.

– Ці ёсць складанасці з запісам музыкі?

– Цяпер зрабіць запіс у пэўным сэнсе вельмі лёгка, таму што шмат хатніх студый, дзе хлопцы робяць усё досыць якасна. Апошнія запісы рабіў на студыі гурта “Нестандартны варыянт”. Мне вельмі падабаецца працаваць з KamaZам, ён рабіў сцягванне Максу Каржу. Падабаецца гук, які ў выніку атрымліваецца.

– Як лічыш, ці ёсць у краіне годныя музычныя пляцоўкі?

– У нас з музыкай увогуле не проста. Адносіны да гэтай сферы не вельмі сур’ёзныя. Пляцовак фактычна няма.

Калі мы ўпершыню выступалі з  “PANaNieba” на фестывалі “Басовішча” ў Польшчы, для нас было вельмі дзіўным, што да нас ставяцца як да артыстаў. Тут, калі ладзіш канцэрт у клубе, трэба сто разоў бегаць за “гукачом”, каб ён зрабіў нармальны гук. Ён звычайна адказвае так: “Усё будзе нармальна, я за пяць хвілін Алу Барысаўну настройваў”.

У Польшчы ж бегалі за намі, падносілі мікрафоны. Акрамя таго, што там апаратура больш якасная і музычная сфера больш развітая, яшчэ і адносіны зусім іншыя. Там сапраўды адчуваеш сябе артыстам. Тут такога адчування ты з большасці пазбаўлены, бо трэба ўсё рабіць самому, самому і самому.

Я першапачаткова ведаў, што мая аўдыторыя будзе невялікая, таму што сама музыка дзіўнаватая. Яна не вясёлая, не тая, пад якую можна танцаваць. Яна хутчэй сумная, і ў яе трэба ўслухоўвацца. Гэты настрой перадае мой унутраны свет. Тое, што ў песнях, гэта рэальныя гісторыі альбо гісторыі з маёй падсвядомасці.

Даведка “РГ”. Юры Касцень. Музычны псеўданім – SPKava. Нарадзіўся ў Вілейцы. Скончыў вілейскую сярэднюю школу №3. Паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура. Журналістыка”.

Больш можна паслухаць і спампаваць на сайце музыкі spkava.by.

Настасся РОЎДА.

Фота забяспечана Юрыем КАСЦЕНЕМ.