Вельмі своечасова дапоўнілі патрабаванні да кандыдатаў у дэпутаты.

У прыватнасці, звесткі пра тое, ці прыцягвалі яго раней да адказнасці за парушэнне якіх-небудзь законаў. Нават калі гэтыя законы адмененыя (напрыклад, фарцоўка, спекуляцыя), то такому кандыдату ўсё роўна верыць нельга. Няма гарантыі, што не будзе парушаць законы, якія дзейнічаюць цяпер.

Але выклікаюць сумненні некаторыя патрабаванні да кандыдатаў, запісаныя ў законе. Напрыклад, мінімальны ўзрост 21 год. Які з яго можа быць дэпутат? Адукацыі няма (у крайнім выпадку, сярэдняя спецыяльная), досведу працы няма і г.д. Навукова даказана, што мозг канчаткова фарміруецца да 30 год. Да гэтага ўзросту чалавек не можа прымаць адэкватныя рашэнні і амаль цалкам залежыць ад тых, хто побач. Прыехала з вёскі дзяўчо, паступіла ў медкаледж, пасля заканчэння адпрацавала паўгода − надакучыла. Праца не падабаецца, плацяць мала, куды падацца? А ў дэпутаты…

Акрамя гэтага, пасля 60 год (таксама даказана і тэарэтычна, і практычна) слабее памяць, згасае ініцыятыва, амбіцыі, імкненне да новага. Магчыма, было б правільна абмежаваць узрост кандыдатаў ад 30 да 60 год. Паводле статыстыкі, больш за палову кандыдатаў – педагогі, медыкі і г.д. Гэта значыць, мала кандыдатаў з вышэйшай тэхнічнай, юрыдычнай ці эканамічнай адукацыяй.

Без вышэйшай адукацыі наогул не павінна быць дэпутатаў. Быў у нас такі выпадак − выбіралі з калектыву кандыдата: слесар 5 разраду, добры работнік. На сходзе біў сябе ў грудзі, абяцаў усё зрабіць для таго, каб прадпрыемства і горад квітнелі. Выбралі. З’ехаў у Мінск, перацягнуў сям’ю ў сталіцу і больш яго не бачылі. Значыць, проста рваўся да кармушкі. Цяпер ужо ўсе разумеюць, што выказванне Леніна пра тое, што кожная кухарка можа кіраваць дзяржавай, − поўны нонсенс.