Калі б педагогі не хавалі ўжыванне наркотыкаў вучнямі, барацьба з наркаманіяй была б эфектыўней, лічыць галоўны міліцыянер вобласці.

Што робіць міліцыя, каб не дапусціць страляніны ў грамадскіх месцах, ці востра стаіць праблема наркотыкаў у краіне і ці бываюць няважныя справы ў вартавых парадку?

На гэтыя і іншыя пытанні распавёў начальнік упраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама Віктар Сянько падчас прэс-канферэнцыі, якая адбылася 7 лютага ў Мінску.

Страляніны ў грамадскіх месцах мы не дапусцім

Здарэнне, якое адбылося нядаўна ў маскоўскай школе, калі вучань адной са школ застрэліў настаўніка і паліцэйскага, прымусіла задумацца над тым, ці можа такое здарыцца і ў нас.

Першае пытанне, якое задала “Рэгіянальная газета” Віктару Сянько, датычылася менавіта гэтага.

− Ці абароненыя грамадзяне Беларусі ад падобных здарэн­няў?

− Тое, што здарылася ў Маскве, безумоўна, трагедыя, якую прадказаць і прадугледзець было немагчыма, − сказаў Віктар Сянько. − Мы ўвесь час праводзім прафілактычную работу з грамадзянамі, у тым ліку пры дапамозе СМІ. Міліцыя Мінскай вобласці пільна сочыць за парадкам падчас правядзення масавых святаў: супрацоўнікі міліцыі даглядаюць асабістыя рэчы, старанна патрулююць месцы збору грамадзян, рыхтуюць улёткі з патрэбнай інфармацыяй.

Што датычыцца грамадскіх месцаў, то яны паступова абсталёўваюцца камерамі відэаназірання, у першую чаргу гэта датычыцца школ. Не апошняе месца ў прафілактыцы такіх здарэнняў адыгрывае і аперацыя “Арсенал”, якую мы праводзім рэгулярна.

Віктар Сянько адзначыў, што за 2013 год на тэрыторыі Мінскай вобласці адбылося звыш шасці тысяч масавых мерапрыемстваў, на якіх супрацоўнікі міліцыі зрабілі ўсё магчымае, каб пазбегнуць непрыемных здарэнняў. У першую чаргу гаворка ідзе пра абмежаванне продажу алкаголю.

Амаль 80% здарэнняў (забойстваў, хуліганства, разбою) здзейсненыя ў стане алка­гольнага ап’янення.

− Ужыванне алкаголю не павінна быць нормай жыцця, − дадаў Віктар Сянько. Важны крок мы зрабілі, калі забаранілі прадаваць алкаголь з 9 вечара да 9 раніцы.

Яшчэ ў пачатку свайго выступлення Віктар Сянько адзначыў, што разам з праблемай алкаголю ў Беларусі актуальнай і важнай застаецца праблема наркотыкаў.

Маладых наркаманаў большае

− Наркотыкі – гэта пагроза для беларускага грамадства. Асабліва жахліва тое, што колькасць непаўналетніх наркаманаў з кожным годам расце.

Таму асноўная наша работа – гэта прафілактыка: размовы з моладдзю, дэманстрацыя вучэбных фільмаў, цеснае супрацоўніцтва з установамі адукацыі.

Яшчэ зусім нядаўна гэта было вострай праблемай. Настаўнікі ў школах хаваюць выпадкі ўжывання і набыцця наркотыкаў вучнямі, бо самі баяцца атрымаць па шапцы.

Спадзяёмся, што нам усё ж такі давялося дасягнуць узаемапаразумення і разам з аддзеламі адукацыі мы зможам прадухіліць пранікненне наркотыкаў у моладзевы асяродак.

За 2013 год органы ўнутраных спраў Мінскай вобласці перакрылі сем каналаў пастаўкі наркатычных сродкаў.

Але праблема застаецца актуальнай, бо там, дзе ёсць попыт, ёсць і прапановы. Ускладняе сітуацыю тое, што наркотыкі актыўна рэкламуюцца ў інтэрнэце. Мы вядзём з гэтым барацьбу, працуем над закрыццём такіх сайтаў, але ў хуткім часе яны зноў аднаўляюцца пад іншай назвай.

