У Дзень Святога Валянціна трэба гаварыць пра каханне.

Мы гаворым аб ім, як аб самым светлым і цудоўным пачуцці, якое, на жаль, нельга ўбачыць, пачуць і памацаць. Але бывае, што дастаткова зірнуць на нейкую рэч, каб адразу перад вачыма паўстала і першае спатканне, і прызнанне ў каханні, і колер вачэй таго чалавека, які аднойчы сказаў вам самае галоўнае слова ў жыцці: “Кахаю.”

У гэтым артыкуле мы сабралі ўсе тыя рэчы, якія вяртаюць нашых чытачоў да ўспамінаў аб першым, або адзіным, на ўсё жыццё, каханні.

Жменька суніц

− Гэта было ў дзіцячым аздараўленчым лагеры. Я тады расказала хлопчыку, які мне падабаўся, што вельмі люблю суніцы. І вось ён аднойчы збег з лагера. Усе выхавальнікі “стаялі на вушах”, шукалі яго.  Памятаю, як на яго крычалі, пыталіся, дзе ён быў, калі, нарэшце, вярнуўся ў лагер. А хлопчык моўчкі з-за спіны дастаў кубачак і высыпаў мне ў далоні жменьку суніц. Ну як магла ў яго не закахацца? А ў канцы лета ён з бацькамі паехаў жыць у Канаду. І больш мы ніколі з ім не бачыліся, − дзеліцца ўспамінамі Кацярына Старацітарава. − З тых часоў люблю суніцы яшчэ больш. Таму што ў майго першага кахання сунічны пах і сунічны смак.

− Пахі маюць цудадзейную якасць вяртаць у мінулае, − гаворыць Марына Шчыглінская. – З тым хлопцам мы даўно ўжо не бачыліся. Аднойчы  мы  былі  з  ім  на  возеры. Хлопец прапанаваў паплаваць, і, не дачакаўшыся майго адказу, зацягнуў у ваду ў адзенні. А потым аддаў сваю сухую майку, ад якой пахла яго парфумай. Калі мне хочацца ўзнавіць успаміны таго лета, іду ў магазін і пшыкаю на паперку той самай туалетнай вадой, пах якой я не пераблытаю ні з якім іншым пахам на свеце. І майку, дарэчы, так яму і не вярнула, пакінула сабе на памяць.

Сустрэнемся на лаўцы, пад вярбой

Лавачкі, лавачкі… Як жа гуляць увесь дзень з каханым і не прысесці адпачыць на лавачку ў цяньку парку? Так і адбылося з Вольгай Дзуновіч. Прыселі, размаўлялі, трымаліся за рукі, цалаваліся…і прысохлі. Дзе ж там заўважыш надпіс: “Асцярожна, пафарбавана”, калі бачыш толькі вочы свайго каханага?

З лаўкамі ёсць гісторыі і менш кур’ёзныя. Многія маладзечанцы, напэўна, заўважылі, што сквер на Цэнтральнай плошчы значна парадзеў. “Ну і што з таго?” − здзівяцца іншыя. Затое дыхаць стала лягчэй”. А для Юліі Салаўёвай тыя вербы, што ўпрыгожвалі сквер, і тыя лавачкі, ля якіх яны раслі, не проста дрэвы, а месца, дзе праходзілі першыя спатканні з чалавекам, які стаў Юліным лёсам. Толькі ўявіце сабе, у самым цэнтры горада быў  такі астравок спакою і адасаблення ад усяго свету, дзе можна было балбатаць цэлыя вечары напралёт.  

− Колькі ўспамінаў звязана з тымі лавачкамі, дзе можна было сядзець да світання, з тымі вербамі, якія надзейна хавалі і ад дажджу, і ад чужых вачэй! − гаворыць Юлія.

Увогуле, не ў адной Юліі каханне асацыюецца з раслінамі.

Кветкі – такі ж атрыбут кахання, як і ружовыя сэрцайкі. Асабліва запамінаюцца першыя кветкі.

Наталля Загорская ўспомніла свае першыя кветкі. На вуліцы Міру пад аптэкай раслі фіялетавыя і жоўтыя касачы. Калі яе хлопчык першы раз падводзіў дадому, вырашыў зрабіць сюрпрыз. Нарваў цэлы букет гэтых касачоў. І ўсё б нічога, каб нарваў ён іх разам са сцяблінамі. Ды дзе там! Нарваў адных бутонаў.

Так і ішлі побач: дзяўчынка, якой упершыню падарылі кветкі, і хлопчык, які да самага пад’езда нёс рознакаляровыя бутоны, паклаўшы іх, быццам у фартушок, у сваю майку.  

