Сям’я Страмінскіх двойчы спынялася ў Вілейцы. Існаванне саюзу двух выдатных мастакоў нельга назваць бясхмарным. На ўсё жыццё іх пакінула адбітак Першая сусветная вайна, якая зрабіла Уладзіслава калекам: пазбавіла нагі і рукі, а Кацярыну не пакідалі ўспаміны аб рабоце сястрой міласэрнасці ў маскоўскім шпіталі. Урэшце і спачынак свой яны знайшлі на розных могілках Лодзі, якая стала для іх другой радзімай. Але нездарма кнігу сваіх успамінаў, фрагмент з якой мы друкуем, Ніка Страмінская назвала “Каханне, мастацтва і нянавісць”, на першае месца паставіўшы слова “каханне”. Кніга пабачыла свет у сярэдзіне 80-х у Польшчы. Адзін з яе асобнікаў аўтарка падаравала Вілейскаму краязнаўчаму музею ў час свайго адзінага паваеннага візіту ў горад над Віліяй на наступны год пасля 100-гадовага юбілею Уладзіслава Страмінскага, 1994 годзе.

Аляксандр МАНЦЭВІЧ.

Рысунак Страмінскага з цыкла “Заходняя Беларусь”, створаны ім у Вілейцы. Захоўваецца ў Музеі мастацтва ў Лодзі.

Кацярына Кобра ў маладосці:

Кбра і Страмінскі ў час летняга адпачынку:

Кацярына Кобра:

Юльян Пшыбась, Кацярына Кобра і Уладзіслаў Страмінскі каля 1930 года:


“І вось прыйшла вайна”, – пісала праз шмат гадоў Кацярына Кобра. – “Мой муж пераконваў, што трэба ратавацца ад бомб. Кінуліся ў Крэсы. Ён нічога не нёс, я – усё і дзіця. Пасля васьмі дзён бамбардзіровак даехалі да Вілейкі. Пасля тыдня або двух, не памятаю, прыйшлі расіяне.

Пра той перыяд жыцця маіх бацькоў не напісана нічога. Зоф’я Барановіч (гісторык мастацтва, А.М.) зрабіла выключэнне. Аб 1939 годзе згадала ў “Календары”: “1 верасня выбух 2-й сусветнай вайны. Уцякаючы ад нямецкага войска Страмінскія выехалі ў Вілейку Павятовую. З’яўляецца першы з ваенных цыклаў малюнкаў: “Заходняя Беларусь”. Пра наступны год запісала: “У маі вяртанне з Вілейкі”. І гэта ўсё.

Януш Загродзкі (гісторык мастацтва, А.М.)  ў біяграфіі маткі не напісаў пра той перыяд ні слова. З яго і Мар’яна Мініха (гісторык мастацтва, першы дырэктар музея сучаснага мастацтва ў Лодзі, А.М.) паведамленняў вынікае, што бацькі нібы ўсю акупацыю правялі ў Лодзі.

Карыстаючыся нататкамі маткі, яе расповядамі, судовай дакументацыяй і ашчэпкамі дзіцячых успамінаў, пастараюся гэтую нішу запоўніць. Можа не ў евангелісцкай бальніцы, дзе я прыйшла на свет, а ў Вілейцы трэба шукаць пачатак трагічнага сваімі вынікамі канфлікту паміж маімі бацькамі?

Матка пісала аб прыходзе рускіх. Адбылося гэта 17 верасня 1939 года. Калі суаднесці гэты факт з яе нататкамі, можна з вялікай дакладнасцю сцвярджаць, што (мы) прыехалі ў Вілейку каля 10 верасня. У той час там жыў брат бацькі Валяр’ян з жонкай Вікторыяй і на два тыдні маладзейшай за мяне дачкой  Марысяй.

