21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Мы прапануем сваім чытачам гэты дзень правесці з беларускай мовай.

Распарадак дня і месцы, дзе з вамі пагутараць на беларускай мове, – у  гэтым артыкуле.

Калі вы ставіце будзільнік на тэлефоне, то падрыхтоўку да Дня мовы пачніце загадзя. Вечарам змяніце мелодыю будзільніка на нешта накшталт: “Сонейка, час уставаць!”.

І ўжо ў шэсць, сем ці восем гадзін раніцы вы пачалі дзень правільна.

Сёння працоўны дзень, і ўсе мы рушым на працу. Паспрабуйце ў гэты дзень пагутарыць з кандуктарам у грамадскім транспарце па-беларуску. Вось пабачыце, вам абавязкова адкажуць. І ў астатніх пасажыраў у вачах вы прачытаеце спачатку здзіўленне, а потым павагу і нават зайздрасць ад таго, як у вас атрымоўваецца так лёгка і прыгожа размаўляць па-беларуску. Працоўны дзень пачынаецца з чаго?

Так, з прагляду навін у інтэрнэце. Выберыце сёння для гэтага беларускамоўныя сайты. Калі спатрэбіцца, лепшыя парады для паўсядзённага жыцця вы можаце атрымаць на сайце daily-helper.com. Тут вы знойдзеце парады псіхолагаў, педагогаў, дызайнераў інтэр’ераў, дактароў і шмат каго іншага. Адзінае, калі завітаеце на гэты сайт, не забудзьцеся схадзіць паабедаць.

Пытайцеся па-беларуску, вам адкажуць

У Маладзечне працуе адзіная пакуль кавярня беларускай кухні. Яе дырэктар Таццяна Чы­жэў­ская пагутарыла з намі:

− Афіцыянты наўрад ці першыя загавораць з вамі па-беларуску, але, калі вы павітаецеся па-беларуску, вам адкажуць таксама. Магчыма, не так прыгожа атрымаецца, але гонар установы я сароміць не дазволю. Нам даводзіцца не часта чуць, каб нашы наведнікі размаўлялі на беларускай мове. Але, калі чую беларускую гутарку, я так радуюся, мова такая прыгожая.

Мы, у сваю чаргу, усё робім, каб стварыць беларускі куточак. І стравы нацыянальныя гатуем, і падаём іх да стала ў традыцыйным беларускім посудзе: збаночках, гаршчочках. Да напояў ставім келіхі. А зусім нядаўна я прапанавала і меню перакласці на беларускую мову. Так што з панядзелка ў нас і пагутарыць, і паесці, і меню пачытаць можна па-беларуску.

Другая палова дня на працы пройдзе незаўважна, калі пачаць планаваць вечар адразу паля абеду.

Вечарам можна наведаць і музеі, і бібліятэкі, і тэатры. Там пачуць мову можна заўсёды. Але да тэатра ці музея трэба дабрацца. Пасля работы так не хочацца чакаць грамадскі транспарт, таму да месца прапаную дабірацца на таксі. І, вядома ж, толькі з беларускамоўным таксістам.

Пагаварыце са мной па-беларуску – атрымаеце скідку

У адной са службаў таксі працуе Аляксандр Семашкевіч:

− У маладзечанскім таксі пачуць чыстую беларускую мову амаль немагчыма. Здараюцца пасажыры, якія размаўляюць на ламанай мове. Але ж размаўляюць! А калі б мне давялося па­чуць чыстую, прыгожую гутарку, далібог, даў бы скідку такому пасажыру. Вось мяне здзіўляе: бывае, пасажыры просяць паставіць тую ці іншую песню, але на беларускай мове ні разу не прасілі.

− А калі папросяць паставіць беларускую песню на ваш густ, якую паставіце?

− “Чарку на пасашок”. Самая беларуская песня.

Такі дзень не павінен не пакінуць свайго следу ў гісторыі. Таму прапаную вам па дарозе дадому завітаць у фотамайстэрню да беларускамоўнага майстра Мікалая Барана, каб захаваць на памяць у сямейным фотаальбоме сябе з сапраўднай беларускай усмешкай.

− Мяне заўсёды здзіўляе, калі чалавек не разумее слова “прозвішча”. 70% маіх кліентаў кажуць: “А мянушкі ў мяне няма”. Сваім кліентам, што загаварылі на роднай мове, заўсёды імкнуся і зніжку даць, і параду якую ў якасці бонуса. Сам я выхоўваўся ў польска-беларускай сям’і. Ну як беларускае слова твар можа азначаць па-руску, самі ведаеце што? Я ўспомніў гісторыю, як на мяне ў краме пакрыўдзілася прадавачка. Я ёй кажу: “У вас каўнерык захінуўся”. А яна мне: “Што вы прычапіліся, ніякіх зашпілек на мне няма!” А быў і іншы выпадак.

Іду па вуліцы, насустрач мне крочаць двое дзяцей гадоў па шэсць, далёка не беларусы. Па вузкім разрэзе вачэй можна аб гэтым здагадацца. І тут адзін пытаецца ў другога: “Ты ўпэўнены, што мы ідзём правільнай дарогай”. Як мяне ўсцешылі гэтыя словы. А мову вернем, не сумнявайцеся.

Апошні прыпынак па дарозе дадому – гэта крама, у якой трэба набыць ласунак да вашай беларускай вячэры.

Я быццам белая варона, якая адна ведае мову

У краме, што ў шостым мікрараёне, гаспадыня Ірына Сямёнаўна не толькі з вамі пагутарыць, але і пахваліць за тое, што вы размаўляеце па-беларуску.

− Ды не пытайцеся вы ў мяне пра мову, са мной і так усё ясна! Вы пытайцеся, чаму моладзь не жадае яе вывучаць. І на мяне глядзяць, як на белую варону. Я, калі хвалююся, заўсёды пера­ходжу на беларускую мо­ву.

− Са сваімі паку­пнікамі размаў­ляеце па-беларуску?

− Не проста размаўляю, я заахвочваю людзей, каб і яны са мной размаўлялі па-беларуску. І пахвалю заўсёды за адказ на мове.

Ну а ўвечары, самому нагаварыўшыся па-беларуску, самы час па­чытаць беларускую казку сваім дзецям, якія за дзень засумавалі па беларускай мове. У гэтым вам дапамогуць сайты: dzietki.org ці kazki.unicef.by. Тут шмат казак, гісторый, вершаў і займальных задачак для дзяцей любога ўзросту. І не мяняйце мелодыю будзільніка. Хай кожны ваш дзень пачынаецца з беларускага: “Прачынайся, сонейка!”