Пастаянная экспазіцыя ў гісторыка-краязнаўчым музеі Смаргоні запрацавала летась у ліпені. Але ці запатрабаваная яна? Наколькі адпавядае сучаснасці? Хто прыходзіць сюды знаёміцца з гісторыяй гэтага краю. Пра ўсё падчас размовы з дырэктаркай музея Любоўю Белуш.

– Нашы наведнікі самай рознай узроставай катэгорыі, але кожны знаходзіць тут штосьці цікавае для сябе, – распавядае спадарыня Любоў. – Як дарослыя, так і маленькія, якія толькі што хадзіць навучыліся. Апошнія ад нашага чучала мядзведзя ў неверагодным захапленні. Дай волю, то яны б, мабыць, і аблізалі яго.

Літаральна некалькі дзён таму прыйшла група дзяцей з рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лясная Паляна”, што на Смаргоншчыне. Выкладчыца, што прый­шла з групай, прывяла і сваё дзіця, якому два ці тры гады.

Хлопчык нічога не слухаў, яму нічога не было трэба, акрамя гэтага мядзведзя. Увесь час казаў сваёй маці: “Ідзі, падыдзі да мядзведзя, я пагляджу, як ты побач з ім глядзішся”.

Я і зараз яшчэ пад ўражаннем ад таго наведвання.

Мядзведзь мядзведзем, аднак адным ім задаволены не будзеш. Некаторыя наведнікі прыходзяць у музей і кажуць, што варта было б экспазіцыю дапрацаваць.

– Мы б і самі хацелі шмат што зрабіць інакш, – кажа Любоў Белуш. – Аднак экспазіцыю пачыналі распрацоўваць яшчэ дзесяць год таму. Натуральна, за гэты час з’явіліся новыя тэхналогіі. У нас яны проста былі непрадугледжаныя. Мы знойдзем на іх сродкі, будзем выкарыстоўваць. Прапановы ўлічвалі, асабліва ад спецыялістаў. Мы дадавалі апісанне да пэўных экспанатаў, калі дадаць яго раіў гісторык.

Вельмі шмат тых, каму штосьці дзесьці не падабаецца, бо ўсе лічаць сябе спецыялістамі. Аднойчы прыйшоў чалавек і кажа: “А навошта вы гэтую залу зрабілі? Чаму не зрабілі залу “Працоўнай славы”? А чаму так? Бо без яго партрэта ў такой зале не абыдзешся.

– Што сёння дадалі б да экспазіцыі?

– Інтэрактыўныя дошкі, спецыяльнае прыстасаванне, калі падыходзіш да экспаната, ціснеш кнопку і слухаеш яго апісанне, яго гісторыю. Калі да гэтага дадаецца яшчэ і аўдыё, і відэа. Гэта вельмі зручна. Асабліва калі ўлічыць, што наша экспазіцыя разнапланавая, у адной зале сабрана шмат тэм. Рабіць анатацыю? Але ў ёй мы не пакажам нават і сотай долі таго, што можна распавесці. Тады ў гэтым проста няма сэнсу. Пакуль што мы самі праводзім экскурсіі. Калі чалавек хоча пачуць штосьці асаблівае, то падчас размовы ён можа даведацца пра тое, што яго цікавіць. Мы ідзём насустрач нават тады, калі чалавек і не замаўляе экскурсію. Нельга сказаць, што мы ад гэтага нясём нейкія вялікія страты, бо размова з людзьмі заўсёды прыносіць штосьці добрае. Б

ывае падчас такой гутаркі людзі прапануюць перадаць музею свае экспанаты. Нядаўна да нас прыйшла жанчына, якая перадала нам новыя венскія крэслы, бо ў нас дагэтуль былі вельмі старыя. Некаторыя экспанаты хацелася б замяніць. Але ўсё ўпіраецца ў фінансы. Усё гэта мы будзем рабіць за грошы, якія самі заробім.

Плануюць адкрыць новую залу

Цяпер музей збіраецца адкрыць новую залу народнай творчасці. Яе будуць выкарыстоўваць і для продажу сувенірнай прадукцыі. Памяшканне ўжо адрамантаванае, мэбля закупленая. Засталося знайсці грошы на набыццё галерэйнай сістэмы.

– А далей і за месяц усё зробім. Шкада ж, што такая плошча прападае. Ёсць людзі, якіх “хэнд-мэйд” сапраўды зацікавіць. Будуць і замежнікі ездзіць да нас па Першай сусветнай вайне. Мяркуем, ім таксама наша народная творчасць будзе цікавая.

Што наведваюць у раёне турысты

– Часцей за ўсё любяць наведваць Кушляны, дзе месціцца музей-сядзіба Францішка Багушэвіча, – дадае спадарыня Любоў. – Таксама Крэўскі замак, Увядзенскі жаночы манастыр у Багушах. Па дарозе шмат дотаў: і нямецкіх, і рускіх. Заязджаюць у былы Езуіцкі калегіум у Жодзішках, сёння гэта псіхіятрычная бальніца. Касцёлы ў Жодзішках,  Солах. Асобны пункт – Залессе, дзе цудоўны парк, сядзіба Агінскага…

Як музей ратаваў кошку

Любоў Белуш, дырэктарка Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Любоў Белуш, дырэктарка Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Як аказалася, у музеі клапоцяцца не толькі пра людзей, але і пра катоў. Вось якая гісторыя тут не так даўно адбылася.

Будынак музея аднапавярховы. І пад акном кабінета дырэктаркі ёсць труба.

– З той трубы раптам пачало даносіцца жаласлівае кацінае мяўканне, – распавядае спадарыня Любоў. – Дзень, другі, трэці – не змаўкае. Адкуль гэты кот і чаго ён там мяўкае, незразумела. Цэлымі днямі не сціхае, ужо проста немагчыма вытрымліваць. Вырашылі, што ў гэтую трубу ён зваліўся і не можа  выбрацца. Спрабавалі дастаць, але труба маленькая, не атрымалася. Выклікалі МНС.

А пад нашым будынкам унізе знаходзіцца ЖРЭС. Хлопцы, што там працуюць, спецыяльна не пайшлі дахаты, рабілі стаўкі, ці прыедзе МНС.

Я кажу: “Прыедуць. Начальніка ведаю, там хлопцы адказныя”. Прыехалі, выцягвалі ўсяк-усяляк. Не выцягнулі. На наступны дзень ён усё яшчэ раве. Мы яму то кілбасы кінем, то яшчэ чаго. Ну, думаем, добра, што ж рабіць, пакутуе ён, бедны. Ужо думалі, можа ветэрынара выклікаць, каб якой атруты даў і каб кот больш не пакутаваў.

А потым высветлілася, што там не тупік. Некалі праз люк ён забраўся ў цеплатрасу і лазіў па трубах. І не было як выйсці. Вось і падыходзіў сюды, бо святло дзённае бачыў. З цеплатрасы мы з хлопцамі са ЖРЭСа потым яшчэ паўдня яго даставалі. Атрымалася. Аказалася, гэта кошка. Яе нават да сябе забрала адна з супрацоўніц ЖРЭСа.