Кінатэатр займае добрыя эканамічныя пазіцыі, а шыльда засмучае многіх маладзечанцаў.

Кінатэатр “Радзіма” паспеў вярнуць статус аднаго з асноўных месцаў сустрэч і баўлення вольнага часу для маладзечанцаў і гасцей горада.

Калі хочаце трапіць на прэм’еру, пра білет варта паклапаціцца загадзя: за паўгадзіны да сеанса чарга да касы ледзь не выходзіць на вуліцу.

Генеральны дырэктар КУП “Мінаблкінавідэапракату” Юры Чарнавушка высока ацэньвае працу маладзечанскай “Радзімы”:

− Мяркую, што да канца года можна будзе гаварыць аб акупляльнасці кінатэатра, ён можа выйсці на такі ўзровень. Маладзечанскі кінатэатр сярод самых сучасных у вобласці. Многія фільмы збіраюць поўную залу. Абнавіўшы яго, мы аснасцілі будынак па апошнім слове тэхнікі і пры гэтым захавалі архітэктурныя асаблівасці аб’екта. Звонку ён амаль такі ж, як дзясяткі год таму, а ўнутры вельмі сучасны. Усе ўмовы для добрай працы мы стварылі. Не думаю, што ў Мінску ёсць лепшыя. У сталіцы не горшыя, вядома, але і не лепшыя.

Маладзечна – асаблівы выпадак

Відэаапытанне ў Маладзечне: «Рускі квартал», «Не люблю беларускую мову» і іншыя

Дырэктар “Мінаблкінавідэапракату” тлумачыць, чаму менавіта маладзечанскі кінатэатр мае такі попыт:

− Многія кінатэатры ў іншых райцэнтрах наведваюць адны і тыя ж людзі, якіх не так шмат. Маладзечна ж, вядома,  – асобны выпадак. Гэта культурная сталіца Міншчыны. Цікавасць да мастацтва высокая. Маладзечна − адзін з самых буйных гарадоў у вобласці. Некалькі год наогул не меў кінапаказу, калі не лічыць відэасалон. Прэм’еры ў Маладзечне паказваюць адначасова, як у Мінску і Маскве.

Як удаецца кінатэатрам захоўваць зацікаўленасць да сябе, калі амаль у кожным доме ёсць тэлевізар і камп’ютар з інтэрнэтам? Дзякуючы сусветнай павуціне можна паглядзець безліч фільмаў, у тым ліку пірацкія версіі прэм’ер.

− Мы наперадзе пі­ратаў, цяпер яны спаз­няюцца, − адказвае Юры Чарнавушка. − Калі раней у кіно паказвалі фільмы на плёнцы, то піраты апярэджвалі многія кінатэатры. Цяпер жа, калі фільмы запісваюцца ў лічбавым фармаце, мы адначасова паказваем прэм’еры ў многіх кінатэатрах. І менавіта гэтыя першыя некалькі тыдняў дазваляюць выйграваць на рынку.

Пытанне шыльды не закрытае

Маладзечанцы паспелі ацаніць перавагі кінатэатра знутры. Аднак для многіх незакрытым застаецца пытанне шы­льды.

Пасля рэканструкцыі да “Дажынак” кінатэатр адкрыўся праз год пасля свята, 22 верасня 2012 года. Аднак цяпер яго ўпрыгожвала новая шыльда, на якой замест звычнай назвы “Радзіма” з’явілася “Родина”. Перамена выклікала шмат абмеркаванняў.

Тады гэтую сітуацыю для “РГ” таксама пракаментаваў Юры Чарнавушка:

“Новую шыльду зацвердзіў галоўны архітэктар вобласці Аляксандр Валовіч. Маладзечанскі кінатэатр размешчаны ўздоўж пешаходнай вуліцы Прытыцкага. Шыльды ўсіх будынкаў на вуліцы на рускай мове. Таму вырашылі, што на кінатэатры таксама будзе руская, каб не выбівалася з агульнага кантэксту. Гэта не значыць, што мы не любім ці не паважаем беларускую мову. Але ж, напэўна, не гэта галоўнае. Важна, каб маладзечанцам падабалася якасць абслугоўвання, хацелася наведваць установу, каб у ёй добра адпачывалася і было прыемна. Тое, што цяпер кінатэатр мае рускую назву, не значыць, што маладзечанцы больш не ўбачаць назву “Радзіма”. Тэрмін служ­бы такіх шыльдаў − 5-6 гадоў. Магчыма, калі мы будзем замяняць яе ў наступны раз, назва кінатэатра зноў будзе на беларускай мове”.

Сёння мы зноў вярнуліся да гэтай тэмы. Дырэктар “Мінаблкінаві­дэапракату” дадае:

− Новую шыльду ўзгадняў Мінаблвыканкам. Калі будзе каманда замяніць − заменім.

− Ці могуць актыўныя жыхары горада ініцыяваць, напрыклад, збор сродкаў для замены шыльды?

− Мы маем магчымасць замяніць і без збору сродкаў. Разумееце, кінатэатр па тэхпашпарце яшчэ каля 15 гадоў таму значыцца як “Родина”. Гэта на 100% дзяржаўная ўстанова. Мы можам ставіць пытанне перайменавання кінатэатра перад Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы. Але пакуль мы спыніліся на такім варыянце. Зразумейце, ад гэтага нічога ўнутры не пагоршыцца. Я люблю беларускую мову, вельмі добра размаўляю на ёй, але не варта быць настолькі катэгарычнымі. Пройдзе час − і вернецца “Радзіма”.

“Радзіма” − гэта традыцыя

Як ацэньваюць сітуацыю з шыльдай кінатэатра беларускамоўныя маладзечанцы, мы спыталіся ў краязнаўцы і пісьменніка Міхася Казлоўскага:

− Я за тое, каб захаваць традыцыю, а традыцыя ёсць у назве “Радзіма”, якая пад­крэслівае нашу нацыянальнасць. Калі шчыра, у мяне нават няма слоў, каб патлумачыць, чаму я за “Радзіму”. Здаецца, гэта і так зразумела. Я ў гэтым пытанні адназначны і  няма тут чаго абмяркоўваць. Для мяне міла ўсё, што гучыць па-беларуску. Аргумент наконт таго, што па ўсёй вуліцы рускамоўныя шыльды, проста не працуе.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Настассі РОЎДЫ.