Адкрыты конкурс стэндавых мадэляў, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямец­­ка-фашысцкіх захопнікаў, прайшоў у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” 8 лютага.

Дарослыя і юнакі з Мінска, Віцебска, Гомеля, Брэста, Вілейкі і Маладзечна прывезлі на конкурс каля сотні мадэляў.

Вынікі падводзіліся ў розных класах: авіямадэлі, бронетэхніка, артылерыя, флот, грузавыя і легкавыя аўтамабілі, дыярамы. І ў кожным на п’едэстале гонару аказваліся юніёры з Маладзечна. Гэта Міхаіл Руды, Уладзіслаў Калясень, Арцём Юшкевіч, Кірыл Баштавенка, Сяргей Карлёнак, Ягор Сарока, Антон Троцкі. Стэфан Емяльяненка і Арцём Шахно атрымалі адразу па чатыры дыпломы кожны. Па два заваявалі Аляксей Барысаў і Яўген Гапановіч-Бабарыка.

Для многіх дзяцей гэта ўжо не першыя спаборніцтвы. Так, Арцём Шахно шэсць гадоў займаецца мадэляваннем, у яго скарбонцы шмат перамог ў абласных і рэспубліканскіх спа­борніцтвах.

− На гэты конкурс я падрыхтаваў больш за 10 копій. Напрыклад, у дыяраме паспрабаваў ўзнавіць карціну франтавога аэрадрома з самалётамі і зенітнай устаноўкай, − распавёў Арцём.

А вось дзесяцігадовы Рома Юшкевіч бярэ ўдзел у такіх спаборніцтвах ўпершыню. І хай яго імя пакуль няма ў спісе прызёраў − усё яшчэ наперадзе!

Добры прыклад сваім навучэнцам падавалі педагогі. Кіраўнік гуртка “Тэхнічнае мадэляванне” Віталь Шахно заняў першае месца сярод дарослых у намінацыі “Флот”. За дзесяць гадоў працы ў “Маладзіку” ён  выхаваў трох майстроў спорту, двух кандыдатаў у майстры спорту, трох бронзавых прызёраў чэмпіянату Еўропы. Зараз педагог рыхтуецца да ўдзелу ў чэмпіянаце свету па стэндавым мадэляванні.

Акрамя ўдзельнікаў спаборніцтваў было шмат наведнікаў выставы. Прыйшоўшы сюды з сябрам за кампанію, Улад Навойчык цвёрда вырашыў запісацца ў гурток. Ён ужо даўно захапляецца гісторыяй рускіх танкаў і бронемашын. А зараз у яго будзе магчымасць ствараць іх паменшаныя копіі.

Хлопчыкі змаглі не толькі палюбавацца мадэлямі, але, напрыклад, скласці пазлы ў гульнявым пакоі. Тэматычныя настольныя гульні прэзентавала таварыства “Зорны час”. Яно ж стала спонсарам спаборніцтваў, уручыўшы пераможцам наборы для мадэлявання.

Дар’я ЦАУНЯ, школа журналістыкі “Маладзік”.

Фота Таццяны РАМАНОВІЧ.