Сітуацыя бацькоў падчас 9-месячнага побыту ў тым мястэчку найлепш праілюструе далейшы працяг нататак: “Матку мужа […] паклалі ў бальніцу, я яго брат скочыў на матацыкл і ўцёк. Не буду казаць пра ўсе падрабязнасці, а толькі аб факце, што было 45 градусаў марозу, а маё дзіця было заўсёды ў цяпле, сытае і канечне не за 300 рублёў у месяц, якія зарабляў Страмінскі, бо масла каштавала 60 рублёў за чвэрць кілі. Дзіця мела ўсё. Добра расло і развівалася. Мне людзі давалі дровы, а я іх вазіла на санках з адлегласці ў тры, а то і ў пяць кіламетраў. Хадзіла да багатых паралізаваных старых масажаваць ім ногі за талерку макароны для дзіця. У дзіця была і (калядная) елачка, і падарункі, і кожны дзень паўлітра малака. Страмінскі радзіў мне запісацца полькай. Запісалася рускай. Калі пасля Вялікадня былі дэпартацыі, а за сцяной быў вобшук, ён імгненна спаліў мае метрыкі нараджэння ў Маскве і шлюбнае пасведчанне са Смаленска. У той перыяд майго жыцця я паставіла рэкорд, бо на працягу 9 месяцаў абыходзілася без панчох. Дзяўчынка была маленькай. Адну адзіную прасціну разрэзала напалам і зрабіла дзве. Страмінскі спаў на ложку з сеткай, сенніком і аўчынай, а прыкрываўся коўдрай. А я на жалезных прутах, бо сяннік быў абсалютна пусты. Накрывалася палітонам. Ён выкладаў у гімназіі. Калі было слізка, як конь вазіла яго на санках. І многа можна было б аб гэтым гаварыць”.

Мне матка пра тое расказвала. Пра цяжкую зіму 1939-1940 года, калі не хапала цёплай вопраткі, бо кіруючыся меркаваннем бацькі, што вайна хутка скончыцца, забрала з сабой галоўным чынам яго і мае рэчы. Калі б і хацела запакаваць больш, не была б ў стане сама іх панесці. Ад тых часоў мела трывалую “памятку”: сінія плямы на нагах, якія з’явіліся як вынік абмарожання.

Сям’я бацькі не шмат магла дапамагчы, а неўзабаве і хутка выехала з Вілейкі. Дзякуючы дапамозе чужых людзей атрымалася абсталяваць наш невялічкі пакой патрэбнымі рэчамі. Найбольш клопату і сардэчнасці аказвала нам пані Сарноўская, матка маёй равесніцы, якая звалася Кізя. Абедзве жылі непадалёк у двухпавярховым будынку. Наш пакой месціўся ў драўляным аднапавярховым дамку, у якім жыла яшчэ адна сям’я.

Ад дзвярэй і двух вокнаў цягнула холадам. Шыбы пакрываў тоўсты слой кветак, якія маляваў мароз. Паказваючы на іх матка расказвала мне розныя казкі, дзеі якіх адбываліся ў заснежаных чароўных сцэнах.

У яе нататках была згадка аб масажаванні ног старым. Акрамя гэтага выразала ім урослыя (у пальцы) пазногці, абразала з пятаў зарагавелы эпідэрміс або прамывала апёкі ці пролежні вадой з воцатам. У параўнанні з колкай дроў ці перавозкай іх санкамі, калі тэмпература падала да 40 градусаў марозу, было гэта не найгоршым заняткам. Людзі давалі за гэта нешта з правізіі: яйка, кавалачак масла, малако, бульбу, крупы. Здаралася, што атрымлівалі талерку гарачага супу. Часамі дазвалялі сабе скарыстацца часткай прывезеных дроў.

Калі было слізка і бацька з вялікай цяжкасцю перамяшчаўся на мыліцах, трэба было прывезці яго пасля ўрокаў са школы. Пасля сядалі абедаць. Не ведаю, што ў тыя часы гатавала мама, але памятаю яе чырвоныя, да крыві патрэсканыя на марозе рукі. Рукі, якімі яшчэ нядаўна стварала прасторавыя кампазіцыі і гіпсавыя скульптуры.

