Каля кантэйнераў у Насілаве смецце прыбралі, а таксама змянілі графік яго вывазу.
Пасля публікацыі “Хацелі б такі від з акна?” філіял УП “Камунальнік” “Раённая ЖКГ” даслаў рэдакцыі ліст з адказамі на пытанні, якія падняла газета.
Як часта вывозяць камунальныя адходы
Цвёрдыя камунальныя адходы ў Насілаве вывозяць па графіку. Яго ўзгадніў старшыня Цюрлёўскага сельсавета і зацвердзіў начальнік філіяла раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Графік склалі паводле схемы абыходжання з камунальнымі адходамі, якую зацвердзіў Маладзечанскі райвыканкам.
Аднак у студзені сапраўды былі парушэнні графіка збору смецця з-за неспрыяльнага надвор’я.
Каб палепшыць якасць абслугоўвання жыхароў Маладзечанскага раёна, ад лютага перагледзелі графік збору смецця ў блізкіх да горада населеных пунктах, сярод якіх Насілава. Вырашылі часцей вывозіць смецце з кантэйнераў.
Цяпер у Насілаве смецце вывозяць тройчы на тыдзень: у панядзелак, сераду і пятніцу.
Як прыбіраюць пляцоўкі ля кантэйнераў
Прыбіраць кантэйнерныя пляцоўкі ад смецця − адзін з абавязкаў грузчыкаў. Яны павінны гэтым займацца, калі аб’язджаюць на спецтранспарце па графіку, акрамя буйных адходаў.
На момант публікацыі артыкула кантэйнерныя пляцоўкі ў Насілаве прыбралі па-за графікам. За іх неналежны санітарны стан адказных прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці.
Ці можна пераставіць кантэйнеры
Спецыялісты філіяла разглядаюць скаргі і прапановы па колькасці і месцах для кантэйнераў. Па магчымасці задавальняюць іх, улічваючы санітарныя правілы і нормы.
Пытанні мясцовым жыхарам
Жыхары не заўсёды выконваюць патрабаванні заканадаўства па абыходжанні са смеццем, а таксама ўмовы дагавора па вывазу адходаў.
1. З-за таго, што людзі самавольна выкідаюць у кантэйнеры некамунальныя адходы, а будаўнічыя і раслінныя, перапаўняюцца кантэйнеры і ламаецца спецтранспарт.
2. Людзі выкідаюць смецце ля кантэйнераў, нават калі кантэйнеры не запоўненыя.
3. Выкідаюць у кантэйнеры для смецця другасную сыравіну.
Работнікі раённай ЖКГ дадаюць напрыканцы ліста, што спецыялісты пастаянна тлумачаць людзям, як правільна абыходзіцца са смеццем.
Зоя ХРУЦКАЯ.