Тварожныя сыркі ў глазуры – улюбёны ласунак і дарослых, і дзяцей. Іх шырокі асартымент міжволі прымушае задумацца: а як выбраць самы карысны з магчымых варыянтаў?

Набыўшы ў краме звычайны сырок, без напаўняльнікаў і іншых “наваротаў”, я звярнулася па каментар да начальніка вытворчасці Маладзечанскага малочнага камбіната Лідзіі Стаўровай, каб пачуць ад яе, якім чынам правільна выбраць карысны ласунак.

Мамам за сыркі з кансервантамі  адарвала б рукі
Мяне перш за ўсё цікавіў знешні выгляд сыркоў, іх упакоўка і  тэрмін прыдатнасці.
− Пра што гавораць кроплі вільгаці на сырку? Такі сырок няякасны?
− Вільгаць азначае толькі адно – сырок быў замарожаны або захоўваўся ў холадзе, а потым яго вынеслі ў больш цёплае памяшканне. Вільгаць – гэта толькі кандэнсат. Пра якасць сырка можна меркаваць, толькі пакаштаваўшы яго. Калі тварожная маса з крупінкамі, гэта значыць, што пры вырабе сырка быў парушаны тэмпературны рэжым.
− Колькі можа захоўвацца якасны, нату­ральны тва­рожны сырок?
− Калі прадукт натуральны і пры яго вырабе не выкарыстоўваліся розныя кансерванты, то такі сырок можа быць прыдатным у ежу цягам дзесяці сутак.
− Як вы ставіцеся да сыркоў з рознымі напаўняльнікамі?
− Я стаўлюся да іх адмоўна.

Ніякага варэння там няма, толькі фарбавальнікі і кансерванты. Канешне, яны таксама прадугледжаныя нормамі, але я імкнуся пазбягаць непатрэбных дадаткаў. Калі я бачу у магазіне, што мамы, якія прачыталі, што ў складзе сыркоў ёсць розныя дадаткі, і тым не менш, набываюць іх сваім дзецям, мне хочацца ім адарваць рукі. У складзе сапраўднага сырка павінны быць толькі тварог, масла, цукар і ванілін.

Са скаргамі на сыркі да нас не прыходзілі
Загадчыца Маладзечанскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Кугара патлумачыла, што асноўным крытэрыям ацэнкі добрага сырка з’яўляецца яго тэрмін прыдатнасці. А ўся іншая інфармацыя павінна быць указаная на яго ўпакоўцы. Не лянуйцеся, уважліва чытайце тое, што напісана на ўпакоўцы.

− Павінна вам адзначыць, што ў наш цэнтр гігіены яшчэ ні разу не звярталіся людзі са скаргамі на дрэнную якасць сыркоў.

Сыркі, якімі яны павінны быць
У Маладзечанскім цэнтры стандартызацыі нам патлумачылі, што тварожныя сыркі вырабляюцца згодна з “Тэхнічнымі ўмовамі Беларусі”.
Вось што павінны ведаць пакупнікі:
1. Калі ў назве сырка няма слова “тварожны”, гэта значыць, што пры вырабе яго выкарыстоўваўся не толькі не натуральны тварог, але і розныя дадаткі расліннага паходжання.
2. Упакоўка сырка павінна быць шчыльнай і якаснай, без разрываў і падцёкаў.
3. Стандартная вага сыркоў – 45-50 грамаў. Некаторыя вытворцы за кошт надзьмутай упакоўкі эканомяць на гэтым. Знешне гэта незаўважна, але вага можа быць і 35 грамаў, а кошт той жа, што і за сырок 45-50-грамовы.
4. Вільгаць на сырку – гэта вынік кандэнсату, што сабраўся пасля таго, як сырок размарозілі.
5. Тым, хто сочыць за фігурай, трэба ўсведамляць, што сырок у глазуры – гэта вельмі каларыйны прадукт. Нягледзячы на тое, што вырабляецца ён з тварагу, каларыйнасць яго большая за 200 калорый.
6. Тэрмін прыдатнасці сырка – каля дзесяці сутак. Чым тэрмін захоўвання большы, тым менш натуральнага ў такім сырку.

Дамашні сырок смачнейшы за магазінны

Вядома, што няма нічога больш смачнага, чым тое, што прыгатавана з любоўю на ўласнай кухні. Нават такі далікатэс, як сырок у глазуры, можна прыгатаваць дома.
Для гэтага спатрэбіцца: 700 грамаў абястлушчанага тварагу (нашто лішнія калорыі?), 50 мл 10% вяршкоў, 50 грамаў масла, 100 грамаў цукру або цукровай пудры, 200 грамаў шакаладу.
Працэс падрыхтоўкі.
1. Змешваем тварог, масла пакаёвай тэмпературы, вяршкі і цукар. Маса павінна быць не вадкай. У яе можна дадаць ванілін, какаву, арэхі – усё, што падкажа густ і фантазія.
2. Лепім з масы “сыркі” (можна рабіць іх не толькі класічнай формы, але круглымі, квадратнымі, у форме зорачак і сэрцайкаў). Змяшчаем іх у маразілку.
3. Рыхтуем глазуру. Растопліваем на вадзяной лазні шакалад, паліваем ім кожны сырок. Прыбіраем да застывання ў халадзільнік.

Наталля ТУР.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ, www.1tv.ru, www.liveinternet.ru