Аўтобус Маладзечна-Вільня пойдзе па маршруце на пачатку летняга сезона, распавёў намеснік генеральнага дырэктара па перавозках “Мінаблаўтатрансу” Яўген Ігнатаў.

Спачатку аўтобус будзе хадзіць толькі па выхадных, а потым – штодзённа.

Аднак дырэктар маладзечанскага аўтапарку №4 Яўстафій Каравай пра гэта ніякай дакладнай інфармацыі не мае:

– Некалі быў аўтобус на Вільню, які выязджаў з Барысава і па дарозе забіраў маладзечанцаў. Аднак з-за недахопу пасажыраў летась восенню гэты маршрут адмянілі. У той час гаварылі і пра магчымасць адкрыцця маршруту Маладзечна-Ві­льня. Аднак на тым справа спынілася і пакуль нічога дакладна невядома.

Вілейка-Вільня: ці трэба?

Праз шмат гадоў пачаліся спробы аднавіць маршрут Вілейка-Вільня.

Дырэктар вілейскага аўтапарка №5 Леанід Гамолка кажа, што яшчэ невядома, з’явіцца такі рэйс ці не:

– Пакуль што ён у праекце: можа, быць, а можа, і не быць. Для таго, каб рэйс з’явіўся, трэба дазвол “Мінаблаўтатрансу”, ліцэнзія. Пакуль што мы вывучалі думку жыхароў, ці будзе аўтобус на Вільню карыстацца попытам. Відавочна, што поўнай загрузкі не будзе. Гэта 100 працэнтаў. Адна з прычын – у візавым рэжыме, бо не кожны візу мае. Яшчэ адна – у кошце. Аўтобусам дарога абыдзецца ў два разы даражэй, чым цягніком.

Перад аўтапаркам яшчэ шмат пытанняў, якія трэба вырашыць. Пакуль што няма нават аўтобуса, які б мог перавозіць людзей.

– Нам трэба і спецыяльны, больш камфартабельны транспарт, якога мы цяпер не маем, – працягвае Леанід Гамолка. – Рэйс міжнародны, не танны, таму каб людзі ездзілі, мы павінны стварыць адпаведныя ўмовы. Да таго ж, невядома, як будзе арганізаваная праца з мытняй. Бо калі ўсё будзе залежаць ад чэргаў, натуральна, графік будзе збівацца.

Сёння, паводле сайта Беларускай чыгункі, білет на цягнік на Вільню з Маладзечна каштуе – 151 100 рублёў, з Мінска – 177 100 рублёў. Паводле інфармацыі “Мінсктрансу”, білет на аўтобус з Мінска да Вільні каштуе 170 тысяч рублёў.

“Аўтобусы на Вільню былі бітком забітыя”

Віляйчанін Алег Кулік шмат гадоў адпрацаваў кіроўцам маршрутнага аўтобуса. Ён добра памятае гады, калі ў Вільню мясцовыя жыхары ездзілі і ездзілі.

– У 90-я гады аўтобус быў вельмі запатрабаваны, – прыгадвае спадар Алег. – Хадзіў цалкам загружаны. А калі вяртаўся з Вільні, то проста не хапала месцаў. І смаргонцы ездзілі гэтым маршрутам, шмат людзей садзілася ў Ашмянах. Аднак калі ўвялі візы, людзі перасталі ездзіць. Маршруты зніклі.

На думку кіроўцы, калі б цяпер аднавілі гэты маршрут, ён карыстаўся б попытам.

– І віляйчане ездзілі б, і смаргонцы, і ашмянцы, – працягвае спадар Алег. – Сёння ж нават проста з Вілейкі ў Смаргонь не даехаць. Увогуле, заўсёды так адбываецца, калі ўводзяць новы маршрут, мяркуюць, што ён будзе нерэнтабельны. У выніку ж заўсёды знаходзяцца ахвотныя паехаць.

Як адзначыла падчас абмеркавання пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Еўрасаюзам і Беларуссю кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора, беларусы першыя па колькасці атрыманых шэнгенскіх віз у свеце пры вельмі малым ліку адмоў.

Як адзначыла падчас абмеркавання пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Еўрасаюзам і Беларуссю кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора, беларусы першыя па колькасці атрыманых шэнгенскіх віз у свеце пры вельмі малым ліку адмоў.

Настасся РОЎДА.

Фота Настассі РОЎДЫ.