Мы жылі ў прымітыўных умовах. Каб справіць фізіялагічныя патрэбы ці прынесці вады, трэба было хадзіць на двор. У пакоі бліжэй да кухоннай пліты, адным бокам амаль дакранаючыся да уваходу, стаяў мой дзіцячы ложачак. Далей пасцель маёй мамы, а пры сцяне, насупраць дзвярэй, што вядуць у сені, ложак бацькі. Прыткнуты да яго кульгавы стол даўжэйшым бокам кранаўся акна. Менавіта тут, адвярнуўшыся ад пакою, сядзеў бацька, пакрываючы аркушы паперы нейкімі незразумелымі мне рысункамі. Такім чынам і паўстаў цыкл “Заходняя Беларусь”,

Напэўна за гэтым самым сталом бацька таксама займаўся праектаваннем дэкарацый, пра якія пазней напісаў Юл’ян Пшыбась (паэт, перакладчык, навеліст, сябар Страмінскага, А.М.): “…ён адзін у тым найгоршым для мастацтва часе мог даць прыклад жывапісу, які патрэбны быў прапагандзе. Путрамант (польскі паэт, у згаданы час працаваў у вілейскай абласной газеце “Вілейская праўда”, А.М.) згадвае ў сваім “Паўстагоддзі” як Страмінскі перамяніў на свята 1 мая 1940 года беднае шэрае мястэчка Вілейку ў каляровую феерыю, у тэатр прасторавых жывапісных кампазіцый. Бо тады ўлады развязалі яму рукі ў аздабленні горада.

Вясной бацькі паклапаціліся пра вяртанне ў Лодзь. Не ведаю прычын таго рашэння. Што цягнула іх у акупаваны горад? Хацелі быць там, дзе пакінулі свой мастакоўскі плён? Наважыліся абараніць тыя працы перад знішчэннем? А можа памылкова меркавалі, што бацька знойдзе там лепшыя ўмовы для творчай дзейнасці?

Калі бацька спаліў дакументы мамы, якія пацвярджалі яе расійскае паходжанне, і нагаворваў, каб у савецкіх установах заяўляла польскую нацыянальнасць, можны прыпусціць, што ініцыятыва вяртання зыходзіла ад яго.

Напэўна канчатковаму рашэнню папярэднічалі доўгія размовы і ваганні. Для мамы прыняць яго было яшчэ цяжэй. Бо была расіянкай, польскай грамадзянкай, а каб атрымаць згоду ўлад на выезд трэба было заявіць пра нямецкае паходжанне яе бацькі.

З дакументаў мелі толькі пасведчанне аб шлюбе, заключанага ў Рызе ў 1924 годзе. Ён і дазволіў бацькам пасля дзевяці месяцаў, якія яны правялі ў Вілейцы, вярнуцца ў акупаваную Польшчу. Пазней, на падставе гэтага пасведчання, ва ўсіх акупацыйных дакументах, месцам нараджэння маткі пазначалася Рыга.

Не пыталася, якой дарогай ехалі. Памятаю назвы двух месцаў: Маладзечна і Белай Падляскі, якія згадваліся падчас размоў аб тым падарожжы. Вярталіся вагонамі для скаціны. Было адносна свабодна. Хапіла месца, каб спаць на падлозе. Для мяне матка вымасціла пасцель на вейку чамадана ў куце вагона.

Адразу пасля пераезду мяжы усіх пасажыраў і іх адзенне апрацавалі ад вошай. Далейшая паездка не была хутчэйшай. Уся наша тройка перанесла яе цяжкасці добра. У сярэдзіне мая 1940 года мы зноў былі ў Лодзі.

Ніка Страмінская, “Каханне, мастацтва і нянавісць”. Варшава, 1991 (Strzemińska N. Miłość, sztuka i nienawiść. О Katarzynie Kobro i Władysławie Strzemińskim. Res Publica, Warszawa, 1986).

Пераклад “Рэгіянальнай газеты”.Дзякуй Вілейскаму краязнаўчаму музею і яе старшаму навуковаму супрацоўніку Вользе Коласавай за прадастаўленыя матэрыялы. Глядзі яшчэ:

Мастак Уладзіслаў Страмінскі: лёс, творчасць і Вілейка

У Вілейцы прайшла вечарына памяці выдатнага мастака Уладзіслава Страмінскага (шмат фота)

У Вілейцы прыгадаюць пра Уладзіслава Страмінскага

Вілейскі мастак Эдуард Мацюшонак паказаў чытачам “РГ” сваю выстаўку