Кожнае пятае дарожнае здарэнне – на тэрыторыі Мінскай вобласці

Акрамя наркотыкаў, актуальнай праблемай у Мінскай вобласці застаецца дарожная бяспека. Кожнае пятае дарожна-транспартнае здарэнне  ў Беларусі адбылося на тэрыторыі Мінскай вобласці. І кожны чацверты загінулы таксама з Мінскай вобласці. Прычыны аварый застаюцца нязменнымі. Гэта, па-першае, парушэнне хуткаснага рэжыму, а таксама парушэнні пешаходамі правілаў паводзін на дарогах і кіраванне аўта-мабілем у нецвярозым стане.

− За 2013 год на 39 здарэнняў, якія адбываліся па віне кіроўцаў у нецвярозым стане, стала меней, − падкрэсліў Віктар Сянько.

Адным з напрамкаў у папярэджанні аварыйнасці на дарогах з’яўляецца і новаўвядзенне па канфіскацыі транспартных сродкаў у кіроўцаў, якія паўторна кіравалі аўтамабілем у нецвярозым стане. Ужо канфіскавана 30 аўтамабіляў, два з якіх належаць юрыдычным асобам. На самых небяспечных участках дарог цяпер працуюць 48 стацыянарных відэафіксатараў. З пачатку іх работы “лісты шчасця” атрымалі каля 700 тысяч кіроўцаў вобласці.

У бліжэйшы час ДАІ ўсталюе яшчэ каля 50 відэафіксатараў, якія будуць фіксаваць не толькі парушэнне хуткаснага рэжыму, але і перасячэнне суцэльнай лініі, і наяўнасць рамянёў бяспекі.

Пры такой сур’ёзнай і значнай працы, якую штодзень робіць міліцыя, мы не маглі не пацікавіцца ў начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў, ці бываюць для іх няважныя справы. Пры­намсі:

− Наколькі сур’ёзна супрацоўнікі міліцыі ставяцца да скаргаў на абразу?

− Да любой працы мы падыходзім адказна. Існуе закон аб звароце грамадзян, значыць, мусім яго выконваць. За 2013 год аформлена больш за 900 пратаколаў, 242 з іх датычацца скаргаў на абразу адміністрацыйных асоб.

Не колькасцю міліцыянераў трэба вырашаць праблемы, а іх эфектыўнай працай

Журналістаў цікавіла не толькі тое, што можна прачытаць у міліцэйскай зводцы.  

На пытанне, ці часта асобы састарэлага ўзросту становяцца ахвярамі злачынстваў, Віктар Сянько адказаў:

− На жаль, менталітэт у нашых бабуль і дзядуляў такі, што яны вераць людзям і не могуць адмовіць выпадковаму госцю, калі той просіць патэлефанаваць або папіць вады. І становяцца ахвярамі злачынстваў. Дамінуюць сярод такіх злачынстваў крадзяжы.

Міліцыя надае асаблівую ўвагу людзям састарэлага ўзросту, якія жывуць адны. Мы рэгулярна праводзім акцыю “Бяспечнае суседства”. Вельмі хочацца папрасіць усіх грамадзян не заставацца абыякавымі да таго, як жыве ваш адзінокі састарэлы сусед.

Калі ў Віктара Сянько запыталі, ці існуе ў міліцыі праблема з недахопам кадраў, начальнік упраўлення ўнутраных спраў хлусіць не стаў:

− Такая праблема існуе ў сельскай мясцовасці. Там жыве ўсяго 30% кадраў. Але мы праводзім работу, каб замацаваць супрацоўнікаў па месцы жыхарства. Вядзём яе з кадрамі перш за ўсё там, дзе адчуваецца востры недахоп у супрацоўніках міліцыі. Аднак адной колькасцю пытанні не вырашыш. Таму мы робім усё, каб супрацоўнікі міліцыі былі кваліфікаваныя, а служба якаснай.

Наталля ТУР.

Фота ctv.by, citynews.net.ua