Ад 25 студзеня ўступілі ў моц змяненні Закона “Аб ахове працы”.

Адна з асаблівасцяў новай рэдакцыі Закона ў тым, што цяпер работнік мае права адмовіцца ад выканання паручанай работы. Гэта дапускаецца, калі работа нясе непасрэдную небяспеку для жыцця і здароўя яго і людзей навокал. Можна адмовіцца і ад работы, калі працадаўца не забяспечыў сродкамі індывідуальнай абароны, якія забяспечваюць бяспеку працы.

У новай рэдакцыі Закона Вызначаны парадак дзеянняў работніка. Калі ён адмаўляецца ад даручанай работы, абгрунтоўваючы небяспекай, то павінен адразу пісьмова паведаміць пра гэта працадаўцу ці ўпаўнаважанай службовай асобе. Абавязкова пазначыць матыў. Усю астатнюю работу падначалены мусіць выконваць.

Да таго ж, ад 25 студзеня абавязак наймальнікаў − не замінаць работнікам у іх праве на ахову працы.

Акрамя абавязкаў, працадаўца атрымаў дадатковыя правы для аховы працы. Артыкул 18 дазваляе працадаўцу праводзіць медыцынскі агляд, каб праверыць, ці знаходзіцца падначалены ў алкагалічным, наркатычным ці таксічным ап’яненні.

Медагляд робяць тады, калі дастаткова прычын лічыць, што падначалены ў стане ап’янення.

Вікторыя ПАЛЯШЧУК, памочнік пракурора Маладзечанскага раёна, юрыст 3 класа.