− А я кветкі не вельмі люблю, праўда-праўда. І сказала пра гэта свайму каханаму, − гаворыць Вольга Багдановіч, − Жэня узяў і прынёс мне бамбук. Ну, не кветка, не паспрачаешся. Называем яго сімвалам нашага кахання, ён і цяпер стаіць у нас на падваконні, кожны дзень расце, як і наша каханне.

Фатаграфія 9 на 12

Знайдзіце вольны час і прагледзьце сямейны фотаальбом. Магчыма, у ім вы таксама знойдзеце лёсавызначальны здымак, як і адбылося з Вольгай Хоміч. Аднойчы разам з мужам яны разглядалі дзіцячыя здымкі Аляксея. На фотаздымку, які быў зроблены шмат гадоў таму на ўрачыстай лінейцы да першага верасня, Вольгу, якой тады быў адзін гадок, трымае на руках бацька, дырэктар той школы, дзе адбывалася лінейка. А на першым плане стаіць першакласнік з гваздзікамі… Вользін будучы муж Аляксей. Да знаёмства ім заставалася яшчэ 13 гадоў…  

− А ў мяне зусім не фотаздымак асацыюецца з каханнем да Вольгі, − гаворыць муж Вольгі Аляксей Хоміч, − на нашым першым спатканні Вольга ўзяла ў мяне мой гадзіннік, надта ёй захацелася яго памераць. Як толькі яна яго зняла з рукі, ён спыніўся. І больш не працуе.Мы жанатыя ўжо 11 гадоў, а я да сёння памятаю час, з якога пачаўся адлік нашаму каханню – 19:37.

Каціныя лапкі і заколка, якая ламалася ўвесь час

Увагу дэталям, канешне ж, аддаюць пераважна дзяўчынкі. Яны і ружачку першую засушаць і захаваюць, і білет у кіно на апошні рад зберагуць, як каштоўнасць. Цікава, а ці надаюць хлопцы такую ўвагу прадметам? І, як вы ўжо маглі здагадацца, мала хто змог прыгадаць які-небудзь прадмет, які можна лічыць сімвалам. Але некаторыя дэталі прадстаўнікам моцнага полу ўсё ж такі ўзгадаць атрымалася.

− Гэта было ў дзіцячым садку, у час абедзеннага сну, − распавядае Максім Сакалоў. – Мой ложак стаяў побач з ложкам самай прыгожай дзяўчынкі ў групе. Як вы ведаеце, спаць тады ўдзень было самым горшым пакараннем.І суседка мне, на шчасце, трапілася не санлівая. Яна гуляла са сваёй заколкай і раптам вінцік з яе выпаў, і яна развалілася на дзве часткі. Я прапанаваў ёй сваю дапамогу, сказаў, што магу парамантаваць. Толькі я парамантаваў, як яна зноў зламала яе. Так мы з ёй амаль гадзіну ламалі і рамантавалі гэту няшчасную заколку. Потым заўважыла гэта выхавальніца і прымусіла прысядаць побач з ложкам 10 разоў. А я толькі нядаўна зразумеў, што тая дзяўчынка спецыяльна ламала сваю заколку, каб я рамантаваў яе. Чаму я не зразумеў гэта тады?

Не толькі прадметы застаюцца ў памяці на доўгія гады, але і музыка, і нават фільмы.

− Я самы праўдзівы хлопец у свеце. Запрасіў дзяўчыну паглядзець фільм у мяне дома, і глядзелі. “Службовы раман”, я так люблю гэты фільм, і мне так хацелася паглядзець яго разам! А яна заснула якраз у той момант, калі памёр Бублікаў. Бессардэчная асоба! Відаць, яна прыходзіла не на кіно, − уздыхае Мікалай Палхоўскі.

Гісторыя, якую ўзгадаў Вадзім Замара, не толькі запамінальная, але і траўманебяс­печ­ная:

− Каціныя лапкі, вось з чым асацыюецца ў мяне каханне. Яна сваімі доўгімі, вострымі кіпцікамі ўвесь час драпала мне і рукі, і спіну, і нават твар. Не хацела яна адказваць на мае пачуцці ўзаемнасцю, а я так любіў яе… сваю котку. Так і з дзяўчынамі: ты да яе ўсім сэрцам, а яна кіпцікамі-кіпцікамі.  

Наталля ТУР.

Фота забяспечана Вольгай ХОМІЧ,liveinternet.ru, www.bolshoyvopros.ru, domik-korolevi.com.